Вы тут

Унікальны праект «12 артэфактаў» падрыхтаваны да юбілею Брэста


Унікальны культурны праект да юбілею горада ажыццяўляе Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. Кожны месяц на працягу тыдня выстаўляецца для экспанавання адзін музейны прадмет, звязаны з гісторыяй горада. Гэта найбольш каштоўныя артэфакты з калекцый: археалогіі, дакументаў, іканапісу і іншых, якія ўяўляюць сабой вялікую гісторыка-культурную і мемарыяльную каштоўнасць. Многія з іх, як было заяўлена, экспануюцца ўпершыню.


Першым такім артэфактам стаў у студзені самшытавы грэбень ХІІІ стагоддзя, знойдзены на тэрыторыі старажытнага Бярэсця. На грэбні майстар выразаў 13 літар старажытнай славянскай азбукі кірыліцы ад А да Л на абодвух баках. Выходзіць, што гэта сапраўдны буквар, да таго ж адзіны, знойдзены на тэрыторыі цяперашняй Беларусі.

У 1970 годзе гэты грэбень знайшоў брэсцкі школьнік Віктар Пятручык. Раскопкі пад кіраўніцтвам прафесара Пятра Лысенкі вяліся з 60-х гадоў. У рабоце, як цяпер кажуць, у якасці валанцёраў удзельнічалі падлеткі. Нехта з усмешкай згадаў на прэзентацыі, што за сваю знаходку хлопчык тады атрымаў ганарар — два рублі. На той час гэта было стандартнае грашовае заахвочванне за дзень работы. Затое музей і горад маюць экспанат сусветнага значэння. У музеі «Бярэсце», дарэчы, для агляду выстаўлена копія грэбня. Арыгінал захоўваецца ў фондах. І гэта быў рэдкі выпадак «выхаду ў свет» артэфакта. Варта дадаць, што ва Усходняй Еўропе маюцца толькі тры знаходкі падобнага роду. І гэты грэбень — адзін з трох. Удача, што грэбень так добра захаваўся, падаецца, ён і зараз можа быць прыдатным для выкарыстання па прызначэнні. У якасці азбукі таксама.

І вось у канцы лютага музей «запрасіў» на свята другі артэфакт. Ім стала шахматная фігурка канца ХІІ — пачатку ХІІІ стагоддзя. Што найбольш уразіла: касцяны кароль выглядае так, нібы зроблены зусім нядаўна. Застаецца дзівіцца, якія якасныя рэчы рабілі нашы продкі. Знайшла старадаўняга караля супрацоўніца Акадэміі навук БССР Таццяна Каровушкіна ў 1973 годзе падчас раскопак Бярэсця.

Зусім маленькі касцяны кароль з вусамі і барадой можа схавацца ў далоні. Але пры блізкім разглядзе ён выглядае даволі грозным, яго бровы ссунутыя, погляд пануры. З аднаго боку рука прыкрытая шчытом, у другой руцэ ён трымае булаву. А яго адзенне і галаўны ўбор упрыгожвае адмысловы арнамент. Спецыялісты называюць гэты выраб узорам высокамастацкай разьбы і апрацоўкі. Скульптурная выява чалавека выканана ў рэалістычнай манеры.

Фігурка была знойдзена ў заходнім канцы паўднёвай вуліцы Бярэсця. На гэты факт звярнуў увагу дацэнт кафедры славянскіх народаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр БАЖКОЎ. Ён, дарэчы, сваю кар'еру вучонага пачынаў навуковым супрацоўнікам археалагічнага музея «Бярэсце». Падчас прэзентацыі другога экспаната Аляксандр Аляксандравіч яшчэ раз падкрэсліў значнасць музея:

— Калі глядзець увесь кантэнт археалагічнай спадчыны цэнтральнай і заходняй Еўропы, то музей «Бярэсце» з яго экспанатамі з'яўляецца каралём усіх музеяў Еўропы. І сённяшняя прэзентацыя касцянога шахматнага караля — гэта доказ захаванасці і значнасці нашай археалагічнай спадчыны.

Супрацоўнік музея Алег АНІСІМАЎ правёў кароткі экскурс у гісторыю шахмат. Вядома, што іх радзіма — Індыя. Час узнікнення не ведае дакладна ніхто. Большасць вучоных схіляецца да думкі, што шахматы з'явіліся ў першых стагоддзях нашай эры. А да нас яны прыйшлі з Персіі і Сярэдняй Азіі. На Русі шахматы паявіліся не пазней за ІХ—Х стагоддзі. На тэрыторыі Беларусі за час розных раскопак знойдзена 70 шахматных фігур. І толькі чатыры з іх, уключаючы берасцейскага шахматнага караля, адлюстроўваюць рэальныя рысы, а не абстрактныя фігуры.

— Знаходка ў раскопе Бярэсця дае нам права ганарыцца і казаць пра тое, што ў нашым горадзе ўжо тады быў даволі высокі ўзровень культуры, — падкрэсліў Алег Анісімаў.

Загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Ніна КІРЫЛАВА паведаміла, што ў пачатку сакавіка чакаецца прэзентацыя трэцяга экспаната. «Гэта будзе экспанат зусім іншага роду, але не менш унікальны, чым папярэднія», — заінтрыгавала аўтар праекта «12 артэфактаў».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Віват, кароль!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.