Вы тут

Уладзімір Каранік: Прашу аднесціся спакойна


У Беларусі медыкі праводзяць трэніроўкі і іншыя мерапрыемствы, каб прадухіліць пранікненне і распаўсюджванне каранавіруса.

Каранавіруса ў Беларусі пакуль няма, і робіцца ўсё магчымае, каб не дапусціць яго пранікнення і распаўсюджвання. Пяць беларусаў, якія разам з грамадзянамі Казахстана былі ў нядзелю эвакуіраваны з кітайскай правінцыі Ухань, размешчаны ў шпіталі ў Нур-Султане і будуць знаходзіцца там на працягу ўсяго каранціннага перыяду. Пра гэта расказаў падчас адкрыцця мікрабіялагічнай лабараторыі пры раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі ў Шклове міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір КАРАНІК.


— Мы працуем на прадухіленне і прафілактыку. Першае — гэта прафілактыка завозаў каранавіруса ў краіну. Другое — прафілактыка яго шырокага распаўсюджвання. Ва ўмовах сённяшняй глабалізацыі мы не можам гарантаваць, што вірус не пранікне на нашу тэрыторыю. Наша задача — лакалізаваць і не дапусціць яго распаўсюджвання ў краіне. Вірусам заразіцца не так проста, і, мяркую, тыя мерапрыемствы, якія цяпер праводзяцца, дазволяць пазбегнуць яго пашырэння, — адзначыў Уладзімір Каранік.

Міністр нагадаў, што кантроль наладжаны ў аэрапорце і на аўтамабільным транспарце. Пільна правяраюцца пасажыры, якія прыбываюць прамымі авіяцыйнымі рэйсамі з Кітая. Нават людзей без прыкмет рэспіраторнай інфекцыі абследуюць у лабараторных умовах — у іх бяруць мазкі са слізістай. Тых, хто прыязджае аўтамабільным транспартам, абследуюць з дапамогай цеплавізараў. Апроч гэтага, цяпер медыцынскія работнікі адпрацоўваюць розныя сітуацыі, якія могуць узнікнуць пры завозе віруса.

— Праводзяцца трэніроўкі медперсаналу з адпрацоўкай дзеянняў у выпадку выяўлення пацыентаў з падазрэннем на каранавірус. Калі чалавек, які быў у КНР, звяртаецца ў прыёмны пакой ці выклікае «хуткую», павінен быць праведзены ўвесь комплекс мерапрыемстваў па дастаўцы ў спецыялізаваную медустанову, ізаляцыі, заборы біяматэрыялу, наступнай санапрацоўцы транспарту і месцаў, куды ён звяртаўся, а таксама спецадзення медперсаналу. Прашу аднесціся спакойна да такіх трэніровак: гэта планавая работа, — падкрэсліў Уладзімір Каранік.

На момант успышкі каранавіруса ў кітайскай правінцыі Ухань знаходзілася 12 беларускіх грамадзян. З васьмю з іх удалося ўстанавіць кантакт, пяцёра выказалі намер эвакуіравацца на радзіму.

— Мы звязаліся з адпаведнымі службамі Расіі і Казахстана. Абодва бакі пацвердзілі гатоўнасць забяспечыць падчас эвакуацыі сваіх грамадзян месцы на самалёце і для беларусаў. Першым прыляцеў борт Казахстана. На ім прыбылі і пяцёра нашых грамадзян. Усе яны былі змешчаны на каранцін у шпіталі Нур-Султана. На сёння ніхто з іх не мае прыкмет хваробы, іх стан не выклікае асцярог, праводзіцца лабараторны кантроль і ўсе неабходныя абследаванні. Па завяршэнні каранціну будзе прынята рашэнне аб адпраўцы іх у Беларусь. Расія плануе эвакуіраваць сваіх грамадзян у найбліжэйшыя дні. Калі беларусы, якія плануюць пакінуць Ухань ці іншыя рэгіёны, дзе праводзіцца эвакуацыя, пажадаюць выехаць, ім будзе дадзена месца на расійскім борце, — заявіў міністр.

Па звестках, на раніцу 2 лютага, 361 чалавек загінуў з-за выкліканай каранавірусам пнеўманіі ў Кітаі, 475 пацыентаў удалося вылечыць і выпісаць з бальніцы. Колькасць тых, хто захварэў, перавышае 17 тысяч. На выхадных стала вядома пра першую ахвяру віруса за межамі Кітая — на Філіпінах памёр 44-гадовы пацыент.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Выкананне якіх правіл зробіць паездку на электрасамакаце бяспечнай?

Карэспандэнты «Звязды» разам з супрацоўнікамі ДАІ паназіралі, як мінчане карыстаюцца сродкамі персанальнай мабільнасці.

Грамадства

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Як Мінск ўпрыгожаць да юбілею Вялікай Перамогі

Больш за 1410 тэматычных канструкцый з’явіцца на вуліцах сталіцы

Рэгіёны

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Рэканструкцыя Лельчыцкай цэнтральнай кацельні ідзе поўным ходам

Праект надзвычай важны сацыяльна, але не толькі…