Вы тут

Чым сёлета прыязджае «Ноч музеяў»


Свята «Ноч музеяў», якое ладзіцца раз на год, адбудзецца ўжо ў гэтую суботу. Распачатае калісьці ў Міжнародны дзень музеяў як новая забаўка для самых прасунутых, цяпер набыло паўсюдную папулярнасць. Калі ў вашым горадзе ці мястэчку ёсць які-небудзь музей, пацікаўцеся — можна быць пэўным, што там запланавана ўласная «Ноч»! Мы раскажам толькі пра некаторыя цікавінкі — бо ўсе музеі краіны ахапіць проста немагчыма.


Зор­нае не­ба Вік­та­ра МА­ЛЫ­ШЧЫ­ЦА.

Золата і срэбра ў Сафіі

У Сафійскім саборы будзе працаваць выстаўка «Музейная скарбонка. Упрыгажэнні жыхароў Полацка і Полацкай зямлі Х—ХІІІ стагоддзяў». Толькі ў «Ноч музеяў» тут будуць экспанавацца ўпрыгажэнні з золата і срэбра (з 18 да 22 гадзін). У 22 гадзіны распачнецца канцэрт «Бясконцы танец клавіш» у выкананні Ксеніі Пагарэлай (арган) і Вікторыі Бабенкі (скрыпка) — цана білета 6 рублёў.

У Музеі беларускага кнігадрукавання пройдзе выстаўка «Апякун беларускага адраджэння: Браніслаў Эпімах-Шыпіла» (да 160-годдзя з дня нараджэння). У 15 гадзін тут адбудзецца творчая сустрэча з земляком Пятром Васючэнкам — пісьменнікам і літаратуразнаўцам, можна будзе набыць выданні аўтара.

Адмысловыя выстаўкі і прэзентацыі адбудуцца і ў іншых музеях горада. З 10.00 да 17.00 паўсюль уваход вольны (платны толькі на камерцыйныя выстаўкі). А з 18 гадзін уваход у музеі дзецям застанецца бясплатным, дарослым — па льготным квітку.

Кубак шампіньёнаў

У сталічным Літаратурным музеі Максіма Багдановіча сёлета правядуць «Кубак шампіньёнаў». Падчас свята можна будзе паўдзельнічаць у розных спаборніцтвах — і нават паспрабаваць устанавіць асабісты рэкорд — а таксама ўспомніць гульні і забавы дзяцінства. Ахвотныя змогуць прайсці музейны квэст і навыперадкі прабегчы ад Вільні да Мінска па «Зачараваным царстве». Можна будзе і заспяваць са Спеўным сходам Сяргея Доўгушава.

Галоўнай падзеяй гэтай «Ночы музеяў» будзе паэтычнае спаборніцтва «Мінскі рахунак», на якім пазмагаюцца паэты — і самі выберуць наймацнейшага.

Уваходны квіток у музей — 3 рублі. Таксама можна набыць адзіны квіток за 5 рублёў у тры музеі: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, Літаратурны музей Петруся Броўкі.

Містычныя гісторыі

У Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі праграма свята будзе насамрэч начной. У 21 гадзіну ў Сенатарскай зале распачнецца музейны дывертысмент «Містычныя гісторыі & Як яны ажываюць». У 23 гадзіны пачне працаваць інтэрактыўны вернісаж «У містычных лабірынтах з ліхтарыкам у руках». Гэта работа пастаяннай экспазіцыі Новага замка, фотавыстаўка Наталлі Саламы «Лясная містэрыя», міні-выстаўкі «Істоты з беларускіх міфаў і легендаў», «Легенды і паданні Беларусі ў жывапісе», «Містыкі. Алхімікі. Чарнакніжнікі». У тэматычных фотазонах можна будзе зрабіць яскравую картку на памяць. Кошт квітка — 8 рублёў, а толькі на інтэрактыўны вернісаж — 4 рублі.

Драздовічам адзіным

Ахвотным да выяўленчага мастацтва варта завітаць у музей у аграгарадку Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. Тут запланавана праграма «Язэп Драздовіч: спадчына, традыцыі, інавацыі». А 17-й усіх ахвотных запрашаюць у аўтобус, які будзе стаяць каля музея, — каб разам выправіцца на прэзентацыю маршруту «Сцяжынкамі Драздовіча». У 19.10 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё свята на пляцоўцы каля Мастацка-этнаграфічнага музея імя Драздовіча. Праз гадзіну — экскурсія па адноўленай зале музея, прысвечанай мастаку.

У двары музея пройдзе майстар-клас па назіранні за зоркамі ад астранома Віктара Малышчыца, а на другім паверсе музея пройдзе ягоная аўтарская выстаўка «Беларусь у абдымках зорак». Таксама адбудзецца прэзентацыя «Асоба Язэпа Драздовіча ў гісторыі і культуры Беларусі» кандыдата гістарычных навук Мікалая Плавінскага.

Віктар Дудкевіч правядзе майстар-клас «разьба па дрэве», а Святлана Скавырка — майстар-клас па маляванцы. Спецыяльна для малечы запланавана гульня «Складзі маляванку».

Поўныя праграмы многіх музейных «начэй» можна знайсці на сайце nochmuzeev.by.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.