Вы тут

Месца сустрэчы — Усолле-Сібірскае


Па ініцыятыве іркуцкіх беларусаў абласное свята “Дзень Беларусі” ў Прыбайкаллі ўпершыню прайшло 6 ліпеня ў райцэнтры на Ангары


Яркую, святочную, шматгалосую імпрэзу мы прымеркавалі да Дня Незалежнасці ды 75‑й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З’ехаліся ва Усолле-Сібірскае, раённы горад, беларусы з усёй Іркуцкай вобласці. (Святкаваць Дзень Незалежнасці ў тым горадзе — надзвычай сімвалічна! Бо гістарычна горад цесна звязаны з нашымі супляменнікамі: там, на беразе Ангары, адбывалі пакаранне некаторыя з удзельнікаў Паўстання Кастуся Каліноўскага. У прыватнасці, у нэце ёсць звесткі пра жаночы каталіцкі кляштар Ордэна босых кармелітак, які дзейнічае ў горадзе. Названы ён па імені святога Рафала Каліноўскага, які, як быў у царскай высылцы, тры гады правёў ва Усоллі. А Rafal Jozef Kalіnowskі, “шляхціц, інжынер, паўстанец, манах Ордэна босых кармелітаў, каталіцкі святы”, як піша пра яго Вікіпедыя, родам быў з Вільні (1835). Калі вучыўся (з 1856 г.) у Мікалаеўскай інжынернай акадэміі ў Пецярбурзе, то зблізіўся там з аднафамільцамі — братамі Каліноўскімі. Рафал Каліноўскі ўрэшце стаў адным з кіраўнікоў Паўстання 1863–64 гадоў. 28 мая 1864‑га ваенны суд вынес яму за тое смяротны прысуд, які пазней быў заменены на 10 гадоў катаргі. — Рэд.) Самая вялікая дэлегацыя была з горада Чаромхава, таксама шматлікія групы прыехалі з Тайшэта, Іркуцка, Куйтуна, Усольскага ды Заларынскага раёнаў.

Удзельнікаў свята, што праходзіла ля Палаца культуры “Мир”, віталі мэр горада Максім Таропкін, старшыня Усольскага беларускага таварыства Наталля Дрэйгал, старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алена Сіпакова й кіраўнік суполкі “Беларусы Чаромхава Іркуцкай вобласці” Васіль Ракіта.

Хораша ўсім было на свяце! І праграму канцэртную мы зрабілі насычанай. Выступалі творчыя гурты горада і вобласці. Асабліва цёпла прымалі гледачы тайтурскі харэаграфічны гурт “Улыбка”: ён бліскуча выконваў беларускія танцы! Чаромхаўскі хор “Ветераночка” пранікнёна спяваў пра Беларусь, а потым усольскія гурты “Звонница” ды “Сияние” хораша спявалі па-беларуску.

Яшчэ згадаць варта яркае выступленне Аляксандры Лабар і агітбрыгады “Зорка”. І гурт эстраднага танца “Серпантин”, гурты “Чабарок”, “Ялінка”, і таленты з клуба “Ковчег” будуць успамінацца тым, хто прыйшоў на нашае свята. З беларускім фальклорам гледачоў знаёмілі ансамблі “Сунічкі”, “Квяточак”, “Ленушка”, “Белорусы Прибайкалья”, “Отрада”. Ладзіліся народныя беларускія гульні й забавы.

А на плошчы перад Палацам культуры раскінуўся вялікі “Горад беларускіх майстроў” — былі прадстаўлены творы рамеснікаў-умельцаў. Ладзіліся майстар-класы па вышыўцы, ручным ткацтве, саломапляценні, лапікавай ляльцы, вязанні. А колькі станоўчых эмоцый выклікала нацыянальная кухня! Многія ж у Сібіры вельмі любяць беларускія дранікі, каўбасы ды вантрабянкі, узвары з садавіны, смажаную ў чыгунку бульбу ды іншыя прысмакі, як кажуць, з нацыянальным каларытам.

Паўсюль ва Усоллі адчуваўся дух Беларусі! У беларускім нацыянальным стылі была ўпрыгожана плошча, ганак Палаца культуры, павільёны “Гораду беларускіх майстроў”. Да таго ж усе артысты й народныя майстры былі ў беларускіх касцюмах. Сімвалічна ўзвышаліся над нашым святам два сцягі: расійскі ды беларускі.

Усіх удзельнікаў святочнай імпрэзы гаспадары свята ўзнагародзілі дыпломамі, памятнымі падарункамі. Завяршылі ж мы “Дзень Беларусі” вялікім дружным карагодам.

Шчыра дзякуем усім, хто падтрымлівае нашы беларускія культурна-асветніцкія праекты! На гэты ж раз свята ладзілася з падтрымкай Упраўлення Губернатара Іркуцкай вобласці ды абласнога Урада па сувязях з грамадскасцю й нацыянальных адносінах. Нам спрыялі таксама й адміністрацыя горада Усолле-Сібірскае, а найбольш — аддзел культуры ўпраўлення па сацыяльна-культурных пытаннях. І, натуральна, немалую частку арганізацыйных клопатаў узяла на сябе й наша беларуская суполка.

Праект “Дзень Беларусі” цяпер толькі, як кажуць, набывае разгон у Прыбайкаллі. Гэта імпрэза, якая вандруе па розных месцах. А ініцыявалі праект грамадскія беларускія суполкі Іркуцкай вобласці. У 2020 годзе прымаючым бокам фэсту “Дзень Беларусі” выбраны горад Іркуцк. Будзем рыхтавацца!

Алена Сіпакова, старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры  імя Яна Чэрскага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...

Здароўе

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Ад захворванняў, звязаных з гепатытам, у свеце кожныя 30 секундаў памірае адзін чалавек.