Вы тут

​Ці варта захоўваць шлюб дзеля дзіцяці?


Ці варта захоўваць шлюб дзеля дзіцяці, чаму неабходна жыць асобна ад бацькоў і як зрабіць адносіны моцнымі — на гэтыя і іншыя пытанні адказала Яніна КОНАЎКА, псіхолаг сталічнага Цэнтра паспяховых адносін.


— Што падахвочвае маладых людзей уступаць у шлюб?

— Прычыны могуць быць розныя. Сярод іншых — запал, пры якім з'яўляецца жаданне знаходзіцца побач з чалавекам як мага часцей. Таксама гэта можа быць імкненне выйсці з-пад кантролю бацькоў і пачаць дарослае, самастойнае жыццё. Яшчэ адзін матыў уступлення ў шлюб — цяжарнасць...

— Што рабіць, калі перад уступленнем у шлюб адчуваеце няўпэўненасць у правільнасці выбару?

— Лепш за ўсё адразу ўсталяваць выразныя межы таго, калі і пры якіх сітуацыях вашы адносіны працягвацца не могуць. Пад выхадам «за рысу» могуць разумецца з'яўленне алкагольнай, наркатычнай залежнасці, фізічная агрэсія, здрада. Гэта варта абмяркоўваць напачатку, закранаючы ўсе дэталі кожнага аспекту. Бо бываюць сітуацыі, калі праз некаторы час у шлюбе становіцца зразумела, што чалавек не гатовы да сур'ёзных сямейных адносін.

— Чым абумоўлены вялікі працэнт распаду шлюбаў паміж маладымі людзьмі?

— Недаўгавечнасць многіх ранніх шлюбаў мае навуковае тлумачэнне: лобныя долі мозга, якія адказваюць за наш свядомы выбар, завяршаюць сваё фізіялагічнае паспяванне да 25 гадоў. Іншымі словамі, свядома вызначыцца з партнёрам для далейшага жыцця можна толькі пачынаючы з гэтага ўзросту. Да 25 гадоў прынятыя рашэнні абумоўліваюцца гармонамі, парывамі пачуццяў.

— Ці варта жыць сумесна з бацькамі, калі адсутнічае ўласнае жыллё?

— Калі ёсць магчымасць зняць кватэру і пажыць некаторы час удваіх, то лепш так і зрабіць. Сямейнай пары неабходны час, каб прывыкнуць адно да аднаго, выпрацаваць свой рэжым дня, нормы і правілы. Жывучы разам з бацькамі, дастаткова цяжка ўсё гэта ажыццявіць, бо даводзіцца прыстасоўвацца яшчэ і да старэйшага пакалення. Але калі іншыя варыянты пражывання немагчымыя, важна адразу выразна абазначыць як бытавыя, так і фінансавыя межы.

— Якім чынам зносіны паміж бацькамі ўплываюць на паводзіны іх дзяцей у шлюбе?

— Жывучы з бацькам і маці, мы штодня бачым, як яны вырашаюць канфліктныя сітуацыі, як размяркоўваюць ролі і абавязкі. І гэтыя ўяўленні нясем з сабой у дарослае жыццё. Адносіны бацькоў могуць па-рознаму ўплываць на тое, як пабудуюць шлюбы іх дзеці. У адных выпадках маладыя людзі, абапіраючыся на ўзорнае жыццё старэйшага пакалення, імкнуцца стварыць нешта падобнае. У іншых — дэструктыўныя адносіны бацькі і маці могуць увогуле сфарміраваць у іх дзяцей страх уступаць у шлюб.

— Ці з'яўляецца нараджэнне дзіцяці вырашэннем праблем, якія накапіліся ў сям'і?

— Такое меркаванне можа прывесці да яшчэ большых цяжкасцяў, бо дзіця не толькі не ліквідуе канфліктныя моманты, але і павялічвае іх колькасць. Гэта абумоўлена тым, што да ролі мужа і жонкі далучаюцца ролі бацькі і маці, якія неабходна рэгуляваць. Калі ва ўзаемаадносінах мужа і жонкі з'яўляюцца праблемы, варта своечасова звярнуцца па дапамогу да псіхолага — тады можна вырашыць хвалюючыя пытанні больш хутка, якасна і без сур'ёзных наступстваў.

— Ці варта захоўваць шлюб дзеля дзяцей?

— Думкі пра тое, што бацькі жывуць разам дзеля яго, выклікаюць у дзіцяці лішнюю адказнасць і навязаную віну. Гаварыць з ім на тэму разводу варта тады, калі прынята канчатковае рашэнне. Часта дзеці вінавацяць сябе ў тым, што бацькі больш не разам, ад чаго вельмі перажываюць. Таму расставацца пры наяўнасці дзіцяці неабходна вельмі цывілізавана, без лішніх эмоцый. Важна таксама агучыць дзіцяці прычыны разводу. Гэта звязана з тым, што дзеці, не атрымаўшы неабходнай інфармацыі ад бацькоў, пачынаюць самастойна аналізаваць усё, што адбывалася, спрабуюць вызначыць, што паслужыла падставай для расстання. Варта растлумачыць, чаму бацька з маці будуць жыць асобна. Таксама трэба захаваць у дзіцяці добрае меркаванне пра кожнага з бацькоў, нават калі ў рэальнасці іх учынкі не заўсёды былі годныя. Важна паднесці аб'ектыўную інфармацыю, закрануць як станоўчыя, так і адмоўныя моманты. Дзіця не павінна забываць, што абодва бацькі добрыя і працягваюць яго любіць.

— Чым пагражае абмеркаванне сямейных праблем з сябрамі і сваякамі?

— Калі ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі, то найлепшым рашэннем будзе звярнуцца да псіхолага. Наша асяроддзе складаюць бацькі, сябры, калегі, і, звяртаючыся да іх па падтрымку, вы будзеце чуць суб'ектыўныя парады, хутчэй за ўсё, заснаваныя на іх асабістым вопыце. Спецыяліст жа, з'яўляючыся незалежнай і бесстаронняй асобай, узважана падыдзе да сітуацыі і дасць прафесійныя рэкамендацыі.

Псіхолаг расказала, якія правілы варта выконваць, каб адносіны былі моцныя і прыносілі толькі станоўчыя эмоцыі:

— Па-першае, варта мець дакладнае і аб'ектыўнае ўяўленне пра тое, якім павінен быць ваш партнёр. Важна разумець, што ўсе найлепшыя якасці і рысы наўрад ці будуць сабраныя ў адным чалавеку. Таксама неабходна вызначыцца, што для вас прыярытэтнае ў сумесным жыцці: стабільны заробак партнёра, але разам з тым шчыльны працоўны графік, ці вялікая колькасць вольнага часу, які ён можа праводзіць з вамі.

Па-другое, трэба не забываць, што з узростам знешнасць мяняецца.

Па-трэцяе, памятаць пра тое, што шлюб — гэта заўсёды кампраміс. Калі вы ўмееце дасягаць згоды без лішніх эмоцый, спакойна абмеркаваўшы хвалюючыя пытанні, то мноства канфліктаў можна вырашыць незалежна ад узросту.

Акрамя таго, павінны прысутнічаць тры ўзроўні супадзенняў. Першы — фізіялагічны, калі партнёрам камфортна знаходзіцца побач адно з адным. Да гэтага адносіцца і фізічная блізкасць. Другі ўзровень — інтэлектуальны. Ён азначае наяўнасць агульных інтарэсаў, падобных поглядаў на баўленне вольнага часу. Трэці — каштоўнасна-
духоўны ўзровень. Тут маюцца на ўвазе падобныя ўяўленні і меркаванні пра жыцце, сям'ю, дзяцей, грошы і гэтак далей. Гэтыя ўзроўні супадзення абумовяць паўнавартаснае развіццё пары ў далейшым.

А ўвогуле, шчаслівыя адносіны — гэта заўсёды праца двух людзей, і толькі сумеснымі намаганнямі можна прайсці цяжкія этапы і ўмацаваць свае пачуцці.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Беларуская Амазонка​. Ці стане Палессе аб'ектам сусветнай спадчыны?

Адзін з найбуйнейшых рэгіёнаў, які захаваўся ў некранутым стане і які за разнастайнасць азёр, рэк і балот празвалі Еўрапейскай Амазонкай (ці морам Герадота), усё яшчэ застаецца невядомым шырокаму колу турыстаў

Грамадства

Рэктар БДМУ Рубніковіч: Набор на бюджэтную форму сёлета павялічым

Рэктар БДМУ Рубніковіч: Набор на бюджэтную форму сёлета павялічым

Вялікае інтэрв'ю з рэктарам БДМУ да 100-гадовага юбілею ўніверсітэта.

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.