Вы тут

Якіх сцэнарыяў чакае «Беларусьфільм»?


Айчыннае кіно імкнецца больш арыентавацца на беларускую аўдыторыю. Маштабны нацыянальны кінапраект «Купала», сітком «Ілюзіі», гістарычнае фэнтэзі «Авантуры Пранціша Вырвіча» і ваенная кінастужка «Лёс дыверсанта» — у гэтых праектах кінастудыі «Беларусьфільм» шмат хто бачыць магчымасць рэнесансу Нацыянальнай кінастудыі. А што далей? Што ў сцэнарным партфелі студыі? Пра гэта мы пагаварылі з яе галоўным рэдактарам Антонам Сідарэнкам.


— Вы ўжо больш чым год на пасадзе галоўнага рэдактара Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». З якімі сітуацыямі «чаканні — рэальнасць» сутыкнулiся за гэты час?

— Калі шчыра, ніякіх асаблівых сюрпрызаў не было. Упершыню парог Нацыянальнай кінастудыі я пераступіў у 1998 годзе, яшчэ студэнтам. Быў знаёмы з большасцю нашых кінематаграфістаў і многімі супрацоўнікамі кінастудыі, быў гатовы да гэтай працы.

— Калі пагадзіліся на гэтую працу, то, напэўна, мелі нейкі план уплыву на развіццё кінастудыі. Што ўжо атрымалася, а што — не?

— Галоўная задача — прыцягнуць на Нацыянальную кінастудыю новыя цікавыя імёны, тых, хто мае сучасны погляд на кінамастацтва. Заахвоціць тых, хто мае талент і жаданне пісаць сцэнарыі для кіно. Спадзяюся, задача зараз якраз у стадыі выканання. Задача нумар два — зрабіць сюжэты і тэматыку фільмаў Нацыянальнай кінастудыі больш цікавымі для сучаснага гледача, у першую чаргу беларускага. Спадзяюся, тыя прэм’еры, якія студыя рыхтуе напрыканцы 2019 года, гэтай задачы адпавядаюць.

— Ці імкнецца маладое пакаленне аўтараў супрацоўнічаць з кінастудыяй «Беларусьфільм»?

— Спадзяюся, што так. Кіраўніцтва студыі заўсёды ідзе насустрач маладым. Галоўнае, каб іх была гатовая прыняць сама сістэма кінавытворчасці.

— Маладая беларуская рэжысёрка Юлія Шатун у адным з інтэрв’ю на пытанне пра тое, ці магчыма яе супрацоўніцтва з кінастудыяй «Беларусьфільм», адказала, што калі гаворка аб прадастаўленні творчай свабоды і тэхнічных магчымасцяў студыі, то яна не бачыць перашкод да супрацоўніцтва. Аднак самае галоўнае, на яе думку, — каб ніхто не абмяжоўваў на ўзроўні ідэі. Як лічыце, пры такім падыходзе ці магло б адбыцца гэта супрацоўніцтва?

— Мы добра знаёмы з Юляй і трымаем кантакт. Зараз яна вучыцца ў Маскве ў Школе новага кіно. Спадзяюся, што здымаць яна будзе на радзіме.

— Якія тэмы пераважаюць у сцэнарыях, што трапляюць да вас на стол? У чым праблема маладых аўтараў?

— Галоўная праблема — адсутнасць арыгінальных сюжэтаў. Аўтары спрабуюць рабіць копіі таго, што бачаць на экранах, — пераважна тэлевізійных. Таму прапануюць меладрамы ці крымінальныя сюжэты. Многія дэбютанты чамусьці ўпэўнены, што валодаюць талентам камедыёграфа. Камедыя, між тым, — вельмі складаны жанр. Шмат спроб напісаць сцэнарый гістарычнай стужкі, асабліва пра Вялікую Айчынную, партызанаў... Зразумела, ваенная тэма — магістральная для нашай кінастудыі, але большасць прапаноў абсалютна другасныя і не вытрымліваюць канкурэнцыі на фоне залатога фонду беларускага кіно па кнігах Васіля Быкава, Алеся Адамовіча і іншых класікаў нацыянальнай літаратуры. Яшчэ адна праблема — адсутнасць прафесіяналізму і разумення жанру. Апошняе хочацца якраз прывіць нашым патэнцыйным аўтарам. Нацыянальная кінастудыі павінна выпускаць больш якаснага жанравага кіно, якое запатрабавана гледачом. А для гэтага патрабуецца пэўны прафесіяналізм, валоданне прыёмамі менавіта кінадраматургіі. У нашай краіне шмат цікавых літаратараў, тэатральных драматургаў, але кінасцэнарый — асобны жанр: каб пісаць годныя сцэнарыі, аднаго таленту і цікавых ідэй мала — трэба, як кажуць, набіць руку. Галоўнай крыніцай для айчыннага кіно можа з’яўляцца наша літаратура — экранізацыі твораў сучасных аўтараў маглі б стаць добрай сцэнарнай асновай. Таму раю тым, хто хоча стаць нашымі аўтарамі, звярнуць увагу на навінкі літаратуры. Што датычыцца тэмы, якую шукаем, — сучасная Беларусь, яе жыццё, праблемы і сюжэты. Здаецца, вельмі проста, але пакуль годных, арыгінальных сюжэтаў вельмі мала. Большасць прапаноў на ўзроўні ідэі, а прафесійны драматург прапісвае менавіта сюжэт.

 — А які жанр, на вашу думку, карыстаецца попытам у гледачоў?

— Нацыянальная кінастудыя павінна разлічваць найперш на айчыннага гледача. У беларускіх кінатэатрах побач з галівудскім і расійскім кіно павінна прысутнічаць беларускае. І попыт на сваё ў нашага гледача, несумненна, ёсць. Таму найбліжэйшыя прэм’еры — нацыянальны праект «Купала» і тэлевізійны міні-серыял па прыгодніцкай кнізе Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча» якраз і павінны задаволіць гэты інтарэс.

— Ці паступае дастатковая колькасць сцэнарыяў, каб было з чаго выбіраць?

— Добрых, якасных сцэнарыяў заўсёды не хапае. Гэта праблема не толькі «Беларусьфільма», а абсалютна ўсіх кінастудый і прадзюсараў свету.

— Ці бывае так, што нейкія сцэнарыі даводзіцца адразу адхіляць?

— Адхіляю відавочную графаманію ці тое, што немагчыма паставіць на нашай студыі, усё больш-менш годнае перадаю чытаць кіраўніцтву, калегам-рэдактарам, рэжысёрам, якім гэтыя сцэнарыі могуць быць цікавыя. Тое, што плануецца да пастаноўкі, выносіцца на мастацкую раду.

— Ці адсочвае гэтыя працэсы Міністэрства культуры?

— Стужкі ў нас здымаюцца па замове Міністэрства культуры. Мінкульт аб’яўляе адкрыты конкурс на фінансаванне кінавытворчасці па пэўнай тэме, а мы ўжо прапануем варыянты. Сталая ўмова конкурсу — у сцэнарыях не павінна быць нецэнзурнай лексікі, гвалту, алкаголю, наркотыкаў і г. д.

— З 27 мая да 31 жніўня ідзе прыём сцэнарыяў для ігравых фільмаў на конкурс «Мая Беларусь», які праводзіцца Міністэрствам культуры і Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм». Што залежыць ад студыі ў гэтым конкурсе?

— Студыя толькі суарганізатар. Конкурс праводзіць менавіта Міністэрства культуры. Сцэнарыі прапануюць самі аўтары, а мы такім чынам спрабуем знайсці сярод іх тых, з кім будзем працаваць далей. Наогул, мэта ўсіх конкурсаў — адкрыць новыя імёны. Зімой мы правялі маладзёжны конкурс на сцэнарый поўнаметражнага анімацыйнага фільма. Паставіць фільм паводле сцэнарыяпераможцы — наша найбліжэйшая мэта.

— Пра што фільм, хто аўтар і калі яго можна будзе ўбачыць?

— Перамог сцэнарый мінчаніна Сяргея Рагаткі «Песнь Сірын». Гэта сучасная казка пра двух хлопчыкаў, якія выпадкова трапляюць у свет старажытнаславянскіх багоў. Рэжысёр-аніматар Алена Турава плануе рабіць па ім стужку. Пакуль нельга назваць канкрэтныя тэрміны, на жаль.

— Можаце спрагназаваць, якой кінастудыя «Беларусьфільм» будзе праз пяць гадоў?

— Галоўны вынік працы любой кінастудыі — цікавыя і запатрабаваныя гледачом і на фестывалях стужкі. Спадзяюся, праз пяць гадоў «Беларусьфільм» будзе выпускаць толькі такое кіно.

— На вашу думку, што трэба рабіць для таго, каб айчыннае кіно глядзелі жыхары нашай краіны?

— Цікавасць да нацыянальнага кіно, па маіх назіраннях, у нашай краіне расце. Справа за аўтарамі, якія павінны прапанаваць гледачу свой арыгінальны і цікавы позірк на кінамастацтва.

Гутарыла Наталля ВАВІЛОНСКАЯ

Загаловак у газеце: Аўтара!..

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.