Вы тут

Ці цяжка сумяшчаць вучобу і падпрацоўку


Пагадзіцеся, амаль кожны хоча пачаць зарабляць грошы як мага раней. Але калі вучышся ў школе, то варыянтаў не так ужо і шмат. А вось у студэнтаў адкрываюцца трохі іншыя магчымасці: і па часе, і па прапановах. Напрыклад, можна знайсці работу з частковай занятасцю — на чатыры-пяць гадзін на дзень.


Вік­то­рыя Са­шко.

Спачатку, як правіла, маладыя людзі спрабуюць сябе ў якасці афіцыянтаў, аператараў кол-цэнтра ці прамоўтараў — менавіта па гэтых вакансіях не звяртаюць увагу на наяўнасць скончанай адукацыі і вялікага досведу. Можна дамовіцца на індывідуальны графік. Па грашах прыкладна атрымліваецца 350—400 рублёў.

Вікторыя Сашко, студэнтка чацвёртага курса факультэта журналістыкі БДУ, не выключэнне — яе «кар'ерны шлях» пачаўся з рэкламы і прома.

— Ішла ў гэтую сферу, безумоўна, каб падзарабіць. Потым з'явілася жаданне «прапампаваць» сябе ва ўсіх кірунках журналісцкай дзейнасці. Цяпер пішу матэрыялы ў якасці пазаштатніка, што вельмі зручна з-за графіка — ты сам яго будуеш. Хоць такая работа не зусім задавальняе па грашах. Тым не менш пакуль студэнт — гэта нармальна, — сцвярджае Вікторыя.

На­стас­ся Ба­зоў­кі­на,  Анд­рэй Па­туп­чык і Ягор Ру­сак.

Некаторыя, пачынаючы працаваць, думаюць, што было б цудоўна знайсці аднадумцаў і стварыць цэлую каманду для рэалізацыі сумесных праектаў. Андрэй Патупчык, Настасся Базоўкіна, студэнты трэцяга курса Інстытута бізнесу БДУ, і Ягор Русак, студэнт трэцяга курса Інстытута правазнаўства, аб'ядналіся, каб крэатыўна і хутка выконваць задачы. Андрэй дзеліцца, як усё пачалося:

— Першую падпрацоўку СММ-спецыялістам знайшоў па дагаворы падраду яшчэ ў 10-11 класе ў арганізацыі, якая займалася продажам ролікавых канькоў. Плацілі 200 рублёў, чаму, безумоўна, быў вельмі рады — школьніку дастаткова. Калі паступіў ва ўніверсітэт, то захацелася чагосьці большага: праз інтэрнэт знайшоў вакансію СММ-менеджара і ўладкаваўся яшчэ ў адну кампанію. Калі падсумаваць, то атрымлівалася 400 рублёў — дастаткова для пачатку.

Хоць ён прызнаецца, што сам не разумее, як сумяшчаў два праекты і вучобу. І адначасова сцвярджае, што гэта... лёгка. Таму пасля першага курса ў хлопца з'явілася жаданне і на... трэцюю падпрацоўку. Яна была больш прэстыжная і сур'ёзная — у аддзеле маркетынгу Інстытута бізнесу БДУ. І тут Андрэй дамовіўся на заробак у 200 рублёў. Праўда, на гэтай новай падпрацоўцы пачалі даваць шмат цікавых заданняў, а часу ўжо не хапала. Давялося ўсё ж пакінуць кампанію, з якой ён некалі пачынаў, — па продажы ролікавых канькоў. «Я вырашыў, што вопыт даражэйшы за лішнія грошы», — кажа ён.

— Пачаў шукаць хлопцаў і дзяўчат, якія хацелі б працаваць у сферы СММ. Мы падзялілі задачы: я наладжваў рэкламу, Настасся пісала тэксты для пастоў у сацыяльных сетках, Ягор маляваў карцінкі ў фоташопе. Пачалі шукаць новых кліентаў і адначасова прасіць больш высокую аплату. Матывавалі тым, што эфектыўнасць будзе ў тры разы вышэйшая, калі за СММ возьмецца не адзін чалавек, а цэлая каманда. Ці было на гэтым этапе цяжка? Ды не, проста ведаў, што пасля ўніверсітэта еду ў офіс — хто хоча, той круціцца. У нас ужо нават запланавана правесці канферэнцыю ў БДУ восенню, дзе мы хочам адкрыць сакрэты, як вучыцца і зарабляць адначасова, — дзеліцца Андрэй.

Паліна БЕРТАШ, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Бонус да стыпендыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як абараніцца ад махляроў у сферы сучасных тэхналогій

Як абараніцца ад махляроў у сферы сучасных тэхналогій

Фішынг, вішынг — два кіты кіберзлачыннасці

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.