«Я не ведаю, хто вінаваты. Сонца? Мора? Неба? Але пад гэтым сонцам, каля гэтага мора, пад гэтым небам нараджаюцца асаблівыя людзі», — так напісаў пра Адэсу Леанід Уцёсаў. Казачная архітэктура, адметныя жыхары, атмасфера лёгкасці і свабоды... Мне цэлы год сніўся адпачынак на беразе Чорнага мора, і я нарэшце вярнулася туды, у сталіцу гарачага лета, салёнага паветра і паху акацый, якія зачапілі мяне яшчэ летась. Чаму ж з ёй не так проста развітацца, і што яшчэ можа прывабіць турыстаў?
Мабыць, вы чулі неафіцыйныя, троху пафасныя, але такія папулярныя назвы: Адэса-мама, перліна ля мора, паўднёвая Пальміра. І яны заслужаныя — пампезнасць і гонар адчуваюцца яшчэ на ўездзе: масіўныя будынкі і каларытныя вуліцы прымушаюць адчуць некаторае трапятанне. Але я б назвала Адэсу горадам кантрастаў. Там паспяхова спалучаецца дыханне старога і новага — шматвекавыя гісторыка-культурныя каштоўнасці і бліскучыя шкляныя гандлёвыя цэнтры, помнікі Дзюку дэ Рышэлье і Стыву Джобсу, брукаванка і асфальт, опера і сучасная танцавальная музыка... Кантраст заўважны і ў людзях. Напрыклад, улетку днём вы рэдка ўбачыце моладзь. Хтосьці ўжо на рабоце, а нехта яшчэ спіць. Яе час надыходзіць ноччу: у парках, барах, на дыскатэках ці проста на вуліцах. А калі і выхапіце некалькі твараў пад сонцам, наўрад ці запомніце сярод масы сталых прадаўцоў, што па-майстэрску прывабліваюць пакупнікоў, бабуль і дзядуль, якія заўсёды кудысьці спяшаюцца, ды мам з дзецьмі. І толькі графіці на сценах нагадваюць, што са змярканнем надыходзіць час весяліцца тым, хто толькі нядаўна вярнуўся ці прачнуўся...
Такі так, слухаем вас
Мясцовыя жыхары сапраўды асаблівыя. Пазнаць адэсіта няцяжка: яго выдае гаворка, акурат як у анекдотах. «Такі так», «Каб табе добра было!», «Ды не давядзі Гасподзь», «Я маю вам шо-та сказаць» — вясёлыя папулярныя выказванні... Да таго ж, вы заўсёды пазнаеце карэнных па інтанацыі, інтуітыўна. Бо так больш нідзе не размаўляюць. Характар у іх таксама адметны. Людзі яны лёгкія, з хітрынкай у вачах, упартыя, але не злосныя. Аднак лепш, канешне, не выпрабоўваць ім нервы.
Толькі пляжны адпачынак — занадта сумна. Хочацца ж атрымаць успаміны не ў выглядзе шакаладнага загару і лішніх кілаграмаў, набраных у рэстаранах і кавярнях, а адчуць асалоду ад прагулак, новых месцаў, знаёмстваў.
Калі вы ў горадзе першы раз — лепш спачатку наведаць самыя папулярныя турыстычныя месцы, можна нават заказаць экскурсію. Я прапаную такі спіс: прагуляцца па знакамітай Дэрыбасаўскай (лепш і днём, і вечарам), адпачыць у Гарадскім садзе, адстаяць вялікую чаргу, каб пасядзець на 12-м крэсле, схадзіць на Марскі вакзал і палюбавацца на караблі, спусціцца і падняцца па вялізнай Пацёмкінскай лесвіцы, сфатаграфавацца побач з помнікамі Дзюку дэ Рышэлье і Кацярыне ІІ, знайсці як мага больш скульптур катоў і львоў. Калі вы аматар футбола — наведаць матч на вялізным стадыёне ФК «Чарнаморац», а калі любіце культурны адпачынак — захапіцца пастаноўкамі ў Адэскім дзяржаўным тэатры оперы і балета.
Але калі вы не прыхільнік хадзіць туды, куды і ўсе, стварайце асабісты спіс. Знайдзіце блогі ў інтэрнэце, старонкі адэсітаў у сацыяльных сетках, профілі ў інстаграме, захапляйцеся фотаздымкамі невядомых месцаў і спрабуйце знайсці іх у рэальнасці. Часта ў горадзе ўстанаўліваюць арт-аб'екты, якія можна наведаць за сімвалічную суму ці ўвогуле бясплатна.
Незвычайна і прыемна аказалася пракаціцца на парусніку (як у песні: «Белеет мой парус, такой одинокий»), а затым пакупацца ў адкрытым моры, дзе вада падаецца цяплейшай, чым каля берага. Кошт — прыблізна 9,6 долара. Калі вы яшчэ не былі ў беларускім аквапарку, здорава правесці палову дня ў адэскім за 15,5 долара. Не проста ўбачыць, але і пагладзіць янотаў, іх родзічаў насух, лемураў, дзікабразаў і іншых незвычайных жывёл усяго за пяць «зялёных» будзе прыемна і дзецям, і дарослым у мясцовым кантактным заапарку.
Звычайна Адэса прапаноўвае шмат мерапрыемстваў і забаў. Я, напрыклад, сёлета трапіла на бясплатны канцэрт знакамітага ўкраінскага гурта «Океан Эльзи». Галоўнае — не прайсці міма афіш.
Увогуле, я лічу, што, паехаўшы адпачываць, не абавязкова мець план. Проста гуляйце, і горад сам вам падорыць уражанні і ўспаміны.
Калі вы ўсё ж такі захацелі ўбачыць магію горада на ўласныя вочы, што трэба зрабіць перш-наперш? Канешне ж, знайсці жыллё. Гатэль, мне здаецца, здымаюць нячаста. Звычайна арандуюць кватэры пасутачна. Нягледзячы на тое, што на чыгуначным вакзале вас заўсёды чакаюць з прапановамі гаспадары, выгадней за ўсё будзе знайсці жыллё самастойна. Неабходна толькі ўвесці ў пошукавік у інтэрнэце адпаведны запыт, перайсці на прапанаваныя сайты, дзе можна выбраць раён пражывання, а таксама пажаданы кошт і ўмовы, прагледзець фотаздымкі.
Калі вы, як і я, едзеце не столькі ляжаць, колькі гуляць, то смела выбірайце дом не каля мора, а ў цэнтры: каля «Прывоза», на вуліцах Кацярынінскай, Рышэльеўскай, Канатнай, Малой ці Вялікай Арнауцкай. Калі наадварот, то глядзіце на карце пляж, які падабаецца, і побач з ім шукайце кватэру. У першым выпадку атрымаецца даражэй, каля 250 долараў за дзесяць сутак на дваіх (аднаму нявыгадна). Затое і да мора, і да знакамітай Дэрыбасаўскай — не больш за трыццаць хвілін. На краі Адэсы можна знайсці «салодкую» цану: каля 60 долараў. Аднак да цэнтра — цэлая гадзіна.
Пасля вам трэба будзе проста забраніраваць упадабанае месца, звязаўшыся з арэндадаўцам праз сайт ці месенджары (Vіbеr, Whаts Uр, Tеlеgrаm). І да горада мары застанецца толькі дабрацца: на самалёце за некалькі гадзін, у цягніку, машыне ці аўтобусе за суткі. Розніца, канешне ж, у кошце. А некаторыя выбіраюць шлях з мноствам перасадак: з Мінска да Гомеля, адтуль да Кіева, а затым да канечнай. Выходзіць танней, але больш клопатна. Я заказала білет на аўтобус — за 75 долараў у два бакі. Умераны тэмп, санітарныя прыпынкі кожныя тры гадзіны... Мінус адзін — невядома, колькі часу спатрэбіцца на мяжы.
Галоўнае — без медуз
Пляж і Чорнае мора — ледзь не галоўная прычына, па якой едуць на поўдзень Украіны. Цэны — даступныя, клімат прыемны. Таму і мне першыя дні адпачынку хацелася проста ляжаць, насычацца солямі і сонечным цяплом на аблюбаваным пляжыку. Дарэчы, іх у Адэсе шмат: знакамітыя «Ланжэрон», «Атрада», «Аркадзія», «Залаты Бераг». Усе яны прывабліваюць турыстаў. Аднак ёсць і менш вядомыя. Раю пабываць на некалькіх, распытаць пра іх і абраць той, на якім менавіта вам будзе зручна і камфортна: адкрыты ці закрыты, той, дзе нельга з жывёламі і можна, з шэзлонгамі ці без. Важна адшукаць і месца, дзе ў вадзе будзе менш водарасцяў і медуз.
На знакаміты рынак схадзіць трэба абавязкова. Купіце агародніну, садавіну, але будзьце пільныя: ад доўгага ляжання яна там пачынае псавацца, лепш выбіраць самому, а не прасіць прадаўца. Найсмачнейшае сала ў маім жыцці я таксама купляла там. Хоць па яго і трэба ўставаць рана: па-першае, каб не сапсавалася, а па-другое, каб не разабралі. Завітайце і да лаўкі з прысмакамі. Чурчхела, фінікі, цукеркі, арэхі будуць прыемным дапаўненнем да вашага сняданку, абеду ці вячэры. Але частыя візіты «Прывозу» лепш не наносіць. Адзін такі паход можа вынесці з вашага кашалька 30 долараў, а купленага хопіць усяго на пару дзён, тым больш, калі едзеце сям'ёй.
Стаяць каля пліты ў водпуску не хочацца. Таму лепш набываць нешта лёгкае ці ўжо гатовае ў сеткавых крамах накшталт «Таўрыя В», «Аўрора», «Абжора» і маім любімым «Сільпо» (на іх чэках пішуць прадказанні). Можна харчавацца і ў кавярнях, рэстаранах, але пры ўмове, што дазваляе бюджэт. Калі ўзяць, напрыклад, шашлык, бульбу, салат і папіць, у лепшым выпадку атрымаецца 15 долараў на чалавека. А тое і ўдвая больш.
Асноўны транспарт Адэсы — трамвай. На ім вы можаце дабрацца амаль у любы пункт, калі правільна выбудуеце маршрут. А каштуе ўсяго пяць грывен ці 19 цэнтаў (для параўнання, у нас — 30 цэнтаў). На мой погляд, такі транспарт дадае пэўнай атмасферы вашаму падарожжу. У адэсітаў папулярныя аўтобусы, якія яны клічуць маршруткамі, праезд — троху даражэйшы, 27 цэнтаў. І там, і там часта давядзецца стаяць: паток людзей — шалёны. А вось таксі заказваць дорага. За тры кіламетры вы можаце заплаціць чатыры долары. Uber, канешне, таннейшы — два долары, але і на ім не наездзішся.
Скінуць стомленасць
Адэса — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак, 300—400 долараў павінна хапіць. А вось уражанняў горад пакідае не менш, чым дарагі горад. Туды сапраўды добра збегчы ад стомленасці, мітусні. Сачыць за хвалямі, злівацца з морам, ачышчаць галаву ад тлуму. І, гледзячы на заход сонца, праводзіць чарговы чароўны непаўторны дзень...
Юлія АДАМОВІЧ
Фота аўтара
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?