Вы тут

Як супрацоўнічаюць Беларусь і Вялікабрытанія


Актывізаваць двухбаковае супрацоўніцтва Беларусі і Вялікабрытаніі дапамогуць міжпарламенцкія кантакты

Пра гэта ішла размова падчас сустрэчы спікера верхняй палаты беларускага парламента Наталлі Качанавай з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Аб'яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Жаклін Перкінс, якая адбылася на мінулым тыдні ў Савеце Рэспублікі.


Вітаючы госцю, Наталля Качанава адзначыла, што Беларусь заўсёды разглядала Вялікабрытанію як краіну, з якой у нас складваюцца добрыя стасункі. Апошнім часам інтэнсіфікаваўся двухбаковы палітычны дыялог, а таксама гандлёва-эканамічныя адносіны, што вельмі важна, падкрэсліла яна. «Гэта сведчыць пра тое, што ў нашых краін ёсць патэнцыял да ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва», — звярнула ўвагу спікер беларускага парламента.

Калі звярнуцца да лічбаў, то за 11 месяцаў 2019 года агульны тавараабарот склаў 2,4 мільярда долараў, з іх экспарт — 2,2 мільярда, імпарт — 0,3 мільярда долараў. Сальда, як бачым, станоўчае — 1,9 мільярда. Што мы пастаўляем? Большай часткай гэта нафтапрадукты, азотныя ўгнаенні, металаканструкцыі, мэбля і іншыя тавары. А завозім рухавікі ўнутранага згарання, аўтамабілі, часткі для іх і трактароў, лекі, марожаную рыбу.

Дарэчы, Аб'яднанае Каралеўства займае другую пазіцыю (пасля Расіі) па аб'ёме прыцягнутых у беларускую эканоміку прамых замежных інвестыцый. Гэтая лічба за тры леташнія кварталы склала 1,4 мільярда долараў. У нашай краіне створана 211 арганізацый з брытанскім капіталам.

— Мы разлічваем на тое, што нашы добрыя стасункі будуць працягнуты і ў дзелавой, і ў палітычнай, і ў міжпарламецкай сферы, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Патэнцыял для далейшага супрацоўніцтва ў нас вялізны.

Важным, на яе думку, з'яўляецца і наладжаны дыялог паміж парламентарымі. У парламентце Беларусі дзейнічае міжпарламенцкая група сяброўства, якую ўзначальвае член Савета Рэспублікі Алег Румо. У 2017-м упершыню адбыўся візіт дэлегацыі парламента Вялікабрытаніі ў нашу краіну, і беларускі бок разлічвае на працяг такіх кантактаў.

— Гэта вельмі важна, бо парламентарыі могуць многае, у тым ліку інтэнсіфікаваць адносіны, якія сёння выбудоўваюцца ў палітычнай і эканамічнай прасторы, — упэўнена спікер Савета Рэспублікі.

Асобна яна падзякавала Аб'яднанаму Каралеўству за тую дапамогу, якая была аказана пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС і датычылася аздараўлення беларускіх дзяцей у гэтай краіне: з той пары амаль 10 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак пабывалі ў Вялікабрытаніі.

— Гэта цудоўны прыклад супрацоўніцтва, — падкрэсліла яна. — Калі маладыя людзі бачаць, як жывуць у іншай краіне, адчуваюць добрае стаўленне — гэта сведчыць пра тое, што ў нашых адносін, безумоўна, ёсць будучыня.

У сваю чаргу, Жаклін Перкінс падзякавала за цёплы прыём і пагадзілася з тым, што двухбаковыя адносіны паміж краінамі маюць добрыя магчымасці для далейшага развіцця. На ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, безумоўна, уплываюць і міжпарламенцкія кантакты, якія яна як дыпламат плануе актывізаваць у найбліжэйшай перспектыве. Для гэтага разглядаецца магчымасць арганізацыі візіту ў рамках адпаведнай групы дружбы членаў парламента Вялікабрытаніі ў Беларусь, каб замацаваць і яшчэ больш пашырыць гэтыя кантакты.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.