Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў працоўную сустрэчу са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэту Рэспублікі Беларусь Юрыем Сянько.
«Перадусім я хацеў бы пачуць аб выніках работы вашага ведамства, у разрэзе праз мытныя службы, каб ацаніць сітуацыю ў нашай эканоміцы. Вы разумееце, што мытня ў большай ступені чым іншыя ведамствы — люстэрка нашай эканомікі», — заўважыў кіраўнік краіны.
Акрамя гэтага ён папрасіў Юрыя Сянько ў дакладзе звярнуць увагу на «вузкія» месцы, як развіваемся ва ўмовах сусветнага крызісу, выкліканага пандэміяй, і што неабходна з пункту гледжання мытных службаў зрабіць для ўтрымання эканомікі ў гэтым годзе на ўзроўні мінулага.
«Другая тэма, пра якую вы мне павінны дакласці, — сітуацыя на беларуска-літоўскай і беларуска-латвійскай граніцы, а таксама на граніцы з Польшчай. А калі ёсць больш абагуленыя дадзеныя, то і з Украінай. Асабліва, што тычыцца дзвюх балтыйскіх дзяржаў — Літвы і Латвіі, —сказаў Прэзідэнт. — Амаль 40 працэнтаў грузавікоў у гэтым годзе, якія вязуць грузы ў Беларусь, ідуць з Літвы і Латвіі. Я не бяру звычайных грамадзян, якія перасоўваюцца, і гэтак далей. Гэта велізарны аб’ём».
Па словах Прэзідэнта, «калі мы возьмемся за гэты паток, то лагістычныя пункты Літвы недаатрымаюць дзесьці чвэрць». Таксама зараз з Расіяй вядуцца разлікі па пераарыентацыі грузаў з балтыйскіх дзяржаў на порт у Усць-Лузе Ленінградскай вобласці.
«Перад усім, гэта нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні, ды і іншых грузаў у нас хапае. Вось у сувязі з гэтай пераарыентацыяй (канечне, калі расіяне прапануюць нам нармальныя ўмовы), як мытны камітэт бачыць пераарыентацыю гэтых грузаў? У развіццё гэтага — нашы лагістычныя цэнтры. У нас створаны магутныя лагістычныя цэнтры», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Як ён адзначыў, шматлікія паслугі і для нашых суб’ектаў гаспадарання і для прадпрымальнікаў ЕАЭС аказваюцца ў Літве. «Але наколькі я інфармаваны, у тым ліку і вамі, мы гэтыя паслугі можам аказаць гэтым перавозчыкам у Беларусі. Як вы бачыце рашэнне гэтай праблемы?», — звярнуўся Прэзідэнт да старшыні ДМК.
Юрый Сянько пачаў даклад з лічбаў статыстыкі знешняга гандлю, што склаліся за 8 месяцаў бягучага года. «Праз мытную граніцу Рэспублікі Беларусь з краінамі Балтыі, Польшчы і Украіны за восем месяцаў перасякло граніцу 71 мільён тавараў, што на 15 працэнтаў ніжэй узроўню мінулага года. На гэту статыстыку паўплывала Расійская Федэрацыя, якая на 30 працэнтаў знізіла аб’ём нафтапрадуктаў, якія рэалізоўваліся для краін Заходняй Еўропы. Наша ж памяншэнне экспарту і імпарту адбылося толькі на 10 працэнтаў», — сказаў Юрый Сянько.
Зніжэнне аб’ёмаў адлюстравалася ў асноўным на чыгуначным транспарце, нязначна — на аўтамабільных пунктах пропуску. Гэта адбылося з-за памяншэння пакупніцкіх магчымасцяў у Еўропе і краінах ЕАЭС. Але з чэрвеня плыні грузаў павялічваюцца.
Больш падрабязна пра дзейнасць мытнай службы журналістам Юрый Сянько расказаў пасля размовы з кіраўніком краіны.
Па яго словах, вялікая ўвага нададзена перамяшчэнню тавараў медыцынскага прызначэння. Іх пратранзітавана праз нашу краіну каля мільёна тон. У асноўным гэта тавары для барацьбы з каранавірусам для Беларусі і партнёраў па ЕАЭС. Такія грузы афармляліся без чаргі.
«Таксама размова ішла пра тое, што сёння Рэспубліка Беларусь гатова многія работы і функцыі выконваць на тэрыторыі сваёй краіны. Такія работы і паслугі, традыцыйна так склалася, аказваліся для нашага бізнесу за мяжой. У той жа Літве, Польшчы. Сёння ў нашай краіне пабудаваны транспартна-лагістычныя цэнтры, якія могуць аказваць разнастайныя паслугі, звязаныя з захаваннем тавараў, драбненнем, маркіроўкай, сартыроўкай. Гэтыя працэсы магчымы, заканадаўча вырашаны», — сказаў старшыня ДМК.
Нягледзячы на змяншэнне колькасці грамадзян на мяжы, не спяць кантрабандысты. Паўтара тыдня таму, як паведаміў Юрый Сянько, выявілі ўвоз з Літвы праз Беларусь у Расію 3200 грамаў какаіну.
Прывёў ён лічбы па папаўненні казны плацяжамі ад ДМК. На сёння ў бюджэт пералічана 6,1 мільярда беларускіх рублёў. На канец года сума павялічыцца да 8,5 мільярда.
Наконт пунктаў пропуску — у снежні заканчваецца будаўніцтва пункту «Урбаны» на латвійскім кірунку, у першым квартале 2021 года ўвядуць пункт пропуску «Верхні Церабяжоў» на ўкраінскім.
Запыталі ў Юрыя Сянько, ці існуюць больш жорсткія патрабаванні для грамадзян па перамяшчэнні тавараў?
«Мытныя службы выконваюць усе санітарныя нормы, якія патрабуюцца ва ўмовах пандэміі — выключыць перамяшчэнне тавараў, якія могуць паўплываць на бяспеку людзей. Перамяшчэнне праз мяжу тавараў абумоўлена толькі нарматыўна-прававымі актамі, якія даюць магчымасць перамяшчаць толькі тыя тавары, якія прызначаны для асабістага карыстання. Тавары для камерцыйных мэтаў падлягаюць аплаце мытных плацяжоў. Такія ўмовы больш жорсткія, яны ва ўсіх краінах уведзены. Сёння ў краіны ЕС немагчыма ўвезці нават адзін бутэрброд», — дадаў старшыня камітэта.
Гэтыя патрабаванні тычыцца ў першую чаргу прадуктаў харчавання.
У краіне павялічваецца эксплуатацыя электронных пломбаў, што спрашчае і робіць таннейшым мытнае суправаджэнне пэўных грузаў. «Калі выкарыстоўваць мытнае суправаджэнне, то толькі з Брэста да Оршы кошт такой перавозкі каля 300 долараў, электронная пломба каштуе сёння каля 50 долараў. Але гэта толькі ў тым ліку, калі вадзіцель перамяшчае груз, фінансавая гарантыя якога не пакрывае кошт тых плацяжоў, якія ён павінен быў бы заплаціць, калі тавар бы выпускаўся ў свабодны абарот. Толькі ў такіх выпадках выкарыстоўваецца электронная пломба», — растлумачыў ён.
Калі электронныя пломбы не выкарыстоўваліся, у суткі выяўлялі каля 30 адхіленняў вадзіцеляў ад маршрутаў. З выкарыстаннем пломбаў такіх выпадкаў стала не больш за адзін.
Марыя ДАДАЛКА
Фота БЕЛТА
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.