Вы тут

Уладзімір Каранік расказаў, як будзе развівацца Гродзенскі рэгіён


У 2023 годзе Гродзеншчына палепшыла асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Рост ВУП склаў 6,6 %, больш чым на 100 % павялічыліся інвестыцыі ў асноўны капітал, значна выраслі прыбыткі. Усё гэта дазволіла сфарміраваць прафіцытны бюджэт. Летась удалося выканаць усе ўзятыя абавязацельствы і нават зрабіць звыш плана. Істотныя аб’ёмы работ запланаваны на сёлетні год. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік вызначыў асноўныя аспекты дзейнасці і ўвядзенне новых аб’ектаў інфраструктуры на 2024 год.


Фермы і дарогі

У вобласці вядзецца маштабны працэс рэканструкцыі аб’ектаў жывёлагадоўлі. Больш за 80 % пагалоўя знаходзіцца на сучасных комплексах. Яшчэ 15 будуюцца. Амаль столькі ж будзе ўведзена па выніках мінулага года разам з першым кварталам 2024-га.

Сур’ёзныя рэсурсы сёлета будуць накіраваны на рамонт і ўтрыманне дарог. Пры тым, што ў мінулым годзе іх фінансаванне было павялічана ў два разы.

— Вядзецца работа па часовым рамонце дарог і ямачны рамонт, каб павялічыць бяспеку для кіроўцаў. З паляпшэннем надвор’я дарогі будуць прыводзіцца ў парадак, у тым ліку ў кварталах індывідуальнага будаўніцтва. Ёсць дамова з гарвыканкамам, што на працягу двух гадоў там будуць прыведзены ў парадак усе гравійныя дарогі. Далей гэта работа будзе весціся з удзелам саміх жыхароў. Будзем сумесна працаваць над тым, каб там быў пракладзены асфальт, бардзюрны камень, — акрэсліў перспектывы Уладзімір Каранік.

Мемарыял

У Гродне будзе праведзена рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу «Шталаг-324». На месцы былога лагера смерці на ўскрайку Гродна ў 60-я гады была ўстаноўлена бетонная стэла. Падчас памятных дат тут праходзяць масавыя мерапрыемствы. Між тым гэта месца не да канца добраўпарадкавана. Не вызначаны адпаведным чынам брацкія магілы, няма спісаў загінулых вязняў.

Згодна з планам рэканструкцыі, будуць праведзены работы па добраўпарадкаванні агульнай магілы, з’явяцца інфармацыйныя табліцы, будзе наведзены парадак у цэлым на тэрыторыі комплексу. Плануецца, што работы будуць завершаны да Дня Перамогі.

Медыцына

Кіраўнік рэгіёна расказаў аб галоўных будаўнічых праектах аховы здароўя.

Важнай падзеяй стане адкрыццё ў Гродне клініка-дыягнастычнага корпуса абласнога анкадыспансера з устаноўкай КТ, МРТ, радыенукліднай дыягностыкай. Летась тут быў запушчаны радыелагічны корпус. Такім чынам, вядзецца паэтапны выхад на праектную магутнасць. У далейшым пачнецца рэканструкцыя тэрапеўтычнага корпуса. Па словах губернатара, медыцынская ўстанова стане адной з самых сучасных у краіне.

У сакавіку плануецца завяршыць рэканструкцыю хірургічнага корпуса ўніверсітэцкай клінікі. Працягваюцца работы ў корпусе клінічнага цэнтра «Фтызіятрыя». Вядзецца актыўнае будаўніцтва аддзялення хуткай дапамогі абласнога кардыялагічнага цэнтра, дзе будзе ўстаноўлена навейшае абсталяванне, каб мець магчымасць эфектыўна дапамагаць пацыентам, якія знаходзяцца ў крытычным стане.

Працягваецца рамонт гарадскіх бальніц абласнога цэнтра. У сувязі з тым, што размясціць на іх плошчах высокатэхналагічнае абсталяванне не заўсёды магчыма, прынята рашэнне аб будаўніцтве новай клінікі, дзе будзе магутная пульманалагічная, кардыялагічная, эндакрыналагічная і іншыя службы, два КТ, МРТ, ангіёграф.

Цэнтр спорту, ЗАГС, садок

Адным з маштабных праектаў, які плануецца ажыццявіць у Гродне, стане шматфункцыянальны спартыўны комплекс. Як зазначыў кіраўнік рэгіёна, тут будзе дзве пляцоўкі. Асноўная на дзве тысячы гледачоў дазволіць праводзіць міжнародныя спаборніцтвы па ўсіх гульнявых відах спорту, другая пляцоўка на 500 месцаў — трэніровачная. Таксама будзе 50-метровы басейн з тэрмальнымі зонамі. У далейшым цэнтр можна развіваць, напрыклад, дабавіць крытыя тэнісныя корты, харчовыя аб’екты, гасцініцу. Фінансаванне аб’екта закладзена ў абласную інвестыцыйную праграму.

Магчыма, будзе вызначаны лёс былога Палаца тэкстыльшчыкаў у цэнтры Гродна. З гэтым велічным будынкам улады вызначаюцца не першы год. І вось нарэшце яго лёс атрымаў перспектыву. Мяркуецца, што будынак стане Палацам для заключэння шлюбу. Акрамя функцый ЗАГСа, аб’ект стане месцам для правядзення знакавых мерапрыемстваў, канферэнцый, выставак.

Зрушыўся з месца і праект па рэканструкцыі басейна «Лазурны». Тут плануецца стварыць цэнтр воднага адпачынку, у тым ліку сямейнага, дзе змогуць адпачыць да 160 чалавек за гадзіну. 

У планах — як дарожкі, так і водныя горкі, некалькі джакузі, дзіцячыя басейны з атракцыёнамі, СПА-зоны з лазнямі і саўнамі, саляная пячора і іншае. Аб’ект будзе інклюзіўна адаптаваны. Тэрмін яго здачы ў эксплуатацыю — 2025 год, а кошт работ — 12 мільёнаў рублёў.

Сёлета будзе здадзены ў эксплуатацыю адзін з самых вялікіх дзіцячых садкоў рэгіёна. Ён разлічаны на 335 дзяцей. Будаўніцтва вядзецца ў самым маладым мікрараёне Грандзічы-3, які актыўна забудоўваецца. Кошт аб’екта складае 16 мільёнаў рублёў. На будаўнічыя работы накіравана на сёння амаль шэсць мільёнаў. Тут будзе ліфт, басейн, каля 20 гульнявых пляцовак — адпаведнасць усім сучасным патрабаванням.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Здароўе, сельская гаспадарка і інфраструктура

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.