Падчас першай сесіі, на якой было абранае кіраўніцтва верхняй палаты парламента, Наталля Качанава падзякавала ўсім сенатарам за аказаны давер і запэўніла, што ўсе свае вопыт, сілы і веды накіруе на тое, каб рэалізаваць пастаўленыя перад Саветам Рэспублікі задачы.
Асноўны кірунак дзейнасці — заканатворчасць
— Савет Рэспублікі з'яўляецца адным з найважнейшых дзяржаўных інстытутаў нашай краіны, ад эфектыўнасці якога шмат у чым залежыць развіццё дзяржавы. На новай пасадзе я буду, як і раней, прытрымлівацца тых прынцыпаў, якія адзначыў кіраўнік дзяржавы. Перш за ўсё — суверэннасць і незалежнасць, — падкрэсліла яна.
Самае галоўнае, упэўнена спікер Савета Рэспублікі, — гэта людзі і справядлівае стаўленне да іх, а ўсе рашэнні, што прымаюцца, павінны быць на карысць дзяржавы.
Яна засяродзіла ўвагу, што для рэалізацыі асноўных кірункаў дзяржаўнай палітыкі неабходна захаваць пераемнасць вопыту заканатворчасці, рэгіянальнай і міжнароднай дзейнасці шостага склікання Савета Рэспублікі.
— Трэба будзе паслядоўна выканаць задачы, якія паставіў перад намі кіраўнік дзяржавы. Ён дакладна вызначыў, як павінны працаваць парламентарыі ў сучасных умовах, — падкрэсліла Наталля Качанава і акцэнтавала ўвагу на тым, што асноўны напрамак дзейнасці Савета Рэспублікі — заканатворчасць. Менавіта ў ёй павінны быць адлюстраваныя ўсе найважнейшыя сферы жыццядзейнасці дзяржавы: эканоміка, сацыяльная сфера, ахова жыцця і здароўя, навука, адукацыя, культура, спорт, экалогія, міжнародная палітыка.
Гэта далёка не ўсе аспекты. Дабрабыт людзей залежыць у першую чаргу ад эканамічнай сітуацыі ў краіне. Таму важнымі кірункамі заканатворчай дзейнасці, на думку спікера верхняй палаты, у гэтай сферы застаюцца павышэнне эфектыўнасці эканомікі, стварэнне новых рабочых месцаў, развіццё дзелавой ініцыятывы, дыверсіфікацыя экспарту, умацаванне навукова-тэхнічнага патэнцыялу, інвестыцыі, лічбавізацыя.
У прыярытэце — дэмаграфічная бяспека
Наталля Качанава звярнула ўвагу сенатараў на тое, што 2020-ы — завяршальны год пяцігодкі, а значыць, самы адказны і напружаны.
— Нас чакае вялікая работа над шэрагам законапраектаў, накіраваных на рэалізацыю Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны. Мы павінны захаваць сацыяльную скіраванасць дзяржаўнай палітыкі і традыцыйны ўклад грамадства, — адзначыла яна.
У прыярытэце трэба мець дэмаграфічную бяспеку — заканатворчая дзейнасць павінна быць накіравана на зацвярджэнне спрадвечных, нацыянальных каштоўнасцяў беларусаў: сям'і, абароны дзяцей, моладзі, павагі да старэйшага пакалення, захавання нацыянальнай культуры і патрыятызму, упэўнена Наталля Качанава.
— Магчыма, нам трэба будзе ўзяць удзел у глабальным праекце па ўдасканаленні Канстытуцыі. Адказнасць за гэтыя папраўкі і іншыя законы будзе насіць персанальны характар, — падкрэсліла выступоўца. — Мы павінны быць гатовыя да гэтага і выпрацаваць найбольш прымальныя варыянты змяненняў з улікам нацыянальных інтарэсаў і сучасных тэндэнцый.
Законы павінны быць зразумелыя людзям
Наталля Іванаўна звярнула ўвагу прысутных і на яшчэ адзін важны кірунак дзейнасці парламента — работу з людзьмі:
— Якія б мы ні прымалі папраўкі або законы, у цэнтры ўвагі павінен быць чалавек, яго дабрабыт, стварэнне ўмоў для яго самарэалізацыі, — адзначыла яна. — Сенатары павінны добра ведаць сітуацыю ў рэгіёнах, праблемы, якія хвалююць людзей, і актуалізаваць іх у рабоце з законапраектамі. Вы гэтыя праблемы ведаеце, таму што прадстаўляеце ўсе рэгіёны нашай краіны.
Спікер Савета Рэспублікі падкрэсліла, што законы павінны быць зразумелыя людзям, распрацоўвацца, карэктавацца ў адпаведнасці з тым жыццём і тымі ўмовамі, якія існуюць. Сустрэчы з людзьмі ў калектывах, арганізацыях, установах, на прадпрыемствах, работа са зваротамі грамадзян, прамыя лініі, прыёмы па асабістых пытаннях — усё гэта, несумненна, прамы абавязак парламентарыяў. Дапамагаючы вырашаць праблемы канкрэтных людзей, ім неабходна падключаць да працэсу мясцовыя органы ўлады. Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што многія з дэпутатаў вельмі актыўныя, неабыякавыя да праблем людзей, таму іх патэнцыял трэба выкарыстоўваць больш эфектыўна, выбудоўваць прадукцыйнае ўзаемадзеянне мясцовых Саветаў з парламентам, урадам, дзяржорганамі для вырашэння важных стратэгічных дзяржаўных задач.
Стасункі на міжнароднай арэне
Што датычыцца міжнароднай палітыкі, то неабходна, на думку спікера Савета Рэспублікі, працягнуць выбудоўваць дыпламатычныя адносіны з парламентамі іншых дзяржаў.
— Для нас важна захаваць і ўмацаваць блізкія сувязі з былымі рэспублікамі Савецкага Саюза. Асаблівую ўвагу варта ўдзяліць пытанням супрацоўніцтва з партнёрамі па Саюзнай дзяржаве. Праблемы ў развіцці інтэграцыйных працэсаў, у тым ліку ў сферы ўніфікацыі і гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў, вы ведаеце, — адзначыла Наталля Качанава і падкрэсліла, што сенатары павінны выразна адстойваць і прасоўваць нацыянальныя інтарэсы, а таксама выбудоўваць эфектыўнае ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва з дзяржавамі Еўрасаюза і далёкай дугі.
— І самае галоўнае — захаваць пераемнасць, максімальна выкарыстаць патэнцыял, напрацаваны шостым скліканнем, — рэзюмавала яна.
Хто ўвайшоў у прэзідыум?
Кіраўніцтва Савета Рэспублікі сфарміравана на першым арганізацыйным пасяджэнні сесіі сёмага склікання.
Трэба сказаць, што дзеючы склад Савет Рэспублікі сёння — гэта 60 сенатараў. 56 чалавек абраны на пасяджэннях абласных і Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, чатыры прызначаны Прэзідэнтам нашай краіны. Традыцыйна заканатворчая дзейнасць аб'ядноўвае найлепшых прадстаўнікоў сваіх рэгіёнаў (бо верхняя палата парламента — гэта орган тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. — «МС»): вопытных, дасведчаных, паважаных... Дарэчы, працягнута і пераемнасць: 11 сенатараў прадстаўлялі інтарэсы сваіх рэгіёнаў у складзе Савета Рэспублікі шостага склікання.
У дзеючым складзе 26 чалавек маюць дзяржаўныя ўзнагароды, 14 — навуковыя ступені ці званні, два — члены-карэспандэнты Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, сем з'яўляюцца прафесарамі.
На першым арганізацыйным пасяджэнні сенатары абралі кіраўніцтва верхняй палаты парламента. У прэзідыум увайшлі спікер Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА, віцэ-спікер Анатоль ІСАЧАНКА і новаабраныя старшыні Пастаянных камісій. Пазнаёмім з імі нашых чытачоў. Пастаянную камісію па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні ўзначаліў Міхаіл РУСЫ, Пастаянную камісію па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці — Віктар ЛІСКОВІЧ, Пастаянную камісію па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве — Сяргей СІВЕЦ, Пастаянную камісію па эканоміцы, бюджэце і фінансах — Таццяна РУНЕЦ і Пастаянную камісію па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы — Сяргей РАЧКОЎ.
Вольга АНУФРЫЕВА, фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.