Забег адважных, музей на возе і маляўнічы салют
Традыцыйна 9 мая ўвесь Мінск ператвараецца ў адзіную святочную пляцоўку. Маштабныя мерапрыемствы прайшлі не толькі ў цэнтры горада, але і ва ўсіх раёнах сталіцы. Афіцыйным стартам святкавання стала правядзенне на плошчы Перамогі Рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае», якая суправаджалася ўскладаннем вянкоў да манумента Перамогі.
З віншаваннем да ветэранаў і ўсіх жыхароў сталіцы звярнуліся старшыня Мінскага гарвыканкама Андрэй Шорац і старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Васіль Панасюк:
— Сёння Дзень Перамогі сустракаюць каля трох тысяч мінчан — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікоў тылу. Мы ганарымся вамі, дарагія ветэраны. Дзякуй вам за мірнае неба, за свабодную краіну!
Больш за ўсё мінчан і гасцей сталіцы ў гэты святочны дзень сабрала плошча Перамогі, як у час дзённай праграмы, так і ўвечары падчас канцэрта «Плошча Перамогі — 2018», пляцоўка каля Палаца спорту і Верхні горад. Яшчэ адным месцам прыцягнення стаў музейна-паркавы комплекс «Перамога». Менавіта тут прайшоў прыгодніцкі старт, паўдзельнічаць у якім прыехалі паўтары тысячы спартсменаў з усёй Беларусі, — «Забег адважных».
Нестандартнае мерапрыемства прайшло ў сталічным заапарку. Тут можна было ўбачыць «Музей на возе» з экспанатамі ваенных гадоў, пабываць у імправізаваным кінатэатры таго часу, а таксама даведацца пра лёс жыхароў заапаркаў у гады Другой сусветнай вайны.
Завяршылася свята маляўнічым салютам з 30 залпаў, які далі з пяці месцаў, таму ўбачыць яго можна было ва ўсіх кутках горада.
Успомніць вайну, каб больш цаніць мір
У Брэсцкай крэпасці плошча Цырыманіялаў была запоўнена тысячамі гараджан. На самым ганаровым месцы размясціліся ветэраны. Да іх звярнуўся ў прамове старшыня аблвыканкама Анатоль ЛІС, ад імя ўсіх прысутных падзякаваў ім за Перамогу.
— Менавіта тут, каля сцен Брэсцкай крэпасці, вораг убачыў неверагодную сілу духу, гатоўнасць людзей адстойваць кожны метр сваёй Айчыны цаной уласнага жыцця, — адзначыў кіраўнік вобласці. — І сёння, калі на планеце неспакойна, мы асабліва разумеем значэнне міру на роднай зямлі.
На Брэстчыне засталося крыху больш за тысячу ветэранаў Вялікай Айчыннай. Але эфект іх прысутнасці ствараўся ўдзельнікамі акцыі пад назвай «Беларусь памятае», якую правялі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, ветэранаў, моладзі.
Справе памяці і міру быў прысвечаны парад яхтаў, які прайшоў на рацэ Мухавец у раёне гарадской набярэжнай. Водны паход стартаваў у Пінску яшчэ 1 мая. За гэтыя дні ўдзельнікі паходу пераадолелі па Дняпроўска-Бугскім канале маршрут Пінск—Кобрын—Жабінка—Брэст. Па ходзе ўдзельнікі акцыі прычальвалі ў гарадах і вёсках, ускладалі вянкі да помнікаў падзеям вайны, сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, расказвалі аб сваёй ганаровай місіі.
Парад найноўшай ваеннай тэхнікі
Сёлета ў Мінскай вобласці быў зменены фармат святкавання Дня Перамогі. Мінулыя гады ўшанаванне ветэранаў традыцыйна праходзіла каля Кургана Славы. Гэтым разам госці, жыхары рэгіёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, улады сабраліся ў Барысаве. Да помніка «Ахвярам фашызму» ўсклалі кветкі старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, а таксама старшыні ўсіх райвыканкамаў і Жодзінскага гарвыканкама. «Мабыць, няма чалавека, якога б не закранула вайна. Мой дзед таксама загінуў у гады Вялікай Айчыннай. І кожная сям'я страціла кагосьці ў страшнай і жорсткай вайне. Таму гэтае свята, як пяецца ў песні, са слязамі на вачах. Тут перапляліся і радасць, і боль, і горыч. І адначасова — гонар за нашых ветэранаў, краіну, людзей. На жаль, ветэранаў становіцца ўсё менш. Наша задача, каб абаронцы Айчыны жылі дастойна, радаваліся сваім родным і блізкім, ганарымся дасягненнямі сваёй дзяржавы», — адзначыў Анатоль Ісачанка.
Удзельнікі свята змаглі ўбачыць узоры найноўшай ваеннай тэхнікі, што стаіць на ўзбраенні розных родаў войскаў, якая парадам прайшла па вуліцах Барысава.
Салдацкая каша і паветраныя пасажы
Святкаванне Дня Вялікай Перамогі пачалося ў Магілёве з традыцыйнага ўскладання вянкоў і кветак да мемарыяла на сімвалічным Буйніцкім полі і шэсця-парада па вуліцы Першамайскай. Ветэранаў, якія павольна ехалі ў спецыяльных аўто, сустракалі кветкамі і прывітальнымі воклічамі. Яшчэ большымі сталі шэрагі ўдзельнікаў акцыі «Беларусь памятае», што пранеслі ў руках фота сваіх загінулых на фронце блізкіх або ветэранаў вайны, якія ўжо пайшлі з жыцця. Святочны мітынг прайшоў на плошчы Леніна.
— Нізкі вам паклон, працаўнікі тылу, лозунг «Усё для фронту, усё для Перамогі!» стаў для вас сэнсам жыцця. Паважаныя ветэраны, вы навекі праславілі Прыдняпроўскі край, родную Беларусь, — звярнуўся да прысутных старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі. У гэты ж дзень губернатар завітаў у шпіталь ветэранаў, каб павіншаваць са святам тых, хто не змог асабіста прыняць удзел у мерапрыемстве.
Асаблівасцю сёлетняга свята стала шоу самалётаў, якое прайшло над цэнтрам горада. Адчуць атмасферу свята дапамагалі канцэрты, кінапаказы, пункты з салдацкай кашай у розных кутках горада. Калі сцямнела, неба над мірным Дняпром расквецілі рознакаляровыя агеньчыкі святочнага салюту.
Ветэраны з-за мяжы і фэст славянскіх адзінаборстваў
У Гродне разам з беларускімі ветэранамі ў святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел і абаронцы са славацкага горада-пабраціма.
Члены клубаў ветэранаў і ваенных дэсантнікаў з горада Жыліна, што на поўначы Славакіі, усклалі кветкі да Вечнага агню ў гарадскім парку імя Жылібера. Госці з горада-пабраціма расказалі, што яны даглядаюць магілу савецкіх салдат у сваім горадзе.
Урачыстасці ў гонар Перамогі на Кургане Славы пачаліся некалькі дзён таму. Тут прайшоў маладзёжны фестываль «Я патрыёт сваёй краіны», міжнародны фэст славянскіх баявых адзінаборстваў і пасадка алеі ў межах праекта «Бэз Перамогі — Сад Міру». А 9 мая тут прайшоў парад войскаў Гродзенскага гарнізона, паказальныя выступленні войскаў Заходняга аператыўнага камандавання на тэрыторыі «Рубеж імя Карбышава». Швейцарская даліна ў цэнтры горада нагадвала партызанскі край. А за дзень да свята ўшанавалі памяць двух гродзенскіх падпольшчыкаў Васіля Разанава і Мікалая Галубовіча, на іх магіле ўстанавілі новы гранітны помнік.
Асноўны лейтматыў свята — гэта, вядома, падзяка ветэранам. Яе выказвалі і падчас сустрэчы ўдзельнікаў ваенных падзей з абласнымі ўладамі. Старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў падзякаваў ветэранам за тое, што яны і зараз у страі, працягваюць удзельнічаць у грамадскім жыцці. А іх подзвіг — прыклад таго, як важна цаніць і берагчы мір і свабоду.
Парад пераможцаў і вяслярская рэгата
У Дзень Перамогі па вуліцы Савецкай прайшоў Парад пераможцаў. Ва ўрачыстым шэсці ўдзельнічалі ветэраны вайны, працы і Узброеных Сіл, кіраўніцтва вобласці і горада і грамадскасць...
Напярэдадні паўсюдна адбыліся мітынгі і ўскладанне кветак да помнікаў і магіл савецкіх салдат. На ўрачыстым сходзе, прысвечаным святу, усіх павіншаваў старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. Ён адзначыў, што ў перамогу над ворагам неацэнны ўнёсак зрабіў і паўднёва-ўсходні рэгіён Беларусі.
25 тысяч гамяльчан і гасцей горада прынялі сёлета ўдзел у святочным шэсці «Парад пераможцаў» у Гомелі. На плошчы Працы каля Вечнага агню адбыўся ўрачысты мітынг. Яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі да мемарыяла, ушанавалі хвілінай маўчання памяць герояў, што загінулі за Радзіму. Урачыстым маршам прайшлі воінскія падраздзяленні.
У святочнай праграме мерапрыемстваў — выступленні найлепшых творчых калектываў, тэматычныя акцыі, выставы, конкурсы, прэзентацыі, канцэртныя і спартыўныя праграмы. Панарама нацыянальных кухняў, выстава ваеннай рэтратэхнікі, салдацкая каша, гісторыка-мастацкая рэканструкцыя бою, паказы мод, фестываль водных ліхтарыкаў, ваенна-спартыўны турнір, вяслярная рэгата і выстава ваеннай тэхнікі — гэта ды многае іншае можна было пабачыць падчас святкаванняў у Гомелі. Яркім фіналам стаў салют і феерверкі з чатырох пунктаў горада над Сожам.
«Курс маладога байца» і фэст паветраных змеяў
9 мая на плошчы Перамогі ў абласным цэнтры старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў выказаў шмат цёплых слоў у адрас ветэранаў.
Віншуючы землякоў са святам, ён нагадаў, што больш за 120 тысяч жыхароў Віцебшчыны ваявалі на франтах вайны, 127 — сталі Героямі Савецкага Саюза.
Самымі яскравымі момантамі святкавання ў абласным цэнтры сталі марш з удзелам ваеннаслужачых і кадэтаў, палёт верталёта найстарэйшага аэраклуба СНД, паказальныя выступленні парашутыстаў...
Шмат цікавых падзей прайшло ў райцэнтрах. Напрыклад, у Оршы правялі фэст паветраных змеяў, кірмаш з удзелам народных умельцаў. У Чашніках нават першакласнікі змаглі паўдзельнічаць у квэсце «Курс маладога байца». Ва Ушачах, так бы мовіць, было цесна на падворках сельсаветаў. У Шуміліне можна было паказаць клас у падняцці гіры, армрэслінгу, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дартсе.
Святкаванне доўжылася да ночы.
Дар'я КАСКО, Святлана ЯСКЕВІЧ, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Нэлі ЗІГУЛЯ, Маргарыта УШКЕВІЧ, Ірына АСТАШКЕВІЧ, Аляксандр ПУКШАНСКІ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.