Вы тут

З'явіўся сайт, які дапаможа фінансаваму аздараўленню прадпрыемстваў


Паводле звестак Белстата, да канца 2016 года сукупная крэдыторская запазычанасць айчынных прадпрыемстваў склала каля 39,6 мільярда рублёў, а дэбіторская знаходзіцца на ўзроўні 29,9 мільярда рублёў. У сваю чаргу, пратэрмінаваныя крэдыторскія і дэбіторскія запазычанасці, якія практычна роўныя, складаюць каля 6,85 мільярда рублёў. Досыць круглая сума ляжыць мёртвым грузам у бухгалтарскіх справаздачах і не працуе ў эканоміцы. Але ўжо з'явіўся новы падыход, які дазволіць разабрацца з даўгавымі ланцужкамі. Унікальная інтэрнэт-платформа dоlgоvnеt.bу, якая можа стварыць умовы для фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў, ужо ў працы. Карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з адным са стваральнікаў прарыўнога праекта Ігарам Мацкевічам, які і расказаў сутнасць яго дзеяння.


Антыпазыковы алгарытм

Працаваць па-старому ў эру лічбавых тэхналогій азначае безнадзейна адстаць ад усяго свету. Многія гэта бачаць, але не ўсе разумеюць, як рэалізаваць. У краіне ёсць і тыя людзі, якія глядзяць на свет з іншага ракурсу і бачаць часам тое, што не ўсім даступна. Стваральнікі рэсурсу dоlgоvnеt.bу пабудавалі тую сістэму, якая выдатна можа справіцца з даўгавымі праблемамі нашых прадпрыемстваў. Менавіта таму прадстаўнікі дзяржаўных структур ужо далі станоўчую ацэнку праекту, бо аналагаў рэсурсу сёння ні ў дзяржаве, ні ў блізкім замежжы няма. Як расказаў Ігар Мацкевіч, уся справа ва ўнікальным алгарытме, з дапамогай якога працуе сайт, — у прамым сэнсе новае тэхналагічнае рашэнне. Інтэрнэт-платформа будзе спрыяць таму, каб прадпрыемства хутчэй разлічвалася з даўгамі і думала пра развіццё, мадэрнізацыю, прыцягненне высокакваліфікаваных спецыялістаў. «Для прыватных і дзяржаўных кампаній не трэба будзе нават разглядаць варыянт, пры якім несвоечасова выплачваць даўгі выгадна. Бо некаторыя за кошт інфляцыйных і дэвальвацыйных працэсаў змяншалі колькасць тых грошай, якія трэба вярнуць. Гэта становіцца менш актуальным сёння. Суб'екты гаспадарання ўсё больш зацікаўлены ў хуткім разліку з даўгамі і аздараўленні свайго фінансавага стану», — тлумачыць Ігар Мацкевіч.

Паводле яго слоў, дадзены рэсурс з'яўляецца лагічным працягам таго, у чым маюць патрэбу шматлікія буйныя кампаніі ў краіне. «На пачатковай стадыі распрацоўкі мы кансультаваліся з Міністэрствам па падатках і зборах, з Нацыянальным банкам. Мы дэманстравалі свае ідэі і атрымалі станоўчы водгук. Работа рэсурсу ўпісваецца ва ўсе заканадаўчыя рамкі, а па частцы біржы па продажы даўгоў ён нават з'яўляецца практычнай рэалізацыяй Указа Прэзідэнта № 154 «Аб фінансаванні камерцыйных арганізацый пад уступку правоў (патрабаванняў)», — дадаў Ігар Мацкевіч.

Як гэта працуе?

Прынцып работы рэсурсу заключаецца ў тым, што пасля рэгістрацыі на сайце dоlgоvnеt.bу карыстальнік (гэта можа рабіць як юрыдычная, так і фізічная асоба) размяшчае інфармацыю аб сваёй крэдыторскай або дэбіторскай запазычанасці. Далей на сайце апрацоўваюцца мільёны такіх запісаў у наяўнай базе даных і фарміруюцца замкнёныя ланцужкі з усіх блізкіх крэдытораў і даўжнікоў. Калі ўсе ўдзельнікі ланцужка бачаць адзін аднаго, становіцца больш зразумела, «хто, каму і колькі». Такая інфармацыя можа быць выкарыстана для спісання доўгу без прыцягнення дадатковага фінансавання. Акрамя таго, у прадпрыемстваў з'яўляецца магчымасць прадаць дэбіторскі доўг і атрымаць за яго рэальныя грошы, каб пусціць іх у абарот.

«Матэматычны алгарытм, які ляжыць у аснове работы рэсурсу, дазволіць пазбавіць беларускія кампаніі ад лішніх і затратных судовых разбораў. Варта адзначыць, што аналагічная практыка праводзілася яшчэ ў часы СССР у выглядзе усесаюзных залікаў міністэрствамі і буйнымі трэстамі. Але там усё рабілі ўручную. У нас дастаткова зрабіць пару клікаў», — расказаў распрацоўшчык праекта.

Пасля таго як бакі знайшлі агульны інтарэс у тым, каб вырашыць свае пытанні, за працу бяруцца юрысты. «Нам удалося аўтаматызаваць практычна ўсё, акрамя юрыдычнай падтрымкі, якая ў такіх аперацыях мае вялікае значэнне», — адзначыў Ігар Мацкевіч. Але, па яго словах, гэта таксама цалкам рэальная задача. У сувязі з гэтым праекту трэба трапіць пад праграму Парка высокіх тэхналогій. Так працу юрыстаў змогуць замяніць смарт-кантактамі, працэс перадачы доўгу — токенамі. Усё гэта яшчэ больш аптымізуе працу з рэсурсам.

Стваральнікі сайта не плануюць спыняцца на рабоце толькі ў Беларусі. У іх планах таксама выйсці на рынкі постсавецкай прасторы, дзе існуюць праблемы неплацяжоў. Нізкі кошт сэрвісу, які разлічваецца па адзіным тарыфе для ўсіх і дзе кліент плаціць толькі за атрыманне канкрэтнай інфармацыі аб крэдыторах, прадаўцах даўгоў, павінен зацікавіць многіх. Акрамя таго, праца ў рэсурсе не нясе ніякіх рызык. А вось карысць істотная: уласнік можа аб'ектыўна ацэньваць фінансавыя вынікі гаспадарчай дзейнасці. «Мы ўжо працуем над тым, каб укараніць сістэму ацэнкі ліквіднасці даўгоў, — гаворыць Ігар Мацкевіч. — Гэта дазволіць фармаваць рэйтынгі, што паспрыяе разуменню свайго фінансавага становішча».

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Інтэрнэт-рэсурс супраць даўгоў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.