Яркі самабытны форум, які па традыцыі праводзіцца ў маляўнічым куточку непадалёк ад Бярэзіны на базе адпачынку «Вербкі», набірае абароты.
Першыя некалькі дзён настрой крыху сапсавалі дажджы, бо фармаваць гліну ў такіх умовах, самі разумееце, сапраўдная пакута, але надвор'е пачынае наладжвацца. Учора, напрыклад, з раніцы ўсміхалася сонейка, і гэта вельмі парадавала ўдзельнікаў.
Пад кіраўніцтвам таленавітага беларускага мастака-кераміста, аўтара ідэі і галоўнага натхняльніка пленэру Валерыя Калтыгіна, лічы, у прыродных умовах, працуюць удзельнікі з васьмі краін свету. Упершыню ў гэтым дзействе (працягласцю ў тры тыдні) бяруць удзел прадстаўніца з Бразіліі — прафесар федэральнага інстытута адукацыі, навукі і тэхнікі Рыу-Гранды-ду-Сул і мастак-кераміст з Егіпта, які прадстаўляе тамтэйшы сіндыкат дызайнераў прыкладнога мастацтва.
— Склад удзельнікаў вельмі цікавы, і мы спадзяёмся, што гэта ўнясе нешта новае ў наш пленэр, — кажа дырэктар Бабруйскага гарадскога мастацкага музея Святлана Прывалава. — Форум праходзіць пад дэвізам «Ад традыцый да сучаснасці праз вопыт майстэрства». Гэта значыць, што тэхналогіі выкарыстоўваюцца традыцыйныя, але майстры вырабляюць не нейкія там утылітарныя прадметы быту, а мастацкую кераміку.
Удзельнікі працуюць на свежым паветры і ўсё неабходнае ствараюць для работы самі. У тым ліку і печы для абпалу сваіх работ.
— На сённяшні дзень у нас тры печкі, адну з іх будуем для работы пры больш высокіх тэмпературах. Збіраемся ўпершыню апрабаваць тэхналогію салянога абпалу, — удакладняе Валерый Калтыгін.
Фармоўка вырабаў вядзецца з шамотавай масы, якую прывезлі з Украіны. Лепіцца яна, кажуць, цудоўна, але керамісты крыху насцярожаныя, бо не ведаюць, якіх сюрпрызаў чакаць ад яе пры абпале.
Тэма пленэру «Мастацтва як свет самавыяўлення» развязвае кожнаму ўдзельніку рукі і дае магчымасць укласці ў работу ўсё сваё майстэрства. Традыцыйна пройдуць вечары нацыянальных культур, калі кожны ўдзельнік прэзентуе сваю творчасць і расказвае пра традыцыі ў кераміцы сваёй краіны. Адзін з дзён будзе прысвечаны майстар-класу для дзяцей з асаблівасцямі. Разам з Наталляй Калтыгінай на «базу» прыедуць яе выхаванцы, з якімі яна працуе ў Цэнтры дадатковага выхавання ў Бабруйску, і іх бацькі. У пленэры таксама бяруць удзел студэнты, мастакі-пачаткоўцы, для якіх «Арт-Жыжаль» не проста творчы працэс, але яшчэ і карысная вучоба, цесныя стасункі з настаўнікам.
— Наш пленэр ведаюць ва ўсім свеце, менавіта «Арт-Жыжаль» даў штуршок такому кірунку, як абвара, — кажа Валерый Калтыгін. — Вырабы пры гэтым ствараюцца вельмі прыгожыя, з мудрагелістымі разводамі. Цяпер абвара набыла шырокую папулярнасць ва ўсім свеце. Наш фестываль наогул актывізаваў дзейнасць керамістаў. Бо гэта справа калектыўная. Разам лепім, разам абпальваем. Адзін калектыў — адна душа.
Дэманстрацыйны абпал агнявой скульптуры — шоу, на якое збіраюцца ўсе ахвотныя спазнаць невымоўныя адчуванні, бо ўсё адбываецца ў цёмны час сутак і заварожвае фарбамі агню, — адбудзецца ў адзін з апошніх дзён пленэру. Тут, як той казаў, усё залежыць ад надвор'я. Валерый Калтыгін прыадкрыў крыху таямніцу і паведаміў, што гэтай скульптурай будзе... паходная буржуйка. Але такой вы яшчэ дакладна нідзе не бачылі і не ўбачыце, пакуль не пабываеце на выніковай выстаўцы пленэру «Мастацтва жывога агню». Яна адкрыецца 6 жніўня ў Бабруйскім мастацкім музеі. Крыху пазней яе ўбачаць жыхары Магілёва і Мінска. А на памяць аб пленэры Бабруйску застануцца ўнікальныя скульптуры. Па ўмовах гэтага маштабнага мерапрыемства кожны мастак павінен будзе перадаць найлепшую сваю работу ў фонд мастацкага музея. І яшчэ адну падарыць гораду — яе размесцяць у якім-небудзь сацыяльна-культурным інтэр'еры, каб яна нагадвала ўсім, што Бабруйск менавіта той горад, дзе жыве дух агню.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?