Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент самалётам з Мінска ў Кейптаўн і далей мясцовымі антарктычнымі рэйсамі да беларускай базы, размешчанай каля гары Вячэрняй. А напярэдадні адбыліся ўрачыстыя провады беларускіх палярнікаў у Нацыянальнай акадэміі навук.
Упершыню на Паўднёвы полюс Зямлі адправяцца адразу дзесяць беларусаў. Сярод іх ёсць як бывалыя палярнікі (іх роўна палова), так і навічкі. Напрыклад, Аляксей ЗАХВАТАЎ (інжынер-механік па эксплуатацыі транспартных сродкаў і сродкаў механізацыі) з'яўляецца ўдзельнікам трох беларускіх экспедыцый. Аляксей ХАТКЕВІЧ (інжынер-будаўнік, механік дызель-электрастанцый, каардынуе ўсе тэхнічныя службы антарктычнай станцыі) удзельнічаў ужо ў дзвюх экспедыцыях, як, дарэчы, і Павел ШАБЛЫКА — інжынер-геафізік (зараз яму 29 гадоў, а падчас першай было ўсяго 24).
Даць фору маладым
Але самыя вопытныя палярнікі — гэта нязменны кіраўнік усіх беларускіх антарктычных экспедыцый, пачынаючы з 2007 года, Аляксей ГАЙДАШОЎ і інжынер-эколаг, кандыдат біялагічных навук Юрый ГІГІНЯК. Агульны стаж работы Аляксея Гайдашова за пяцідзясятым градусам паўднёвай шыраты складае ўжо каля 11 гадоў. Першая яго экспедыцыя ў 1988 годзе доўжылася больш за год. А Юрый Гігіняк упершыню трапіў у круглагадовую экспедыцыю ў Антарктыку ў далёкім 1970 годзе. Затым ён тройчы ўдзельнічаў ужо ў беларускіх сезонных экспедыцыях, дзе прадстаўляў біялагічную навуку Нацыянальнай акадэміі навук. Ён першы і адзіны беларускі навуковец, які абараніў дысертацыю па антарктычнай тэме. І гэта будзе ўжо яго чацвёртая экспедыцыя на Паўднёвы полюс. Яго невыпадкова лічаць легендарнай асобай — Юрыю Рыгоравічу пайшоў 74-ы (!) год.
— Мы кожны год «закручваем гаечкі» пры праходжанні розных фільтраў для будучых палярнікаў — фізічных і псіхалагічных. І гэты год паказаў, што ёсць праблемы. У прыватнасці, трое з чатырох забракаваных прэтэндэнтаў — маладыя навуковыя супрацоўнікі. І яшчэ аднаго кандыдата мы спадзяваліся ўзяць з сабой у якасці кухара, — патлумачыў Аляксей Гайдашоў. — Яго прысутнасць вызваліла б час у спецыялістаў, якія займаюцца рэалізацыяй навуковых праграм і тэхнічным забеспячэннем жыццядзейнасці станцыі. Юрый Гігіняк быў уключаны ў экспедыцыю замест свайго маладога калегі, які не прайшоў медыцынскі адбор, але з пэўнымі абмежаваннямі і пад маю асабістую адказнасць. Мы яго накіруем на круглагадовую расійскую станцыю, дзе ёсць стацыянарны медыцынскі блок. Да таго ж ён вязе абсталяванне для навуковых даследаванняў, якое шмат важыць, а ў нас сёлета змянілася лагістыка.
У спартанскіх умовах
Упершыню ў пачатку сезона ў раён базіравання беларускай антарктычнай станцыі судны заходзіць не будуць. Гэта накладае пэўны адбітак на падрыхтоўку і правядзенне сезонных работ, якія будуць працягвацца каля пяці месяцаў. «Мы можам даставіць туды малой авіяцыяй на адлегласць 1400 кіламетраў груз вельмі абмежаванай вагі. А генеральны груз прыйдзе ў канцы сакавіка, у тым ліку чарговыя канструкцыі Беларускай антарктычнай станцыі. І ў нас будуць лічаныя дні, каб усё зманціраваць, да таго як мы пакінем нашу базу. Таму давядзецца працаваць у яшчэ больш спартанскіх умовах».
Тым не менш задачы пастаўлены вялікія (як навуковыя, так і інжынерна-тэхнічныя), і ўсе іх трэба выканаць.
«На нашай станцыі заўсёды застаецца пэўны запас прадуктаў, не хвалюйцеся за нас, — заспакойвае Аляксей Гайдашоў. — Скажу вам па сакрэце, што крупы, згушчонка і тушонка не псуюцца. А з Вялікай зямлі мы плануем узяць з сабой толькі прадукты глыбокай замарозкі. Запасы паліва і запчастак там таксама ёсць».
«А вы, калі пакідаеце станцыю, замок вешаеце?» — пацікавіўся жартам першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык. «Замкі ў Антарктыдзе не патрэбныя, там ніхто не возьме чужое — гэта святое, але па нашай ментальнасці мы ўсё роўна гэта робім», — адказаў шчыра старшыня экспедыцыі. «А жонкі ўсіх адпусцілі ў Антарктыду?» — задаў чарговае пытанне адзін з кіраўнікоў акадэміі. І пачуў адказ, які ўсе сустрэлі смехам: «А яны яшчэ не ўсе ведаюць...»
Цікава, што дарога ў Антарктыду не закрытая і для жанчын. Ва ўсялякім выпадку, так сцвярджае начальнік экспедыцыі. І дадае, што чаргі з прадстаўніц прыгожага полу на конкурсны адбор ён не заўважыў, хоць ніякіх забарон няма — на нашай станцыі нават прадугледжаны дзве асобныя кабінкі ў прыбіральні. Жанчыны працуюць у многіх міжнародных экспедыцыях, у тым ліку расійскай: хімікамі, біёлагамі, медыкамі... Дык чаму б не замахнуцца на Паўднёвы полюс і беларускам?
Паскардзіцца... айсбергу
У найбліжэйшыя гады стане актуальным пытанне камплектавання круглагадовых экспедыцый у Антарктыку. Мяркуецца, што першая распачнецца ў снежні 2020-га ці ў студзені 2021 года. Зімоўка — гэта існаванне ў прынцыпова іншым фармаце. Не толькі ў плане кліматычных умоў. Калі ў прыбярэжнай частцы Антарктыды надыходзіць палярная ноч, тэмпература паветра можа апускацца да мінус 60 градусаў. А падчас палярнага лета, калі там працуюць беларускія палярнікі, яна вагаецца ад +3 да -28 градусаў. Да таго ж у лютым спыняюцца авіязносіны, а ў сакавіку-красавіку завяршаецца марскі рух у зоне базіравання нашай станцыі. Фактычна восем месяцаў у год любыя транспартныя сувязі з Вялікай зямлёй адсутнічаюць.
— Надвор'е нас не пужае, — запэўнівае Юрый Гігіняк. — Калі вельмі холадна, палярнік проста апранаецца цяплей. А калі зусім невыносна — не выходзіць на адкрытае паветра. А вось псіхалагічная несумяшчальнасць можа стаць сур'ёзнай праблемай у невялікім калектыве, замкнёнай прасторы і пры адсутнасці сувязі са знешнім светам. У такім выпадку застаецца толькі ісці да айсберга і яму скардзіцца на калегу...
Між іншым, паводле сусветнай статыстыкі, толькі ад 25 да 35 працэнтаў палярнікаў вяртаюцца ў Антарктыду зноў. У нас жа гэты паказчык перавышае 50 працэнтаў. І «лаўка запасных» з навуковых і тэхнічных спецыялістаў можа забяспечыць як мінімум дзве-тры круглагадовыя экспедыцыі.
У папярэднім сезоне ў Антарктыду быў дастаўлены, сабраны і апрабаваны ў розных рэжымах новы комплекс дызель-электрастанцыі, разлічаны на работу ва ўмовах зімоўкі. У другім аб'екце станцыі зманціравана пяць секцый з васьмі. Цяпер на парадку дня амбулаторна-хірургічная, лабараторная і жылая секцыі. І зусім невыпадкова ў апошнія экспедыцыі ўключалі ўрачоў — перш чым адправіцца на зімоўку, трэба ацаніць свае сілы... Медыцынскі блок аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, якому медыкі на Вялікай зямлі пазайздросцілі б, але ўсе спадзяюцца, што ім не давядзецца карыстацца.
— Першая зімоўка павінна стаць пілотнай. Трэба пратэсціраваць усе сістэмы жыццезабеспячэння і бяспекі, затым вярнуцца на паўгода на Вялікую зямлю і зрабіць работу над памылкамі. І толькі пасля гэтага пераходзіць да пастаяннага круглагадзічнага цыкла, напаўняючы станцыю сур'ёзнымі навуковымі праграмамі, — падкрэслівае Аляксей Гайдашоў.
Падчас 12-й экспедыцыі яе ўдзельнікі выканаюць вялікі аб'ём работ па адборы проб і ўзораў прыродных матэрыялаў Антарктыкі, гідрахімічныя, біялагічныя, экалагічныя даследаванні наземных, марскіх і прэснаводных экасістэм Антарктыкі, правядуць маніторынг азонавага слоя атмасферы і УФ-радыяцыі, геафізічны маніторынг, даследуюць змяненні прыроднага асяроддзя і клімату. Акрамя гэтага, узмацняецца міжнародная навуковая кааперацыя. Павел Шаблыка будзе працаваць у складзе Балгарскай экспедыцыі ў Заходняй Антарктыдзе, а Сяргей Какарэка — у складзе Турэцкай сезоннай антарктычнай экспедыцыі. Для таго каб канчаткова замацавацца на ледзяным кантыненце, патрабуюцца сур'ёзныя вынікі навуковых даследаванняў.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.