Вы тут

Як правільна саджаць азімы часнок


Вось і надышоў час пасадкі азімага часнаку і азімай цыбулі! Найлепшы час для пасадкі азімага часнаку сёлета — перыяд з 5 да 10 кастрычніка. Галоўнае тут не перастарацца: не пасадзіць азімы часнок занадта рана або занадта позна. Наша штогадовая практыка і ўраджай гэтай культуры, які мы здымаем, гавораць пра тое, што трэба высаджваць азімы часнок бліжэй да сярэдзіны восені — гэта якраз аптымальны час.

А ў канцы верасня трэба ўскапаць і падрыхтаваць градкі пад пасадку, каб грунт злёгку зацвярдзеў. Строгага рэгламенту па тэрмінах пасадкі азімых часнаку і цыбулі не існуе. Тут галоўнае, каб пасля пасадкі быў час зубчыкам часнаку і галоўкам цыбулі ўмацавацца і ўкараніцца да наступлення замаразкаў або падмярзання глебы. Азімую цыбулю мы заўсёды высаджваем на тыдзень пазней, а часнок, адпаведна, на тыдзень раней.

  • Часцяком дачнікі скардзяцца, што, нягледзячы на ўсе намаганні, азімы часнок вырастае не зусім буйны. Чаму? Таму што многія праблемы і пралікі закладваюцца яшчэ падчас пасадкі.
  • Непажаданыя як вельмі ранняя, так і занадта позняя пасадкі азімага часнаку. Вопытныя дачнікі высаджваюць зубкі за 30—35 дзён да наступлення халадоў.
  • Вялікія галоўкі часнаку вырастаюць з самых буйных зубкоў. Значыць, пасадачны матэрыял павінен быць адборны.
  • Многія дачнікі высаджваюць азімы часнок занадта блізка ад паверхні глебы або, наадварот, вельмі заглыбляюць яго. Глыбіня пасадкі (калі лічыць ад вяршыні зубка да паверхні глебы) павінна складаць каля 5 см. Потым на зіму гэты часнок трэба яшчэ ўкрыць лістотай.
  • Каб атрымаць буйныя часночыны падчас здыму ўраджаю, важна акуратна замульчыраваць яго пасадкі да наступлення замаразкаў або халадоў. Іх трэба прыкрыць рыхлым і сухім торфам або добра выспелым кампостам, але толькі тады ўкрываць, калі злёгку падмерзне глеба на градцы. Недзе ў сярэдзіне лістапада ці крыху пазней мы будзем укрываць свой азімы часнок і цыбулю з разліку 5 кг торфу на 1 м плошчы градкі. Рабіць гэта трэба своечасова!
  • Здараецца, што рана пасаджаны пад зіму часнок пачынае прарастаць да пачатку ўстойлівых халадоў. Панікаваць у такім выпадку не варта! У пачатку снежня, а магчыма, і трохі раней, трэба будзе замульчыраваць пасадкі лісцем або лёгкім яловым лапнікам. У гэтай справе важна «абараніць» пункт росту кожнага зубчыка.
  • Атрымаць буйныя галоўкі (пры гэтым без праполкі і рыхлення глебы) можна, калі паспрабаваць такі спосаб пасадкі. Бяром некалькі газет, кожную камячым і мочым у вадзе, потым адціскаем і акуратна раскладваем — плоска — па градцы пасадкі. Палажыўшы такім чынам 3-5 слаёў змочаных газет, нажніцамі робім адтуліны для кожнага зубчыка. Вось у іх, у гэтыя адтуліны, мы і высаджваем зубкі часнаку! Потым па газетах або паперы можна будзе прысыпаць іх апалай лістотай, а зверху яшчэ і сухім лёгкім торфам.

Для маладасведчаных дачнікаў падкажу, як адрозніць азімы часнок ад яравога. Азімы часнок мае аднолькавыя буйныя зубкі, якія раўнамерна размеркаваны вакол сцябла. У яравога часнаку зубчыкі дробныя і размяшчаюцца ў хаатычным парадку. Калі вы пераблытаеце і пасадзіце на зіму яравы часнок, то ён проста павымярзае!

Яўген Салановіч, дачнік са шматгадовым вопытам

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.