Вы тут

Чым адрозніваюцца шкло і шыба?


«У нашай мове ёсць словы дарадчык, дарадца і саветнік, ёсць шкло і шыба. Што ў іх агульнага і ў чым розніца? У якіх выпадках кожнае з іх ужываецца?» — пытае спадарыня Наталля Бародзіч.

Яна ж цікавіцца, як перакласці на беларускую мову рускае всем миром.

На моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.


1. Дарадчык — нейтральнае слова, якое можна ўжываць у большасці выпадкаў, калі мы гаворым пра тых, хто нешта некаму раіць (радзіць): злосць — кепскі дарадчык.

Саветнік — гэта назва пасады ў некаторых установах, а таксама чалавека, які такую пасаду займае: галоўны саветнік старшыні праўлення Нацбанка.

Слова дарадца (як і дарадчык) абазначае таго, хто нешта раіць, але, паводле слоўнікаў, мае адценне размоўнасці: бачылі мы такіх дарадцаў. Бач ты яго, Глянцпаперчыка: знайшоўся ён мне дарадчыкам! (Сакрат Яновіч. «Сцяна»).

2. Розніца паміж шклом і шыбай ёсць, яна вельмі простая, хоць часта пра яе забываюцца. Першым словам мы называем сам матэрыял, вырабы з якога штодзённа сустракаем у жыцці. Другім — кавалак шкла, устаўлены ў аконную раму. А таму правільна і казаць, і пісаць праз шыбы цадзілася ранішняе святло; разбілі шыбы мячом... (Іх пасля гэтага трэба зашкліць — прымацаваць, уставіць шкло, якое і будзе шыбай.)

3. Што да апошняга пытання... У беларускай мове выкарыстоўваецца выраз усім мірам. Так усходнія славяне называлі сельскую грамаду. Руска-беларускі слоўнік рэкамендуе перадаваць всем миром праз усёй грамадой. Аднак такі варыянт не трапіў у аднамоўны «Слоўнік фразеалагізмаў» Івана Лепешава (2008) — найбольш поўны даведнік па фразеалогіі сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Таму правільным трэба лічыць менавіта варыянт усім мірам.

Такое ж паходжанне мае і элемент прыказкі з міру па нітцы — голаму сарочка (кашуля).

У абарону слоў

Днямі ў сеціве давялося прачытаць, што слова «скупы» — відавочны русізм...

На жаль, той, хто гэта сцвярджае, вельмі памыляецца. Вядома, у нашай мове ёсць сінонімы: прагны, прагавіты, хцівы, сквапны. Але і скупога, як той казаў, ніхто не адмяняў.

Калі зазірнуць у «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», то мы ўбачым, што скупы — агульнаславянскае слова. Яго адпаведнікі ёсць ва ўкраінскай, польскай, чэшскай і іншых мовах. Да таго ж у беларускай яно стаіць не адасоблена. Мы маем, напрыклад, прыказкі скупы і з камара кроў высмакча; скупы двойчы плоціць, а дурны двойчы ходзіць; скупы скупуе, а чорт дзірку гатуе... А таксама шмат слоў розных часцін мовы: скупіцца, скупасць, скупа, скупеча, скупянда, скупенда. Таму скупога чалавека, можа, і варта асцерагацца, а вось самога слова — не.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.