Вы тут

20 студзеня тэлеканал АНТ пакажа старую добрую камедыю «Па запалкі»


40 гадоў таму на «Масфільм» прыйшоў загад, што называецца, з самага верху: зняць разам з фінскімі калегамі поўнаметражную мастацкую кінастужку. Фіны прапанавалі экранізаваць аповесць «Па запалкі», напісаную фінскім жа класікам Альготам Унтолам у 1910 годзе пад жаночым псеўданімам Маю Ласіла.


...Жонка Анці Іхалайнена адправіла мужа да суседа папрасіць запалак, якія раптам скончыліся, а таму немагчыма зварыць любімай кавы. Гісторыя на тым і завяршылася б, каб Анці не сустрэў па дарозе старога прыяцеля Юсі Ватанена ды не пачаў сватаць за яго суседскую дачку. Ушчэнт забыўшыся на запалкі, сябрукі паехалі ў горад купляць падарункі нявесце ды цесцю, незаўважна парушылі 10-гадовы зарок не ўжываць спіртнога і пад хмяльком пажартавалі, сказаўшы вядомаму на ўсю ваколіцу плеткару, нібыта едуць у Амерыку, — і гэтая пагалоска хутка дайшла да жонкі Іхалайнена, якая ўжо хвалявалася, дзе муж і дзе, уласна, запалкі. Далей перамяшаліся адметныя рысы нацыянальнага характару, нецвярозыя прыгоды, камедыя палажэнняў, карацей, — усе складнікі добрай і забаўнай гісторыі з хэпі-эндам.

Суайчыннікі фінскага класіка экранізавалі аповесць «Па запалкі» ў 1938-м, з 1951 года яе ведалі савецкія грамадзяне — у перакладзе пісьменніка-сатырыка Міхаіла Зошчанкі. Для сумеснага праекта вырашылі падзяліць ролі — не па-братэрску, а пароўну — паміж фінскімі і савецкімі акцёрамі, а таксама прызначыць па адным рэжысёру з кожнага боку. Ад СССР у працу ўключыўся Леанід Гайдай, якому вельмі спадабаўся сюжэт будучай карціны. Фінляндыю ж прадставіў гендырэктар «Суомі-філм» Рысто Орка, для якога гэта работа стала апошняй.

«Суомі-філм» абавязаўся аснасціць здымачную групу якаснай апаратурай, уключаючы аператарскі аўтамабіль, кран, пераносныя запісвальныя прыборы. Нават касцюмы для сваіх акцёраў фіны шылі самі. Тым больш дзіўна, што падчас перагавораў «Масфільм» дамогся колькаснай перавагі — цэнтральныя мужчынскія ролі атрымалі савецкія акцёры, а фінскім дасталіся дзве жаночыя ролі (іх выканалі Рыта Полстэр і Рытва Валкама) і ўсе эпізоды. Так, ролю Іхалайнена сыграў Яўген Лявонаў, на ролю Ватанена праходзілі пробы Данатас Баніёніс, Леанід Кураўлёў — а атрымаў Вячаслаў Нявінны. Шаўца Кенанена, закаханага ў жонку галоўнага героя, маглі сыграць Уладзімір Басаў, Барыслаў Брандукоў, Ралан Быкаў, Георгій Буркоў і Ігар Ясуловіч, але пашанцавала Георгію Віцыну, якога, зрэшты, сцэнарна-рэдакцыйная калегія ўпікала ў празмернай эксцэнтрычнасці. У іншых ролях адзначыліся Галіна Польскіх, Ніна Грабяшкова, Леанід Кураўлёў, Міхаіл Пугаўкін і Сяргей Філіпаў, тэст за кадрам чытаў Аляксандр Шырвінт.

Здымкі праходзілі ў павільёнах «Масфільма» і ў фінскім горадзе Порваа, брукаваныя вуліцы і драўляныя домікі якога сталі выдатнымі дэкарацыямі для «шумнага, мітуслівага і загадкавага» кінагорада Ёкі.

Стужка выйшла праз год, акурат да 25-годдзя асаблівых стасункаў СССР і Фінляндыі, у двух варыянтах: фінскім і рускім — прычым другі карацейшы, затое ў ім гучаць арыгінальныя песні, напісаныя Аляксандрам Зацэпіным і Юрыем Энціным — «Чёрт-те что и сбоку бантик», напрыклад, спяваюць самі акцёры Вячаслаў Нявінны і Яўген Лявонаў, а «Як добра ўзняцца ў аблокі» гучыць у выкананні Іосіфа Кабзона.

У савецкім кінапракаце 1980-га фільм заняў 11-е месца па наведвальнасці: яго паглядзелі звыш 34 мільёнаў чалавек. А фінскім гледачам і крытыкам так спадабаўся Яўген Лявонаў, што яго абралі ганаровым удзельнікам Тэатральнага таварыства Фінляндыі!

Нават праз 40 гадоў старая добрая камедыя «Па запалкі» не спісаная ў запас — 20 студзеня яе пакажа тэлеканал АНТ.


Сказана!

«Адкуль у цябе гэтае парася? — Ад свінні».

«Некалькі глыткоў не ператвораць разумнага чалавека ў дурня».

«Гэта ж лішняя раскоша — трымаць ложак паўпустым. — Ды не, лепш няхай ложак будзе паўпустым, чым запаўняць яго ўсякай набраддзю».

«Наконт штаноў я здорава знакаміты!»

«Сам утапіўся ў моры, а сам жыць працягваеш...»

Загаловак у газеце: Запалкі заказвалі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.