Вы тут

Дзве сястры — два лёсы


Паспрабуйце паглядзець на чалавека «з адлегласцi» — раптам заўважаецца нешта новае, раней невядомае. На Сенненшчыне, што ў Вiцебскай вобласцi, у вёсках-суседках Лiтусава i Бортнiкi жывуць дзве звычайныя жанчыны, дзве родныя сястры, шчырыя душой працаўнiцы — Раiса Зуева i Валянцiна Барышава, у дзявоцтве Мiнчанкi. Лёс родных сясцёр падобны да лёсаў многiх людзей iх пакалення, i, напэўна, у кожнай вёсачцы ёсць такiя заўзятаркi, як мае гераiнi.


Рухавыя пенсiянеркi Раiса i Валянцiна амаль паўвека жывуць у гэтых мясцiнах і даўно заслужылi павагу сярод аднавяскоўцаў. Нi адно мясцовае мерапрыемства — цi гэта канцэрт альбо суботнiк, нейкi сход альбо свята вёскi — без iх удзелу не абыходзiцца, актыўныя сяльчанкi стараюцца зрабiць свой край прыгажэйшым, а жыццё ў родным куточку лепшым.

Кожная з iх з цеплынёй прыгадвае мiнулае, беражлiва захоўвае ў хатнiх архiвах фотаздымкi, выразкi з газет, дзе прагучалi iх прозвiшчы, ганаровыя граматы за перамогi ў шматлiкiх прафесiйных спаборнiцтвах.

Нарадзiлiся мае гераiнi на Магiлёўшчыне ў пачатку 50-х. Скончылi школу, а калi надышоў час абiраць будучы шлях, старэйшая сястра Раiса вырашыла пачаць працоўную дзейнасць у Горках. Аднак не проста аказалася гэта здзейснiць: для тых, хто ехаў кудысьцi працаваць, неабходны быў дазвол кiраўнiка калгаса i даведка з яго подпiсам. Здавалася, што нiякага выйсця тады для дзяўчыны не было. Але... Бацька дамовiўся з вартаўнiком канторы, каб той паставiў пячатку ды падрабiў подпiс кiраўнiка на даведцы, якая i стала для Раi «бiлетам». Працавала яна на лямпавым заводзе, аднак не пакiдала дзяўчыну жаданне атрымаць прафесiйную адукацыю.

Калi праз год Валянцiна паступала ў аршанскае гарадское прафесiйна-тэхнiчнае вучылiшча № 45 тэкстыльшчыкаў, яна паклiкала i Раю. Пасля заканчэння ў 1972-м навучальнай установы «на выдатна» сёстры Мiнчанкi працавалi ў прадзiльным цэху льнокамбiната круцiльшчыцамi. Вось як тады пра iх пiсала аршанская газета (жанчыны паказваюць нататку на пажаўцелай ад часу выразцы): «Спаборнiцтва за дастойную сустрэчу вялiкага юбiлею — 50-годдзя ўтварэння СССР множыць рады перадавiкоў на нашым камбiнаце. У другiм прадзiльным цэху высокiх паказчыкаў дабiваюцца круцiльшчыцы камсамолкi сёстры Раiса i Валянцiна Мiнчанкi <...>, яны давялi выкананне норм да 120—125 працэнтаў пры бездакорнай якасцi». I яшчэ шмат добрых слоў з тых даўнiх публiкацый, якiя дагэтуль грэюць сэрцы маiм гераiням, даказваюць iх шчырасць у працы, аптымiзм i прыроджаную выхаванасць.

У Оршы Валя i Рая пасябравалi з вясковай дзяўчынай. Сталi часта прыязджаць да яе на Сенненшчыну, у вёсачку Лiтусава, хадзiць з сяброўкамi на танцы. «Моладзi было шмат, танцавалi пад гармонiк, а ранiцай iшлi на чыгуначную станцыю, якая знаходзiлася дзесьцi за дзесяць кiламетраў», — дзеляцца ўспамiнамi сёстры.

Непрыкметна нiтка лёсу вярнула iх у простае, ужо знаёмае раней вясковае жыццё. Замуж першай выйшла старэйшая сястра, якая засталася ў Лiтусаве, а зiмой у Бортнiках гулялi ўжо Валянцiнiна вяселле. Цi супадзенне гэта, цi не, аднак звалi абодвух iх абраннiкаў Мiкалаямi. У кожнай нарадзiлiся па два хлопчыкi i дзве дзяўчынкi.

Хоць нашы сёстры i не блiзняты, аднак вельмi падобныя мiж сабой — усё жыццё iх блытаюць. Як дзве бярозкi, схiляюцца яны адна да адной, iмкнуцца быць побач, дапамагаць у цяжкiя хвiлiны. А такiх хвiлiн здаралася нямала, усяго хапала, як ва ўсiх — былi i гора, i радасць, i крыўды, i прабачэннi...

Нягледзячы на тое, што дзяўчаты мелi вялiкую прагу i схiльнасць да вучобы, а на заводзе — павагу i поспех, прыйшлося перакройваць жыццёвы ўклад наноў. Раiса працавала лабарантам на малочнатаварнай ферме i некаторы час рахункаводам у калгаснай канторы, прыходзiлася i поварам шчыраваць працяглы тэрмiн. Аднак большая частка яе працоўнага стажу — у сферы культуры, бiблiятэкарам i загадчыцай клуба. Не адмаўлялася жанчына i ад дэпутацкай дзейнасцi ў сельскiм Савеце, i нават цяпер яна з'яўляецца старэйшынай вёскi. Iдуць да яе людзi з рознымi патрэбамi: цi лiхтар трэба каля дома адрамантаваць, цi дамовiцца аб спiле лазняку альбо адвозцы смецця i г. д. Для жанчыны ўсё гэта штодзённыя клопаты, якiя дадаюць сэнсу ў жыццi.

Валянцiна таксама была актыўнай дэпутаткай, да таго ж нiколi не саромелася «бруднай» работы. Спачатку была прадавачкай у мясцовай краме. Але, так склаўся лёс, усё сваё жыццё аддала калгаснай ферме. Даярцы Валянцiне прыходзiлася часам даiць па 50 кароў ды яшчэ ацёлы прымаць! Уявiце, гэтую работу выконвала слабая жанчына, якая на той момант засталася маладой удавой з дзецьмi-пагодкамi на руках. Аднак мая гераiня нiколi не падала духам, годна выхавала дзяцей i не здрадзiла адзiнаму мужу: так i не выйшла больш замуж, хоць i жанiхi былi. А ў хвiлiны смутку развейвае дрэнныя думкi звонкай песняй, з вялiкiм жаданнем i радасцю выступае на мясцовай сцэне.

Можа, i цяпер у кожнай з гэтых жанчын калi-нiкалi ды прамiльгне думка: цi правiльна яна зрабiла ў свой час, калi вырашыла пакiнуць горад i застацца на вёсцы, пайсцi за хлебароба, нарадзiць шмат дзетак i пакiнуць свае нязбыўныя дзявочыя мары ў мiнулым... Аднак, здаецца, сёстры Раiса i Валянцiна даўно ўжо палюбiлi Сенненшчыну, пусцiлi тут каранi i зразумелi, што гэты шлях быў iм наканаваны. А зморшчынкi на iх тварах i рукi, стомленыя ад шматгадовай працы, не перашкаджаюць заўважаць бляск вачэй i адчуваць прыгажосць шчырых сэрцаў дзвюх сясцёр, двух iх лёсаў.

Надзея ЗУЕВА, фота аўтара i з уласнага архiва гераiнь

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у Нацыянальным мастацкім музеі

Што паглядзець у Нацыянальным мастацкім музеі

Вiдавочна, што пакуль былi зачыненыя музеi, гледачы засумавалi па «жывой» сустрэчы з карцiнамi.

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.