Вы тут

Пачатак падарожжа


Напісаць нешта аўтабіяграфічнае — своеасаблівая спакуса для многіх пісьменнікаў. У адным тэксце выявіць і грунтоўны самааналіз, і зрэз эпохі, і атмасферную гісторыю — што тут можа быць дрэннага. Да таго ж усё, што заснавана на рэальных падзеях, тым больш з жыцця аўтара — гэта дадатковая рэкламная шыльда для чытачоў, бо, па-першае, камунікаваць (нават праз мастацкі тэкст) з рэальнымі людзьмі часта бывае цікавей, чым з уяўнымі, па-другое, шансы суаднесці з персанажам сябе значна павышаюцца.


Паэтка Вольга Гапеева — адна з беларускіх «чэмпіёнак» па пераўтварэнні асабістага ў літаратуру. Яе вершы яднаюць насычаную метафарычнасць з яскравай і адкрытай эмацыянальнасцю, паэтка нярэдка выкарыстоўвае вобразы, звязаныя з жаночай цялеснасцю, вырашае важныя пытанні, у тым ліку тыя, што тычацца прыняцця сваёй жаноцкасці і жаночай ролі ў сучасным грамадстве.

Яе дзяцінства прыпала на канец эпохі СССР і пачатак незалежнай Беларусі. Аўтарка бярэцца даследаваць уплыў савецкіх метадаў выхавання і патэрнаў светаўспрымання на фарміраванне асобы, выкарыстоўвае сябе і свае ўспаміны як лабараторны матэрыял і пільна ўсталёўвае сувязі.

Кніга «Кэмэл-Трэвэл» (2019, «Галіяфы») выглядае як праект з камерцыйным патэнцыялам: прыгожая, што называецца, «інстаграмная» вокладка, запамінальная назва, слова «наватарскі» і шмат спасылак на эмацыянальны вопыт у анатацыі. Не магу сказаць, ці была сярод чытачоў гэтай кнігі хаця  б пара чалавек, якія не ведалі, хто такая Вольга Гапеева. Улічваючы асаблівасці паэтычнай творчасці аўтаркі, гэтая кніга стане своеасаблівым раздзелам «Заўвагі» для яе вершаў: дэталі Пачатак падарожжа эмацыянальнага досведу аўтаркі раскрываюцца праз факты з біяграфіі.

Галоўная гераіня — дзяўчынка сярэдняга школьнага ўзросту, якая ў дваццаці раздзелах распавядае пра розныя аспекты штодзённага жыцця свайго і сваёй сям’і. Школьная форма, развод бацькоў, гульні ў двары, сутыкненні з дарослымі і равеснікамі, смерць хамячка — яскравыя і ўплывовыя эмацыянальныя падзеі з жыцця дзяўчынкі падаюцца ў прыкладна аднолькавым тоне, што добра падкрэслівае тлустую кропку, якая завяршае анатацыю да кнігі: «Але ўсё гэта зрабіла гераіню той, кім яна вырасла». Вынікам самааналізу, праведзенага аўтаркай у гэтых дваццаці раздзелах, паўстае філасофская і спакойная выснова. Раздзел «Пра смерць» відавочна невыпадкова апошні. У  змесце яго назва выглядае найменш дзіцячай з усіх. Але гісторыя нагадвае паўанекдатычнае выслоўе пра тое, што «хамякі патрэбныя, каб дзеці ўпершыню пабачылі смерць», і зусім не сігналізуе пра момант унутранага сталення гераіні. Функцыя гэтай часткі бачыцца ў тым, што яна з’яўляецца квінтэсэнцыяй філасофскага прыняцця — настрою, якім прасякнуты ўвесь расповед Вольгі Гапеевай пра яе жыццё.

Часам іранічнасць і наўмысная падрабязнасць апісання некаторых момантаў нагадваюць мне маю любімую дзіцячую кнігу «Дзяўчынка, з якой дзецям не дазвалялі вадзіцца» пісьменніцы Ірмгард Койн. Такі стыль добра перадае дзіцячае ўспрыманне рэчаіснасці і выклікае ў чытача бескампрамісную сімпатыю да маленькай апавядальніцы. Але ў адрозненне ад майго прыкладу «Кэмэл-Трэвэл» не прыкідваецца дзіцячым дзённікам ці тым больш дзіцячай кнігай. Гэта відавочны «погляд назад», спакойны і ўдумлівы аналіз дарослага чалавека. Больш за тое, дзіцячы свет гераіні супрацьстаіць і супрацьпастаўляецца не столькі сусвету дарослых, колькі прасторы, яе ўласцівасцям, навязаным патэрнамі паводзін, традыцыямі, якія транслююцца дарослымі.

Кніга мае на мэце хутчэй разважанне пра асабістасць, чым стварэнне пэўнага вобраза эпохі. Мне, чытачцы, чыё дзяцінства прайшло ў 2000-я, шмат што з апісанага аўтаркай было блізка і  зразумела: у нас у школе таксама вісеў надпіс «хлеб — усяму галава», я ведаю абсалютна ўсе прыказкі, апісаныя ў раздзеле «Забабоны», і нават склалася так, што таксама адчула на сабе гартаванне болем на мастацкай гімнастыцы. Дзяўчынкі ў 2000-х ужо не насілі карычневых сукенак і чорных фартухоў, але таксама запляталі валасы і атрымлівалі такія ж самыя падарункі ад патрыярхату. Такія супадзенні спачатку падаліся смешнымі, а  пасля навялі на думку, што гэтае падабенства вопытаў прадыктавана найперш прасторай. Можа, прастора, у якой мы жывём, сапраўды мацнейшая за час? Другая думка — пра тое, што ад часу і прасторы не так ужо моцна змяняецца вопыт быцця дзяўчынкай і прыняцця ў сабе жаноцкасці.

Гэтая тэма ўпершыню ўзнікае ў кнізе ў шостай частцы, калі жанчына ўпікае дзяўчынак за тое, што яны гуляюць у мяч у двары. Жанчына бачыць у малодшакласніцах не дзяцей, а «дзевак, якім ледзь не заўтра замуж ісці», і, напэўна, мае на ўвазе, што ім варта было б заняцца больш адпаведнай полу і ўзросту справай, напрыклад, мыццём посуду.

Шлях успрымання сябе як жанчыны і жаноцкасці ўвогуле — значная тэма для творчасці Вольгі Гапеевай і для жыцця кожнай сучаснай жанчыны. Таму аўтарка акцэнтуе ўвагу на сваім жаночым вопыце. Таму і здаецца, што «Кэмэл-Трэвэл» усё ж такі больш пра асобу, чым пра эпоху.

Мне нават захацелася, каб Вольга Гапеева напісала працяг — пра падлеткавы ўзрост, асобныя ўрокі працоўнага навучання, першы паход да гінеколага, пубертатныя трансфармацыі ў стасунках з людзьмі і стаўленне людзей да цябе, пачатак пошукаў сябе і згаданых у «Кэмэл-Трэвэл» пошукаў жанчыны ў кіно і літаратуры. Нягледзячы на тое, што гэтая тэма можа камусьці падацца ўжо зацяганай і залішне пошлай. Па-першае, аўтарка ўмее цікава распавядаць гісторыі з асабістага досведу. Па-другое, з жывымі людзьмі больш цікава размаўляць праз мастацкі твор і тым больш асацыіраваць з імі сябе. Патрэцяе, жыццё жанчыны дагэтуль даволі рэдка станавілася прадметам для стварэння літаратурных твораў.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.