Вы тут

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі


Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар. Я плыву ў гэтай эйфарыі ўвагі да мяне, сціплай пенсіянеркі. Я выйграла ў розыгрышы! Толькі я атрымаю велізарную зніжку на посуд, які фактычна сам гатуе. А яшчэ падарункі: вібрамасажнае крэсла і коўдру.


«Калі марудзіла, менеджар злаваўся»

Адна і тая ж гісторыя, якую пераказваюць слова ў слова розныя жанчыны. Яны трапілі на прэзентацыю тавараў і набылі іх, падпісаўшы крэдытны дагавор. Усе сцвярджаюць, што прайшлі праз нейкі гіпнатычны сеанс. Пенсіянерка з Гомеля Наталля Іванькова — адна з такіх жанчын. Кажа, некалькі дзён не магла глядзець у вочы сваім дзецям:

— Як прызнацца родным, што пры пенсіі ў 320 рублёў ты падпісаў крэдытны дагавор на 4770 рублёў? Можна купіць патрыманую іншамарку, а тут набор каструль без фірмавай упакоўкі, проста ў цэлафанавых пакунках!

Гэта сапраўдны гіпнатычны сеанс. «Бярэ» ўсіх, незалежна ад узроўню адукаванасці ці даверлівасці. Спачатку — дакучлівыя званкі з запрашэннямі на прэзентацыю тавараў для здаровага ладу жыцця. Тыя, хто прыйшоў, абавязаны паказаць пашпарт. Маладзейшых за 50 гадоў не пускаюць. У асноўным у зале — жанчыны за 60. Ім загадваюць выключыць тэлефоны. Пачынаецца рэкламаванне посуду і абавязковае абяцанне падарункаў.

Тыя, каго сёння можна назваць пацярпелымі, расказваюць, што іх частавалі пірагом і курыцай, прыгатаванай тут жа ў зале. Ім нагадалі, што посуд фірмавы — таму такі дарагі. І суму прапанавалі выплачваць штомесяц — на працягу трох гадоў.

— Я ніяк у галаве не магла суму ў дагаворы перавесці на «старыя» грошы, — расказвае Наталля Ішуўна. — Калі марудзіла, менеджар злавалася. Потым яна ўключала на мабільніку нейкае відэа. Я падпісала ўсе паперы, пры гэтым ніхто не спытаў, якая ў мяне пенсія. Наогул, можа, я недзеяздольная?

Толькі праз дзень Наталля Іванькова адкрылася дзецям. Расказала пра вынікі свайго шопінгу. Разам уважліва прачыталі дагавор. Высветлілася, што на працягу двух гадоў пенсіянерка павінна выплачваць штомесяц па 198 рублёў. Дагаворам прадугледжана і растэрміноўка на тры гады: плацяжы штомесяц па 113 рублёў на працягу года, потым пачынаюць расці працэнты. Сума пераплаты за два гады — 242 рублі. У рэшце рэшт набор посуду будзе каштаваць звыш 5000 рублёў. Гэта — калі пакупнік пагашае запазычанасць у тэрмін. Пеня за не пагашаныя своечасова працэнты — 0,1 % ад сумы за кожны дзень.

Наталля Ішуўна першапачаткова пайшла ў міліцыю і пакінула заяву. Паперу прынялі, але папярэдзілі: у падобных справах нельга сцвярджаць, што факт махлярства меў месца. Распаўсюджвальнікі тавару — афіцыйна зарэгістраваная фірма. У дагаворы ўказаны кошт тавару, пад дакументам гамяльчанка без прымусу паставіла свой подпіс. Такія грамадска-працэсуальныя адносіны разбіраюцца ў судовым парадку.

Са слязамі на вачах жанчына расказвае працяг гісторыі:

— Дзеці адвезлі мяне ў спажывецкае таварыства, напісалі прэтэнзію на адрас фірмы. Адказу на ліст не чакалі: пагрузілі посуд і падарункі ў машыну і адвезлі за 600 кіламетраў ад Гомеля — у Гродна. На месцы дабіліся скасавання дагавора куплі-продажу.

У Гомелі ўжо разбіраліся з банкам, які пералічыў на рахунак фірмы суму кошту тавару. Па скасаваным дагаворы крэдытную лінію на імя Іваньковай закрылі. Хэпі-энд, як кажуць.

Ахвяры маркетынгавых прынад

Аднак пенсіянерка звярнулася ў СМІ, прасіла сваіх дзяцей паведаміць пра яе гісторыю таксама ў сацсетках. Усё не толькі для таго, каб папярэдзіць іншых даверлівых пенсіянераў аб маркетынгавых прынадах, але і каб дапамагчы людзям, якія трапілі ў аналагічную сітуацыю. За гэтыя дні з Наталляй Ішуўнай звязаліся яшчэ тры жанчыны, якія таксама наведалі прэзентацыю дарагога посуду. Адна з іх — Людміла Краўцова — падпісала крэдытны дагавор на чатыры гады:

— Я ні да чаго не дакраналася. Прычым настолькі, што нават не адчыняла скрынкі. Таму што я баялася — раптам будуць здымаць адбіткі пальцаў.

Пра набыты посуд жанчына нікому са сваякоў не паведаміла. Схавала яго і дакументы. Даговор не перачытала і страціла законнае права ў 14-дзённы тэрмін здаць пакупку назад прадаўцу.

— Гэта можа ўскладніць сітуацыю, калі гандлёвая кампанія адмовіцца скасаваць дагавор куплі-продажу, — каментуе сітуацыю вядучы юрыст Гомельскага спажывецкага таварыства Андрэй Бабіч. — Пакупнік звярнулася да нас больш чым праз 20 дзён. Мы склалі і адправілі прэтэнзію на адрас фірмы-прадаўца. Ва ўсялякім разе запушчана адміністрацыйная працэдура. Ёсць два тыдні, каб прадавец прыняў рашэнне перед падачай іску ў суд.

На пакупніках апрабавана і іншая схема, па якой дзейнічалі нядобрасумленныя распаўсюджвальнікі. Яны прадавалі вібрамасажныя накідкі коштам ад 3260 да 4560 рублёў. Таксама ў крэдыт. А паколькі гэта ўжо тэхнічна складаны тавар, у якасці якога няма сумненняў, вярнуць яго прадаўцу нельга.

Гамяльчанцы Наталлі Украінец на тэлефон прыйшло паведамленне. Кампанія з Гродна запрашала на семінар, прысвечаны здароўю. Абяцалі бясплатны курс масажу і падарункі. Жанчыне стала цікава. Але на справе менеджары рэкламавалі найноўшае абсталяванне, якое павінна замяніць прафесійных масажыстаў. Прапанавалі аформіць крэдыт праз банк на набыццё масажнага крэсла коштам 3260 рублёў. Бонусам, маўляў, ідуць вельмі каштоўныя падарункі — пыласос, ручны масажор, падушкі і коўдра. Угаворвалі, многа абяцалі. Запэўнівалі, што на працягу 14 дзён падпісаны дагавор можна будзе скасаваць — калі пакупнік перадумае. Наталля Канстанцінаўна ўсё падпісала.

— Я прыйшла без акуляраў, сказала маладому чалавеку, што вельмі дрэнна бачу, ён супакоіў. Кажа: «Я буду вам усё чытаць і пакажу, дзе падпісваць». Потым я сказала, што дрэнна чую, а там увесь час іграла гучна музыка, я не магла засяродзіцца. Памятаю ўсе словы, якія ён мне казаў, але яны неяк праплывалі...

Наталля Канстанцінаўна прынесла дадому «каштоўныя» скрынкі. Але разгарнуць падарункі і набытае вібракрэсла рука не паднялася. Кажа: сэрцам адчула нешта нядобрае. Дзеці дапамаглі разабрацца ў выніках шопінгу матулі.

— Мы разгледзелі, што гэта не масажнае крэсла, а накідка. Калі са мной заключалі дагавор, мне сказалі, што кожны месяц я павінна буду плаціць па 100 рублёў на працягу трох гадоў. На справе аказалася зусім не так. Кожны месяц там выстаўлены розныя сумы — гэта ўжо прачыталі ў дагаворы мае дзеці.

Наталля Канстанцінаўна на наступны ж дзень звязалася з банкам, які зацвердзіў крэдыт, і напісала заяву аб прыпыненні крэдытавання. Адразу склала і прэтэнзію. На свой страх і рызыку павезла ў Гродна пакункі і дабілася скасавання дагавора куплі-продажу.

Скасаваць дагавор праз суд

У гомельскую гарадскую арганізацыю грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства абароны спажыўцоў» звярнуліся яшчэ дзве пенсіянеркі, якія таксама схадзілі на прэзентацыю масажнага абсталявання кампаніі з Мінска. Кожная падпісала крэдытны дагавор на куплю вібранакідкі па 4657 рублёў. Ніна Мікалаеўна і Ларыса Георгіеўна прасілі не называць іх прозвішчаў. Іх сваякі дагэтуль не ведаюць, у якую гісторыю яны трапілі.

— Потым кажуць: ідзіце яшчэ раз пасядзіце на крэсле. Гэта ўсё робіцца толькі дзеля таго, каб я не схамянулася. Я была там абсалютна бязвольная. Папрасілі напісаць водгук пра прэзентацыю і паабяцалі асобны падарунак за нумары тэлефонаў сябровак-пенсіянерак. Я ж праціўнік любых крэдытаў і ніколі іх не брала да гэтай сітуацыі!

Жанчыны выйгралі ў судзе іскі аб скасаванні дагавора куплі-продажу. Але пакуль іх крэдытныя лініі былі не закрыты, пенсіянеркі чатыры месяцы працягвалі плаціць грошы. Бо калі б плацеж пратэрмінавалі, павінны былі б гасіць і пеню — 50 %. Штомесячныя ўзносы потым вярнулі, а выплаты па працэнтах так і засталіся на рахунку банка.

Юрыст таварыства адзначыў: спажыўцоў, якія пайшлі на падобныя кабальныя здзелкі, — дзясяткі, і ўсе пенсіянеры. Ён як спецыяліст са шматгадовай практыкай у справах абароны правоў спажыўцоў назірае непрыемную тэндэнцыю падобных зваротаў людзей сталага ўзросту.

Асобныя фірмы прадаюць вельмі дарагія тавары пенсіянерам праз падпісанне крэдытнага дагавора, складзенага банкам. Пры гэтым на бланках гэтай фінансавай установы няма пячацяў, а подпісы адказных асоб — ксеракопія.

Да прыкладу, прадаўцы накідак раілі ў крэдытных запытах для банкаў указаць большы памер пенсіі, чым ёсць на самай справе. Але выплата па крэдыце для пенсіянераў — непад'ёмная, кажа юрыст Андрэй Бабіч.

— У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 16 закона «Аб абароне правоў спажыўца», пакупнік, якому ў месцы рэалізацыі тавару не была даведзена неабходная і дакладная інфармацыя аб тавары, мае права патрабаваць скасавання дагавора куплі-продажу, — тлумачыць суразмоўнік. Ён можа быць скасаваны пры істотным парушэнні толькі судом. У астатніх выпадках дагавор бакі могуць скасаваць у добраахвотным парадку. Калі спажывец заключыў нават нявыгадны для сябе дагавор, ён абавязаны выконваць яго ўмовы, пакуль дагавор не скасаваны.

Дарэчы, толькі з пачатку года Гомельскае таварыства па абароне правоў спажыўцоў накіравала ў суд восем іскавых патрабаванняў па скасаванні дагавораў куплі-продажу вібрамасажных накідак. Да судовага пасяджэння паміж пакупнікамі і прадаўцамі было падпісана шэсць міравых пагадненняў. Адзін спажывец — пажылая жанчына — памерла, не дачакаўшыся рашэння суда па яе справе. Цяпер выплаты па крэдыце і працэнтах, вяртанне дарагога абсталявання — клубок, які будуць разблытваць яе родныя.

Неабходны каментарый

Практыкуючы псіхолаг, старшы выкладчык факультэта псіхалогіі і педагогікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Сцяпан Станібула:

— Па-першае, для многіх людзей старэйшага ўзросту ўласцівы неперажыты комплекс перманентнага дэфіцыту тавараў. Падсвядома яны схільныя да набыцця і назапашвання рэчаў, якія ім нават не патрэбны. Па-другое, дзейнічае механізм веры ў справядлівасць і сумленнасць любога чалавека. Дадайце да гэтага адсутнасць псіхалагічнай падрыхтоўкі да эканамічных рэалій сённяшняга часу — элементарную фінансавую і юрыдычную непісьменнасць. Адкрытасцю і даверлівасцю такіх людзей могуць карыстацца асобныя нядобрасумленныя гандляры таварамі. Я лічу, што трэба адкрываць школы эканамічнай асветы для людзей сталага ўзросту. А іх дарослым дзецям — часцей тэлефанаваць сваім бацькам і цікавіцца, чым тыя жывуць.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Нічога асабістага, толькі бізнес...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.