Вы тут

Адбылася прэзентацыя рэліквіі — Тураўскага крыжа


Аднойчы свяціцель Кірыла Тураўскі, празваны Залатавустам, сціпла прамовіў у дачыненні да сваіх багаслоўскіх прац: «Мы не жняцы, але коласазбіральнікі», маючы на ўвазе абавязковую павагу да мудрасці папярэднікаў. Нехта заўсёды павінен збіраць узрошчаныя раней каласы, каб не знікла іх зерне, каб ператварылася ў хлеб.


На свята Узнясення Крыжа Гасподняга на Беларусі адбылася падзея, якую таксама можна назваць вынікам шматгадовага «збірання каласоў», працы рупліўцаў па захаванні спадчыны продкаў. У храме Кірылы Тураўскага пры Мінскай духоўнай акадэміі, а потым у Свята-Духавым кафедральным саборы прэзентавалі адноўлены Тураўскі крыж — рэканструкцыю напрастольнага крыжа Тураўскага епіскапальнага храма ХІІ–ХІІІ стагоддзяў. Свінцовыя абразкі, якія сталі падставай для рэканструкцыі, былі знойдзеныя слынным археолагам Пятром Лысенкам яшчэ ў пачатку 1960-х.

Вядома, падобныя праекты — былі зроблены два залатыя крыжы, упрыгожаныя каштоўнымі камянямі, з выкарыстаннем сярэднявечных тэхналогій — патрабуюць вялікіх сумесных намаганняў і мецэнацкай падтрымкі, якую аказаў ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». Вельмі сімвалічна, што Тураўскі крыж аздоблены выказваннем свяціцеля Кірылы Тураўскага. Гэта невыпадкова: у канцэпцыі рэліквіі, распрацаванай старшынёй Сінадальнага аддзела па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі Беларускай праваслаўнай царквы Марыяй Нецвятаевай, а таксама ў рабоце мастачкі Алены Андрушчанкі прасочваецца жаданне надаць артэфакту нацыянальны беларускі каларыт.

Напачатку прэзентацыі архіерэйскі хор Свята-Духава сабора пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага выканаў песню «Малітва» на словы Янкі Купалы. Шмат хто ў гэты трывожны час успамінае словы беларускага класіка:

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі, // Распетаю буду маліцца душой, // Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі // Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй...

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, распавёў прысутным гісторыю аднаўлення святыні. А калі крыж быў урачыста перанесены ў Мінскі кафедральны сабор, там аказаўся спіс яшчэ адной хрысціянскай святыні Беларусі — Жыровіцкага абраза Маці Божай.

Справа ўзнаўлення крыжа стала вельмі важнай для Марыі Нецвятаевай, якая была прызначана куратарам работ. Нават тканіну, на якой рэліквія мусіла быць паказана, яна выбірала адмыслова, разам з мужам-святаром наведвала шматлікія крамы.

— Візантыя ў Сярэднявеччы была буйным пастаўшчыком шаўковых тканін па ўсім свеце, — тлумачыць Марыя Валянцінаўна, — і я хацела знайсці тканіну, падобную да тагачаснай візантыйскай. І з Божай дапамогай знайшла: яна зроблена з шоўку і бавоўны, смарагдавага колеру. І малюнак падобны: у Візантыі арнаменты ўпісвалі ў кругі, якія між сабою спалучаліся. Абрамленне для прэзентацыі крыжа было зроблена з натуральных кветак. Для экспанавання ў Акадэміі навук ёсць абрамленне са штучных кветак. Дадам, што ўся падстаўка для прэзентацыі — разам з кветкамі і крыжам — важыла каля дзесяці кілаграмаў. Падчас набажэнства мітрапаліт павінен быў падымаць яе на выцягнутых руках і чатыры разы благаслаўляць народ. А ў той час, калі ён гэта робіць, крыж і кветкі паліваюцца вадой з водарам ружаў, і гэта яшчэ дадае вагі. І я была ўражана тым, як мітрапаліт здзейсніў благаслаўленне. Дарэчы, звычайна яно адбываецца ў храме, але Уладыка вырашыў правесці яго з прыступак царквы, і гэта атрымалася вельмі прыгожа.

Як падкрэсліў на прэзентацыі Уладыка Веньямін, аднаўленне рэліквіі адбылося цаной многіх прац і перажыванняў. Першым «коласазбіральнікам» тут зрабіўся археолаг Пётр Лысенка, які сышоў з жыцця за некалькі месяцаў да здзяйснення сваёй мары. Так, ягоя рэканструкцыя крыжа — гіпатэтычная, і тут могуць быць навуковыя дыскусіі. Але глыбокія веды Пятра Фёдаравіча даюць падставу лічыць яго гіпотэзу верагоднай. Калісьці слынны гісторык падарыў мне сваю кнігу «Старажытны Тураў», якая выйшла ў 2004 годзе. Там ёсць малюнак № 47: «Свінцовыя іконкі. Мяркуемы варыянт выкарыстання». Схема крыжа, на якім размешчаны «свінцовыя пляската-выпуклыя іконкі-ўстаўкі, выяўленыя ў даследаваннях на дзяцінцы». Археолаг падкрэсліваў, што яны знойдзены ў суседніх квадратах раскопу і належалі да аднаго вырабу: «Хутчэй за ўсё, гэта свінцовыя іконкі-ўстаўкі напрастольнага крыжа (адсутнічаюць выявы распяцця і Іаана Хрысціцеля)». Тады падчас раскопак знайшлі яшчэ і фрагменты бронзавага царкоўнага звона, бронзавы крыж-складзень, разны абразок на касцяной пласцінцы, магчыма, мясцовай работы. Ёсць і малюнак падмурка храма, які быў выяўлены ў 1961 годзе на Тураўскім гарадзішчы, калі раскопвалі гаспадарчую яму на ўскрайку пляцоўкі школьнага двара. Пётр Фёдаравіч піша, што храм уваходзіў у групу шасцістоўпных трохнефных храмаў кіеўскай архітэктурнай школы і быў зруйнаваны падчас землятрусу. 3 мая 1230 года. Летапісы тады зафіксавалі моцныя ўзрушэнні ў Кіеве, Пераяслаўлі, Уладзіміры. «Тураўскі храм — адзіны выяўлены, ускрыты і даследаваны на ўсёй тэрыторыі Тураўскай зямлі. Чым растлумачыць такую рэдкасць узвядзення манументальных пабудоў у сталіцы аднаго з найважнейшых княстваў Старажытнай Русі?» — пытаецца Пятро Фёдаравіч і прапаноўвае сваю гіпотэзу. Тураўскія князі часта пераходзілі на Кіеўскі велікакняжацкі прастол — Святаполк Уладзіміравіч, Святаполк Ізяслававіч, Ізяслаў Яраславіч, Вячаслаў Уладзіміравіч, і менавіта ў Кіеве будавалі храмы, а для аздаблення Турава ў іх не хапала часу.

Дарэчы, спадарыня Марыя Нецвятаева заўважае, як была ўражана тым, што, паводле даследаванняў таго ж Пятра Лысенкі, Тураў ніколі ні на кога не нападаў, толькі бараніўся. І гэта таксама сімвалічна для вобраза Тураўскага крыжа, які ўспрымаецца як заклік да міру.

Пётр Лысенка захапляўся, наколькі высокі ўзровень мелі старажытныя тураўскія майстры. Сённяшнія майстры, якія прычыніліся да аднаўлення Тураўскага крыжа, таксама не схібілі, пераймаючы сваіх папярэднікаў. Тураўскі крыж, аздоблены выказваннем Кірылы Златавуста, назаўсёды застанецца на беларускай зямлі.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Яўгена Пясецкага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.

Эканоміка

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё.

Грамадства

Жывыя і мёртвыя. Вялікая Айчынная вайна зачапіла амаль кожную беларускую сям'ю

Жывыя і мёртвыя. Вялікая Айчынная вайна зачапіла амаль кожную беларускую сям'ю

Саракавыя-ракавыя раскідалі па свеце людзей, разлучылі цэлыя сем'і, пакінулі дзяцей сіротамі.