Вы тут

Каб думкі Песняра пачуць і зразумець


У новае выданне зборніка “Санеты” на мовах свету” ўвойдуць і пераклады твораў Янкі Купалы, якія зрабіў вядомы расійскі паэт, галоўны рэдактар “Литературной газеты” Максім Замшаў


Максіму Замшаву дыплом Купалаўскага музея ўручае яго супрацоўніца Вольга Пархімовіч

На беларускім інтэрнэт-партале “Созвучие” можна пачытаць, што ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы рыхтуецца новае выданне зборніка. Як паведаміла дырэктарка музея Алена Ляшковіч, шмат хто лічыць за гонар спрычыніцца да перакладу вялікай паэзіі вялікага творцы: “У музея наладжаны добрыя міжнародныя стасункі. На нашу пляцоўку прыходзяць дыпламаты, прыязджаюць госці з розных краін. Мы самі едзем з выстаўкамі ў розныя куточкі свету. І як вынік — розныя творчыя, грамадскія праекты. Усё гэта мы робім і дзеля Купалы, і дзеля пашырэння ведання пра Беларусь у свеце”.

Мяркуецца, што новы зборнік Купалаўскіх санетаў у перакладах пабачыць свет ужо сёлета ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Цяпер сабраны ў партфель творчага праекта пераклады на армянскую, грузінскую, літоўскую, мангольскую, сербскую, славацкую, чачэнскую, чувашскую, шорскую мовы. Ёсць і пераклады на рускую. Газета “Голас Радзімы” паведамляла: калі сёлета ў лютым праходзіла XXVІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, то свае пераклады прэзентаваў на форуме Максім Замшаў, галоўны рэдактар “Литературной газеты”. Алена Ляшковіч удакладняе, што маскоўскі паэт паўдзельнічаў і ў лютаўскім Міжнародным сімпозіуме “Пісьменнік і час”. Дырэктарка ўдзячна Міністэрству інфармацыі Беларусі за арганізацыйнае спрыянне праекту, наладжванне сувязяў многіх нацыянальных літаратур свету і з Купалаўскім музеем.

Мне пашчасціла быць на мінскай прэзентацыі Максіма Замшава. З ягоных слоў я зразумеў: нешта вяло прызнанага маскоўскага паэта, празаіка, крытыка, лаўрэата шэрагу літаратурных прэмій да сустрэчы з творчасцю Песняра. Прынамсі, Максім Адольфавіч згадаў, што жыве ў Маскве на Кутузаўскім праспекце, які пераходзіць у Мінскую шашу. І якраз у скверыку насупраць яго дома ўсталявалі помнік Янку Купалу. Варта дадаць: тое было зроблена да 125‑х угодкаў Песняра, аўтары помніка — беларускія скульптары Леў Гумілеўскі ды ягоны сын Сяргей. Адкрылі помнік, дарэчы, “пад знакам трох сямёрак”: 7.07.2007 года. Вось так і пачаўся шлях Замшава да Купалы.

Максім Замшаў з дыпломам і публікацыяй перакладаў санетаў Янкі Купалы ў “Литературной газете”

Летась паэту з Мінінфармацыі Беларусі прапанавалі паўдзельнічаць у праекце па перакладзе санетаў Янкі Купалы на замежныя мовы. “Як кажуць: ад такіх прапаноў не адмаўляюцца, — прызнаўся госць.  — І праца пачалася. Пераклад паэтычны — наогул вельмі складаная рэч, паколькі ўсе па-рознаму разумеюць, якім ён павінен быць на самай справе. І школы паэтычнага перакладу дзеляцца на дзве процілеглыя групы. Адны перакладчыкі спрабуюць упрыгожыць на мове перакладу тэкст, які пераствараюць. І тады часта ад арыгінала мала што застаецца. А ёсць яшчэ школа вельмі навуковага перакладу: калі раяць ісці дакладна за арыгіналам. Але пры тым тэкст пазбаўляецца пэўнай часткай паэтычнасці, прывабнасці на рускай, у прыватнасці, мове. І заўсёды перад перакладчыкам ёсць праблема, ці адна з задач, калі ён сам паэт: прыбраць з канчатковага тэксту ўласныя паэтычныя асаблівасці. Што, дарэчы, цалкам не ўдавалася ў свой час Барысу Пастэрнаку. Ён выдатна перакладаў многае, але ўсюды то быў Пастэрнак: яго характэрныя абароты, мадэлі словаўтварэння… Разумеючы, што паэзія Купалы дасканалая, спачатку я падумаў: а навошта спрабаваць зраўняцца з тым, што даскалае на блізкай нам славянскай мове? Але ўсё ж рызыкнуў…”.

Па словах Максіма Замшава, у Купалаўскіх санетах мала рыфмаў, таму й прасторы для манеўру перакладчыку няма. Ён чытаў пераклады 12 санетаў, надрукаваныя ў нумары “Литературной газеты” (№ 4 (6675), 30 студзеня — 5 лютага) пад загалоўкам “Любите будущее мирозданья”, расказваў пра свае адкрыцці ў творах Песняра. І пра творчыя планы. Але пра тое — іншым разам.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.