У Беларусі змяніўся чэмпіён краіны па футболе. У 29 туры чэмпіянату брэсцкае «Дынама» датэрмінова заваяваў залатыя медалі і першы чэмпіёнскі кубак у гісторыі клуба. Дзякуючы голу Аляксея Хабленкі ў першым тайме брастаўчане перамаглі «Віцебск» з лікам 1:0. Карэспандэнт «Звязды» асабіста назіраў за гістарычнымі падзеямі.
Усе квіткі на матч былі раскупленыя за рэкордныя тры гадзіны. І нават лёгкі мароз не перашкодзіў балельшчыкам гаспадароў запоўніць амаль цалкам стадыён «Брэсцкі». Матч не быў вельмі яскравым, бо каманды былі вымушаны гуляць асцярожна. Усё ж не магла не паўплываць на газон і фізіку мяча нізкая тэмпература паветра. Але і сумаваць не прыходзілася. Першы тайм застаўся за берасцейцамі. Госці з Віцебска беспаспяхова шукалі свой шанец у рэдкіх контратаках. Напрыканцы першай паловы сустрэчы абаронцы не здолелі прадухіліць узяцце ўласных варот. Хабленка літаральна прапхнуў мяч за лінію.
А другі тайм шматтысячная публіка згадваць будзе неахвотна. «Віцебск» не збіраўся здавацца і ў некалькіх момантах быў блізкі да пераносу вырашэння лёсу чэмпіёнства на наступныя выхадныя. Але забіць не атрымалася. У апошнія хвіліны гульні і кампенсаваны час футбольнае поле заслалася дымам — гэта актыўныя фанаты гаспадароў ужо пачалі яскрава, з вялікім банерам і фаерамі адзначаць чэмпіёнства. І ніякі ўзмоцнены кардон са сцюардаў не здолеў спыніць прарыў соцень балельшчыкаў на газон пасля фінальнага свістка.
На родным стадыёне футбалістам «Дынама-Брэст» быў ганарова ўручаны чэмпіёнскі трафей.
Дзмітрый Суганяеў
Фота і відэа аўтара
На прасторах яе вялікасці кнігі.