Вялікі навагодні Баль сабраў гасцей у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі. Гэта той чароўны момант, калі тэатр працуе ўсю ноч з 13 на 14 студзеня.
Ахвотныя патанцаваць на балі адмыслова за некалькі месяцаў пачалі рыхтавацца і вучыць розныя танцы – вальс, паланец, польку… А перад гасцямі дэманстравалі арганічнасць рухаў на рускім балі. І падчас вечарыны ладзіўся майстар-клас, дзе артысты тэатра захапілі ў палон танцаў гасцей, якія пакуль прыглядаліся да тых, хто прыйшоў на баль танцаваць. Зрэшты, у тэатры ўлічваюць розныя цікавасці гасцей і ў гэтую ноч была магчымасць паўдзельнічаць у квэсце, наведаць музычную гасцёўню і нават астралагічны салон.
Наступленне новага дня – у 00.00 гадзін – заспела гасцей у вялікай зале тэатра, дзе адбываўся канцэрт-сюрпрыз: такіх жартаўлівых нумароў, арагінальных дуэтаў і сола, нечаканых спеваў і танцаў цягам году ў тэатры не ўбачыш - нават любімыя артысты раскрываюцца з нечаканага боку. Лепшых артыстаў тэатра – оперы і балета, хора і аркестра – адзначылі штогадовай прэміяй, якая ўручаецца ў партнёрстве з BSB-банкам. Каго адзначылі па выніках 2017 года - пра гэта чытайце ў бліжэйшых нумарах газет “Звязда” і “Літаратура і мастацтва”.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ
Што за таемнымі дзвярыма?