Фiльм Ралана Быкава «Пудзiла» пра шасцiкласнiцу Лену Бяссольцаву, якая здолела выстаяць у сутыкненнi з подласцю, здрадай i цкаваннем з боку аднакласнiкаў, пасля выхаду на экран адразу выклiкаў шырокi рэзананс у грамадстве. Некаторыя палiчылi, што ён ганьбiць савецкiх дзяцей, нават прапаноўвалi знiшчыць кiнастужку. У 80-я гады ХХ стагоддзя слова «булiнг» нiхто яшчэ не ведаў, але сама гэта сацыяльная з'ява была. Вось толькi за сцены школ праблему падлеткавага гвалту старалiся не выносiць.
У 2018 годзе наша краiна пры падтрымцы Сусветнага банка развiцця ўдзельнiчала ў мiжнародным параўнальным даследаваннi PISA па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў, а таксама школьнага асяроддзя. У анкеце прапаноўвалiся ў тым лiку i пытаннi пра булiнг. У вынiку 19 працэнтаў 15-гадовых падлеткаў прызналiся, што зазнавалi ганеннi некалькi разоў на працягу апошняга месяца. А па звестках прадстаўнiцтва Дзiцячага фонду ААН (ЮНIСЕФ) у Беларусi з цкаваннем з боку равеснiкаў сутыкаюцца 60 працэнтаў вучняў школ i гiмназiй.
Падчас круглага стала, арганiзаванага ўстановай падтрымкi настаўнiцкiх iнiцыятыў «ЭдКэмп», беларускiя педагогi, псiхолагi i прадстаўнiкi грамадскiх арганiзацый шукалi адказы на пытаннi, як дзейнiчаць у сiтуацыi цкавання i цi можна спынiць булiнг.
— Важна адрознiваць булiнг ад канфлiкту, — папярэджвае псiхолаг SOS-Дзiцячай вёскi ў Бараўлянах Марына САСНIНА. — У першым выпадку iснуе дысбаланс улады: хтосьцi валодае пэўнымi якасцямi або статусам, якiя даюць яму адчуванне перавагi над iншым. У канфлiкце ж узаемадзейнiчаюць роўныя. Адбываецца сутыкненне iх iнтарэсаў, абодва адстойваюць свой пункт гледжання i даюць здачы. Булiнг — гэта наўмыснае дзеянне, у адрозненне ад канфлiкту: канфлiкт не плануюць, ён здараецца.
Пад булiнгам разумеюць сiстэматычны пераслед каго-небудзь групай або асобным чалавекам, вербальны i (цi) фiзiчны. Але булiнгам можа быць i сацыяльная iзаляцыя, якая траўмiруе не менш, чым славесная агрэсiя. З пэўным дзiцем у класе не жадаюць садзiцца побач, не клiчуць яго ў гульнi. Калi адбываецца размеркаванне па камандах, напрыклад на ўроку фiзкультуры, гэтае дзiця выбiраюць апошнiм цi ўвогуле не бяруць.
— Уявiце сабе, што вы прыйшлi на работу, а ў настаўнiцкай вас iгнаруюць усе калегi, вы звяртаецеся да iх, а яны дэманстратыўна адварочваюцца цi адыходзяць. Што вы адчуеце? — прапануе спраецыраваць сiтуацыю на сябе Марына Саснiна. — Кожнае дзiця мае права адчуваць сябе ў школе ў бяспецы, i педагогi павiнны ўзяць на сябе за гэта адказнасць. Задача дарослых — своечасова заўважыць, умяшацца i вырашыць сiтуацыю з булiнгам. Самi вучнi такога зрабiць нiколi не змогуць. Але гэта ў сiлах класнага кiраўнiка цi iншага педагога, якi карыстаецца ў школьнiкаў аўтарытэтам. Паверце, нават хатнi гвалт можа нанесцi менш шкоды, чым булiнг у школе.
У грамадстве iснуе меркаванне, што дзiцяцi «трэба праз усё прайсцi, такiя сiтуацыi загартоўваюць, вырасце — будзе мужыком». Яму кажуць: «Не данось», «Спраўляйся сам». Але булiнг не загартоўвае. Шэраг даследаванняў паказалi, што людзi, якiх у дзяцiнстве цкавалi, больш схiльныя ў маладым узросце да суiцыду, трывожных расстройстваў i дэпрэсiй. У iх занiжаная самаацэнка, а iх паспяховасць у школе можа пачаць моцна «кульгаць».
Як правiла, булiнг праяўляецца ў другiм—сёмым класах. Гэта той узроставы перыяд, калi дзецi вучацца ўзаемадзейнiчаць у калектыве, вызначаюць, дзе iх месца, якiя ролi яны могуць прымераць на сябе.
— Часта цкаванне распачынаецца менавiта ў пачатковых класах, калi яшчэ не выпрацавалiся нейкiя сацыяльныя нормы i правiлы. Дзецi, як правiла, раўняюцца на настаўнiка, ён для iх — важная асоба. Але здараецца, што самi настаўнiкi, наўмысна цi ненаўмысна, правакуюць булiнг, — папярэджвае Марына Саснiна. — Напрыклад, калi ў класе з'яўляецца нязручны цi занадта актыўны вучань, педагог можа сказаць: «Праз яго ўсе паказчыкi класа знiжаюцца, ён нас тармозiць». Што чуюць у гэты момант яго аднакласнiкi? Што Iванова, Пятрова, Сiдарава трэба з групы выгнаць. Мiж iншым, прыналежнасць да яе — адна з нашых базавых патрэб. Нам вельмi страшна апынуцца ў iзаляцыi.
Калi ў школе адбываецца цкаванне, пакутуе не толькi яго ахвяра, але i сведкi, якiя назiраюць i нiчога не робяць, каб спынiць. I вiнаватыя заўсёды таксама ўсе, i настаўнiкi ў тым лiку. А дзiцяцi важна разумець, што яно не адно, што яму ёсць да каго звярнуцца па падтрымку.
Старшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага педагагiчнага ўнiверсiтэта iмя М. Танка i навуковы супрацоўнiк РНПЦ псiхiчнага здароўя Наталля ГРЭБЕНЬ каля пяцi гадоў вывучае сiтуацыю з булiнгам у беларускiх школах.
У сваё апошняе даследаванне яна ўключыла тры мiнскiя школы — пяць класаў, у якiх вучыцца 150 чалавек. Паводле яе звестак, псiхалагiчнае цкаванне ў навучальных установах дамiнуе над фiзiчным. I толькi 7 працэнтаў тых, хто цкуе, гатовыя прызнацца, што яны сiстэматычна праяўляюць агрэсiю або зневажаюць iншых.
Хлопцы крыху часцей церпяць ад булiнгу, чым дзяўчаты, але рознiца нязначная. «Калi мне трэба iсцi ў школу, у мяне псуецца настрой», «у класе нiкому да мяне няма справы», «у мяне няма сапраўдных сяброў», «мару хутчэй скончыць школу i забыцца пра ўсiх», «былi выпадкi, калi аднакласнiкi псавалi мае асабiстыя рэчы», «некаторыя з iх звяртаюцца да мяне па мянушцы», «некаторыя з аднакласнiкаў могуць мяне штурхнуць цi ўдарыць», «былi
сiтуацыi, калi аднакласнiкi пагражалi мне», — прызнаюцца дзецi.
Апытанне паказала: 68 працэнтаў падлеткаў зазнаюць булiнг час ад часу, 17 працэнтаў — нiколi i 14 працэнтаў — пастаянна.
Але булiнг — гэта не заўсёды агрэсiя. Падлетак можа адчуваць агiду, пагардлiвасць у адносiнах да аднакласнiка. Гэта iншая эмоцыя, але яна — таксама праява булiнгу. А вось выкарыстанне мянушкi можа быць i не абразай, а толькi элементам субкультуры: усё залежыць ад таго, як ставiцца да яе падлетак, цi выклiкае яна ў яго эмацыянальныя перажываннi.
Не кожны школьнiк ведае, што менавiта з'яўляецца гвалтам, як трэба дзейнiчаць у падобных сiтуацыях, да каго i калi звяртацца. Але галоўнае, не ўсе ўпэўненыя, што iх звароты будуць успрынятыя сур'ёзна i дарослыя яшчэ больш не ўскладняць сiтуацыю. Вядома, адбiваецца i цiск агульнавядомых стэрэатыпаў кшталту «ахвяра часта сама вiнаватая», «калi скардзiцца, значыць, ён слабы, даносчык, шасцёрка i гэтак далей»...
— Першае правiла — шукай дарослага, якi табе дапаможа. Не пачуў адзiн — звярнiся да iншага цi да нас! — раiць спецыялiст Рэспублiканскага цэнтра псiхалагiчнай дапамогi Эмiлiя БУРАЧЭЎСКАЯ. — Наш тэлефон гарачай лiнii +375 17 300 1006. Казаць праўду i паведамляць пра выпадкi запалохвання i пераследу — гэта акт адвагi. Ёсць рознiца памiж даносам i абаронай жыцця i годнасцi сваёй або свайго сябра.
Зацiкаўленасць у вырашэннi канфлiктаў павiнны праяўляць у першую чаргу настаўнiкi i адмiнiстрацыя школ. Менавiта ў iх павiнен быць дакладны алгарытм дзеянняў, як спынiць гвалт, аказаць дапамогу пацярпеламу, дакументальна зафiксаваць факт, разабраць сiтуацыю з наступным яе вырашэннем, падтрымаць усiх удзельнiкаў канфлiкту, у тым лiку крыўдзiцеля i сведак. Як паказвае практыка, умяшанне дарослых можа спынiць здзекi над вучнямi на коранi.
— У сiтуацыi булiнгу дзiця транслюе тыя нормы паводзiн, якiя дапушчальныя ў калектыве, дзе яно знаходзiцца. Атрымлiваецца, што нават калi мы прыбяром з класа агрэсара альбо ахвяру, iх месца зойме нехта iншы. Таму што гэтая сiстэма дысфункцыянальная i дазваляе так сябе паводзiць, — папярэджвае псiхолаг. — Праблема не ў канкрэтным вучнi, а ў тым, што так паводзiць сябе з аднакласнiкамi лiчыцца дапушчальным.
Для мяне гэта драматычная сiтуацыя, калi ты прыходзiш у школу, вядзеш з педагогамi размову пра каштоўнасцi, а яны размаўляюць адно з адным на iншыя тэмы. А потым раптам уключаюцца i пачынаюць расказваць: «А вось мы змагаемся з дзiцем, i ўсё беспаспяхова...» Гэта значыць, дэманструюць паводзiны, у якiх папракаюць сваiх вучняў. I дастукацца, давесцi да iх, што дзецi глядзяць на настаўнiкаў, капiруюць iх мадэль паводзiн, вельмi праблематычна. Пэўная частка настаўнiкаў не разумее, што такое гвалт, годнасць, каштоўнасцi i асабiстыя межы...
ЯК ЗРАЗУМЕЦЬ, ШТО ДЗIЦЯ СТАЛА АХВЯРАЙ БУЛIНГУ?
- Яно не хоча iсцi ў школу. Прапускае заняткi, рэзка пагоршылася паспяховасць.
- Звярнiце ўвагу на яго позу: уцягнутая ў плечы галава, згорбленая спiна, апушчаны падбародак... Калi раней такога не назiралася, варта пацiкавiцца справамi ў школе.
- Скаргi на мiгрэнi, боль у жываце. Яны могуць быць выклiканы стрэсам i страхам сутыкнуцца з крыўдзiцелямi.
- Часта дзiця вяртаецца дадому з сiнякамi, у брудным цi сапсаваным адзеннi.
- Замкнёнасць. Раней гаваркое, яно рэзка зрабiлася маўчуном. Сыходзiць у сябе.
- Знiкаюць асабiстыя рэчы — сшыткi, падручнiкi, адзенне, грошы.
- Дзiця выдалiла акаўнты ў сацсетках. Магчыма, такiм чынам яно спрабуе абаранiцца ад кiбербулiнгу.
Кансультант па пытаннях абароны правоў дзiцяцi прадстаўнiцтва Дзiцячага фонду ААН (ЮНIСЕФ) у Беларусi Марына АНАНЕНКА паведамiла, што для беларускiх дзяцей, якiя зазналi ганеннi, адкрыта бясплатная кругласутачная тэлефонная лiнiя. Патэлефанаваўшы на нумар 8 801-100-16-11, яны могуць ананiмна расказаць пра сваю праблему спецыялiстам i атрымаць дапамогу. Кансультанты максiмальна iмкнуцца пераканаць дзяцей, якiя тэлефануюць, у тым, што да сiтуацыi лепш за ўсё прыцягнуць спецыялiстаў (калi зварот звязаны з фактам гвалту), дарослых (калi гаворка iдзе пра булiнг у школе) i падказваюць патрэбныя кантакты i адрасы.
Таксама Марына Ананенка параiла звярнуць увагу на сайт kids.pomogut.by, дзе не толькi дзецi, але i дарослыя могуць знайсцi карысную iнфармацыю. Ён змяшчае парады, як зрабiць стасункi ў сетцы бяспечнымi, абаранiць сябе ад кiбербулiнгу, сексуальнай эксплуатацыi i iншых формаў гвалту. Другая важная функцыя — дапамога праз чат дзецям, якiя пацярпелi ад гвалту ў iнтэрнэце, а таксама iх бацькам. Штодня з 8.00 да 20.00 у анлайн-рэжыме можна задаць пытаннi на ўмовах ананiмнасцi. Адказы даюць прафесiйныя псiхолаг i юрысты.
ШТО РАБIЦЬ БАЦЬКАМ?
- Паспрабуйце пагаварыць з сынам цi дачкой, высветлiце падрабязнасцi булiнгу (хто здзяйсняе цкаванне, пры якiх абставiнах, у чыёй прысутнасцi, дзе ў iнтэрнэце размешчаны абразлiвыя выпады).
- Звярнiцеся да класнага кiраўнiка, у сацыяльна-псiхалагiчную службу, адмiнiстрацыю ўстановы адукацыi.
- Пагутарыце з крыўдзiцелем i яго бацькамi. Ад iх паводзiн (прызнання, непрызнання вiны, жадання прынесцi прабачэннi, кампенсаваць прычыненую шкоду) залежаць вашы далейшыя дзеяннi. Гэтым можна абмежавацца, калi педагогi i адмiнiстрацыя навучальнай установы разумеюць праблему, працуюць як з агрэсарам, так i з класам, а бацькi крыўдзiцеля iмкнуцца мiнiмiзаваць наступствы.
Пакуль што ў беларускiм заканадаўстве няма паняцця булiнгу i канкрэтнай адказнасцi за цкаванне. Аднак у шэрагу законаў згадваюцца прыкметы, якiя трапляюць пад вызначэнне булiнгу, таму прыцягнуць агрэсара да адказнасцi ўсё ж такi можна.
КУДЫ МОЖНА ЗВЯРНУЦЦА ЯШЧЭ?
- Ва ўпраўленне (аддзел) адукацыi мясцовага выканкама цi адмiнiстрацыi раёна ў горадзе.
- Да ўчастковага мiлiцыянера.
- У пракуратуру, напрыклад, у выпадку нанясення дзiцяцi цялесных пашкоджанняў.
- У Нацыянальную камiсiю па правах дзiцяцi.
- У органы апекi i папячыцельства.
- У суд, калi ў дачыненнi да дзiцяцi здзейснена злачынства. Суд разглядае крымiнальныя справы аб наўмысным нанясеннi лёгкага цялеснага пашкоджання (артыкул 155 КК), паклёпе (артыкул 188 КК), абразах (артыкул 180 КК).
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота з адкрытых крынiц і арганізатараў
Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.