Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра найбольш цікавыя падзеі выхадных.


1. Зборная Беларусі па хакеі ўдала стартавала на чэмпіянаце свету ў Нур-Султане. Першы матч каманда Андрэя Сідарэнкі правяла супраць зборнай Літвы і атрымала няпростую перамогу з лікам 4:3. Першай шайбай на чэмпіянаце адзначыўся Станіслаў Лапачук, яго пачынанні падтрымалі Джэф Плат, Сяргей Маляўка і Мікіта Феактыстаў. Адзначым, што літоўцы не выкарысталі буліт. Дарэчы, вароты зборнай Беларусі ў гэтым матчы абараняў Дзмітрый Мільчакоў. Найлепшым гульцом у складзе нашай каманды быў прызнаны Джэф Плат. Сёння наша каманда згуляе з камандай Венгрыі.

2. Беларускія спартсменкі заваявалі два медалі на этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы, які прайшоў у Баку. Анастасія Салас у практыкаванні са стужкай паказала першы вынік, а ў кампазіцыі з мячом бронзавы медаль беларускай зборнай прынесла Кацярына Галкіна. Найбліжэйшым буйным стартам для беларускіх грацый стане міжнародны тэставы турнір да ІІ Еўрапейскіх гульняў па мастацкай гімнастыцы, які пройдзе 3—4 мая ў «Мінск-Арэне».

3. Вікторыя Азаранка ўзнялася на 50-е месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Нагадаем, тыдзень таму Азаранка знаходзілася на 61-й пазіцыі, а пасля выхаду ў чвэрцьфінал турніру катэгорыі «Прэм'ер» у нямецкім Штутгарце перамясцілася на 11 радкоў вышэй. Арына Сабаленка засталася на 10-м месцы, Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 34-й пазіцыі, Вера Лапко займае 70-е месца. Топ-10 рэйтынга WTА: 1. Наомі Осака (Японія); 2. Петра Квітава (Чэхія); 3. Сімона Халеп (Румынія).

4. Беларускі баксёр Кірыл Рэліх прайграў у паўфінале турніру Сусветнай баксёрскай суперсерыі (WBSS) амерыканцу Рэджысу Прагрэйсу. У паядынку ў першай паўсярэдняй вазе (63,5 кг), які прайшоў у горадзе Лафает (ЗША), сапернік атрымаў перавагу над чэмпіёнам свету, па версіі WBА, з Беларусі ўжо ў першым раўндзе, а ў шостым сустрэча завяршылася датэрміновай перамогай амерыканца.

5. Згуляны матчы 5-га тура чэмпіянату краіны па футболе ў элітным дывізіёне.

«Тарпеда-БелАЗ» перайграла — «Тарпеда» — 2:0, «Дынама-Брэст» і «Славія» не змаглі выявіць пераможцу — 0:0, «Віцебск» таксама сыграў унічыю са «Слуцкам» — 2:2, «Дынама-Мінск» саступіла «Нёману» — 0:1, а БАТЭ перайграла футбалістаў «Мінска» — 1:0, «Іслач» была мацнейшай за «Гомель» — 3:1, «Шахцёр» сенсацыйна саступіў дэбютанту элітнага дывізіёна «РЦАР БДУ» — 3:4.

6. Валейбалісткі «Мінчанкі» прайгралі ў заключным матчы суцяшальнага раўнда чэмпіянату Расіі чэлябінскаму «Дынама-Метару» з лікам 1:3. Нагадаем, па выніках заключнага тура за 9—12 месцы валейбалісткі «Мінчанкі» абыгралі саратаўскі «Пратон» (3:0), прайгралі «Сахаліну» (2:3) і занялі па выніках дэбютнага для сябе сезона ў чэмпіянаце Расіі дзясятае месца.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: І ў нашым футболе могуць быць сенсацыі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.