Вы тут

Лёля Багдановіч. Кухарка Зоська


Даўно гэта было. Жыла ў адной вёсцы сіротка Зоська. І рысамі твару прыгожая, і постаццю стройная. І душою багатая, і сэрцам пяшчотная. Ніводнага чалавека не было ў вёсцы, якому б яна не дапамагла. Каму вядзерца вады прынясе. Каму пустазелле парве на градах. Каму вуліцу падмяце. Любілі дзяўчынку аднавяскоўцы, і кожны жадаў ёй добрай долі.

Аднаго разу сярод ночы падалося Зосьцы, што нехта кліча яе:

— Слухай, дзіцятка, што я табе зараз скажу! — расплюшчыла яна вочкі, а перад ёю жанчына нейкая стаіць. — Не бойся мяне, — гаворыць. — Залатая душа ў цябе. Таму і хачу ўзнагародзіць за ўчынкі твае добрыя. Заўтра раненька ўстань, пакладзі ў торбачку моркву, малачка бутэльку, хлеба лустачку і люстэрка матчына маленькае, што на паліцы ляжыць, ды адпраўляйся ў суседнюю вёску да цёткі Тэклі.

— А дзе яна жыве? — ледзь чутна прашаптала дзяўчо.

— Спытаеш у любога. Яе там і старыя, і малыя ведаюць. На ўсю ваколіцу найвыдатнейшая кухарка. Аддасі ёй вось гэту стужачку чырвоную. Яна цябе і навучыць поварскім прамудрасцям. У жыцці спатрэбіцца. Як будзеш праз лес ісці, выскачыць зайчык з-за куста. Аддасі яму морквачку. Вожычка малачком пачастуй. Люстэрка вавёрачцы аддай. Ой, і любіць яна перад ім круціцца! Яны табе дарогу і пакажуць.

Сказала так жанчына і прапала. Лыпае спрасонку вочкамі Зоська — ці то прыснілася ёй, ці на самай справе было? Аднак не развіднела яшчэ, а яна ўжо ў дарозе. Бяжыць праз лес, а насустрач ёй зайчык. Накарміла яго Зоська морквай ды пабегла ў той бок, куды ён паказаў. Адкуль ні вазьміся вожычак выкаціўся. Наліла дзяўчынка яму малачка ў сподачак, пастаяла некалькі хвілінак ды паімчала ў патрэбны бок. А тут вавёрачка. Саскочыла з елкі з арэшкам, а Зоська ёй люстэрка ўзамен. Паскакала рыжанькая паперадзе. Дзяўчынка за ёю. Нарэшце прыйшла ў вёску. Знайшла цётку Тэклю і стужачку аддала. Пачала вучыць яе Тэкля ўсяму, што сама ведала. А дзяўчынка надзіва здольная аказалася. Праз якія месяцы тры яна ўжо не толькі супы і кашы гатавала, а і верашчаку, зразы, біткі, поліўку, юшку, зацірку, студзень, мачанку, дранікі. Адным словам, усе стравы беларускай кухні. І пайшла слава пра кухарку Зоську далёка за межы вёскі. Прачуў пра яе малады паніч. Прыехаў, каб узяць на службу. Ды, убачыўшы прыгажуню, адразу ж закахаўся. Згулялі яны вяселле. І зажылі дружна і весела. Вось так, мае маленькія, дзякуючы дабрыні і старанню ўдала склаўся лёс сірацінкі Зоські.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.