Вы тут

Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання распачаў сваю працу


Пад старшынствам спікера верхняй палаты парламента Наталлі Качанавай адбылося першае пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі сёмага склікання.


Разлік на плённую сумесную работу

Намеснікам старшыні Савета прызначаны Міхаіл Русы, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні. У склад гэтай структуры ўвайшлі старшыні сельскіх, раённых, гарадскіх і абласных Саветаў дэпутатаў, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных органаў кіравання, у прыватнасці намеснікі старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта, міністра фінансаў, старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, міністра юстыцыі і іншыя.

Дарэчы, якасны склад абноўленага Савета адзначыла Наталля Качанава. На яе погляд, у яго ўвайшлі людзі з вялікім жыццёвым і прафесійным досведам работы, у тым ліку і ў органах мясцовага самакіравання. Таму яна разлічвае на плённую сумесную работу. Спікер верхняй палаты парламента звярнула ўвагу, што першае пасяджэнне Савета адбываецца цяпер у Мінску ў памяшканні Савета Рэспублікі. Далей яго пасяджэнні будуць абавязкова праходзіць у рэгіёнах.

І ўвогуле ў дзейнасці Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання магчымыя карэкціроўкі, перамены, бо жыццё не стаіць на месцы. Перспектыўнай формай работы Наталля Качанава назвала сустрэчы кіраўніцтва Савета Рэспублікі, сенатараў са старшынямі сельскіх, раённых, гарадскіх і абласных Саветаў дэпутатаў. Такая сустрэча ўжо адбылася ў Віцебскай вобласці. Чарговая на наступным тыдні пройдзе ў Магілёўскай, а потым і ва ўсіх астатніх абласцях краіны.

Нагадаем, Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання існуе ўжо больш за 10 гадоў. Па словах яго старшыні, сёння дэпутацкі корпус (больш за 18 тысяч чалавек) мае магчымасць у канцэнтраваным выглядзе бачыць праблемы, якія хвалююць людзей у рэгіёнах. У гэтым сэнсе Савет па ўзаемадзеянні служыць добрай пляцоўкай для вывучэння і абагульнення пытанняў, якія ўзнікаюць на месцах.

У ходзе пасяджэння члены Савета прынялі план работы на гэты год, таксама стварылі рабочую групу па падрыхтоўцы асноўнага пытання да чарговай сустрэчы на Савеце.

Удакладненне задач

На пасяджэнні таксама адбылася грунтоўная размова аб шляхах удасканалення работы дэпутатаў з насельніцтвам у рэгіёнах, канкрэтным удзеле народных абраннікаў у вырашэнні праблем мясцовага значэння.

Сваімі думкамі і поглядамі на гэты конт падзялілася з прысутнымі Наталля Качанава. Яна падкрэсліла, што дэпутацкая работа павінна быць рэальная, эфектыўная, без фармалізму, і прыносіць канкрэтны вынік. Першы сярод прыярытэтаў — клопат пра людзей, рост іх дабрабыту, павышэнне ўзроўню якасці жыцця. А гэта і працоўная занятасць насельніцтва, і цэны ў крамах на тавары штодзённага попыту, і заробкі.

«Наша актыўная грамадзянская дэпутацкая пазіцыя павінна гучаць больш дакладна і зразумела, наш голас — быць больш чутным і прыкметным пры вырашэнні асноўных задач, якія стаяць перад краінай», — сказала Наталля Качанава.

Спынілася спікер і на неабходнасці ўзмацнення работы з моладдзю. Цяпер у Беларусі ствараецца маладзёжны парламент. Мяркуецца, што ў яго склад увойдуць па 10 юнакоў і дзяўчат ад кожнай вобласці і Мінска. Мы будзем з імі актыўна працаваць. Гэта кадравы рэзерв. Трэба бачыць перспектыўных маладых людзей, будучых лідараў», — сказала Наталля Качанава.

У сваім выступленні спікер Савета Рэспублікі яшчэ раз заклікала калег дэпутатаў звяртаць асаблівую ўвагу на работу з людзьмі. На яе погляд, гэта і рэгулярныя прыёмы па асабістых пытаннях, і сустрэчы ў працоўных калектывах, і справаздачы мясцовых органаў улады перад насельніцтвам. Бо калі людзі інфармаваныя, у іх узнікае менш пытанняў.

Наталля Качанава падзялілася з прысутнымі назіраннем аб папярэдніх выніках студзеньскіх прыёмаў грамадзян старшынямі пастаянных камісій у Савеце Рэспублікі. Гэтыя прыёмы паказалі, што большасць пытанняў, якія ўздымалі людзі, магла быць вырашана на мясцовым узроўні. Спікер заявіла, што такая форма работы працягнецца, сенатары будуць практыкаваць і выязныя прыёмы, а таксама працаваць з электроннымі і пісьмовымі зваротамі, бо ў іх утрымліваецца шмат цікавых прапаноў.

Дарогу мясцовым ініцыятывам

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук у сваім выступленні якраз і засяродзіўся на ролі органаў мясцовага самакіравання па ўдасканаленні работы з насельніцтвам і вырашэнні іх злабадзённых жыццёвых пытанняў. І ў размове з журналістамі ён развіў гэтую тэму.

У прыватнасці, Ігар Георгіевіч падзяліўся думкай аб неабходнасці стварэння ў рэгіёнах пры органах улады спецыяльных фондаў фінансавай падтрымкі мясцовых ініцыятыў. Гэтыя фонды дазволяць далучаць грамадзян, жыхароў канкрэтных населеных пунктаў да вырашэння тых праблем, якія там існуюць, упэўнены дэпутат. Па яго словах, людзі павінны ведаць, што іх думкі будуць пачуты, а слушная ініцыятыва ўспрынята. Трэба даць ім магчымасць паверыць у тое, што яны ў сілах самастойна змяніць сітуацыю, могуць удзельнічаць у рэалізацыі сацыяльных праектаў, неабходных для паляпшэння іх жыцця. Сёння людзі разлічваюць на дэпутатаў, чакаюць ад органаў мясцовага самакіравання эфектыўнай работы па вырашэнні праблемных пытанняў, з якімі яны сутыкаюцца ў рэгіёнах, кажа Ігар Жук.

Ён назваў сустрэчы дэпутатаў у рамках Савета па ўзаемадзеянні важнымі і карыснымі. На думку дэпутата, яны дазваляюць выпрацоўваць шляхі паляпшэння дзейнасці органаў мясцовага самакіравання, рабіць яе больш эфектыўнай.

Леанід Лахманенка

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Запыт на актыўную грамадзянскую пазіцыю дэпутатаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.