Вы тут

На тым баку Месяца


Калі праз пандэмію зачынены межы, а ты звык да адчування дарогі і прагнеш, ды не можаш змяніць абстаноўку, здзейсніць падарожжа дапаможа кніга вершаў Ванды Марцінш душ Рэйш «Мора Мары» (Мінск, Кнігазбор, 2020).


Нарадзілася паэтэсса ў 1959 г. на Пастаўшчыне, на беларуска-літоўскім памежжы. Маці была з літоўскамоўнай сям’і, а беларускую мову з яе мясцовым дыялектам Ванда ўспадчынніла ад бацькі. «Менавіта гэты дыялект і кранае ўсе струны душы», — прызнаецца паэтэса.

Апісанні мора і акіяна, шатландскіх і партугальскіх краявідаў, архітэктуры, культуры, традыцый, расповеды пра Вільню ды цёплыя згадкі вясковага побыту (якія ёсць усе падставы аднесці да беларускага) пераносяць у далёкія гарады, вёскі, краіны, а потым вяртаюць у родныя пенаты. І фон, і дэталі выглядаюць настолькі каларытна, не па-кніжнаму, а па-жывому — бачыш сябе ўнутры карцінкі, разам з аўтаркай п’еш каву з салёнымі хвалямі альбо згадваеш уласнае дзяцінства.

Адна з галоўных рыс гэткай праўдападобнасці вынікае з таго, што аўтарка адчувае іншыя народы, як свой, і гаворыць пра іх як пра свой, знаходзячы агульнае. Ну хіба гэта не пра беларусаў, калі замяніць «saudade» на «настальгію»?

Гнала мачыха — нястача

Партугальцаў з родных хат —

На чужыне віўся следам

Горкі смутак — saudade.

 У чым палягае сакрэт такой эмпатыі? Як прызналася паэтэса ў прыватнай перапісцы з аўтарам гэтых радкоў, разам з мужам яны доўгі час жылі ў Шатландыі. Ён вельмі сумаваў па радзіме і некалькі разоў зрываўся, вяртаўся на Мадэйру — жывапісную выспу ў паўночнай частцы Атлантычнага акіяна, прыналежную да Партугаліі. З ім ездзіла і Ванда. Аж пакуль і яе не дагнаў нясцерпны сум па родным краі — яна вярнулася ў Вільнюс, дзе на працягу пяці гадоў выкладала англійскую і партугальскую мовы. Сёлета, звольніўшыся з працы, пераехала жыць у вёску за 60 кіламетраў ад літоўскай сталіцы.

Шмат свайго, кроўнага, роднага можна сустрэць і ў ваколіцах Шатландыі (цыкл вершаў «Я гэты край не назаву чужынай»). Пэўна ж, гістарычныя шляхі-дарогі многіх народаў аднолькавыя ў галоўным, хаця і розняцца ў дэталях. Магчыма, вось чаму чытач можа лёгка ўявіць сябе ў тым месцы, дзе ніколі не быў, але якім захапляецца аўтар — «У гарах Шатландыі»:

Ні будынкаў, ні духу жывога.

Навакол — верасы й верасы.

Толькі мрояцца ў ветрах былога

Ваяўнічых плямён галасы.

Звычку меў тут навалай праходзіць

Іх пыхлівы і хцівы сусед.

Дух былога пралескам не шкодзіць —

На касцях сервіруюць банкет.

Убаку ад жыцця кругаверці

Думна дрэмле каменны крыж...

Толькі вырасшы з гора і смерці,

Так буяюць трава і ціш.

У гэткай універсальнасці, здольнасці адчуць і паказаць схаваную ад павярхоўнага позірку, але вызначальнаю сутнасць з’явы — тое, што надзяляе паэзію Ванды наднацыянальнымі характарыстыкамі, робіць яе агульначалавечым набыткам.

Адной з галоўных рыс паэзіі Ванды Марцінш з’яўляецца яе лёгкасць, сонечнасць і празрыстасць (у процівагу сур’ёзнасці, хоць і ў добрым сэнсе гэтага слова, цяжкаважнасці, часам — грувасткасці, патрыярхальнасці, з якімі пішуць многія айчынныя аўтары). У апісанні вёскі няма лапцюжнасці, прыкмет душэўнага цяжару і непад’ёмнасці адчування віны, што часта можна сустрэць у нашым друку:

Вёска раніцой апетытна пахне вяндлінай.

Ажно заходзяцца незадаволеным рохканнем парсюкі.

Як у грэцкім хітоне, у белай квецені каліна

Пыхліваю зоркай пазіруе ў аб’ектыве ракі.

Прыхаваная ад абыякавых вачэй, вонкі рвецца

Прыгажосць так, што ажно трашчаць бакі.

Усё не так, як хацелася б, і не так, як здаецца.

Адзіная рэчаіснасць — гэта галодныя парсюкі.

У анатацыі да выдання пазначана: Ванда Марцінш усё жыццё пісала вершы «ў стол», «для сябе», «для душы», арыентуючыся хіба на беларускую і замежную класіку. «І гэтая ізаляцыя толькі пайшла ёй на карысць», — лічыць рэдактар зборніка Алег Мінкін. Сапраўды, аўтарка мае адметны, адрозны, арыгінальны погляд на рэчы, «нетутэйшую» вобразнасць, хаця для яе стварэння часта служаць самыя «тутэйшыя» дэталі. Але ёсць і дробныя «мінусы»: так, калі-нікалі сустракаюцца рыфмы кшталту «сонца — бясконца», дзе-нідзе русізмы (напрыклад, «вешні»), няправільныя націскі (садавіна замест садавіна), а таксама пэўная аднастайнасць памераў. Аднак гэта тыя недахопы, якія ўласцівы многа каму і сярод айчынных аўтараў, здаўна далучаных да сучаснага літаратурнага працэсу.

Часта можна чуць разважанні, маўляў, паэзія бывае «жаночаю» і «мужчынскаю». Калі да месца згадваць показку аб тым, што сапраўдная жанчына павінна ўмець зрабіць «з нічога» скандал, капялюшык і салату, то Ванда Марцінш з усяго, што бачыць пад рукой, на градках, у двары, здольная стварыць вобраз. І не будзённы, а той, што прывабіць сваёй «сакавітасцю», які адчуеш як блізкі і  зразумелы, нібыта з уласнага «краявіду» ці «гаспадаркі». Ці ёсць гэткая ўважлівасць прыкметай менавіта жаночай паэзіі? Мне падаецца, больш правільна было б сказаць — сапраўднай. Прычым уражвае трапнасць і дасціпнасць параўнанняў: здавалася б, вось яно — на паверхні, толькі працягні руку — і будзе тваё, але ж «узяла» першай Ванда Марцінш:

Іду праз поле ў ботах, як бацян.

У пульхны грунт быццам паклалі дрожджы.

Хлюпота так падобна да жыцця

З яго няпэўна-хісткім раздарожжам.

Гэткая ж прастата і нязмушанасць, разняволенасць у апісальнасці стварае шэдэўральныя карцінкі, дакладнасць якіх бачыш нібыта ва ўспамінах ці на фота:

Белы горад рассеўся дзівіцца марскімі далямі

У амфітэатры палогіх смарагдавых гор,

І выходзіць, быццам на біс, аточаны зыбкімі хвалямі,

Велізарны круізны лайнер — вядучы акцёр.

Далікатна яму ў ладкі пляскаюць крыламі чайкі.

Задаволена б’е ў званы, як у далоні, касцёл.

І такое каляровае і ёмкае жыццё тут цячэ запаволена,

Быццам на вечнасць атрымала ў Бога дазвол.

 Алег Мінкін прапанаваў лічыць Ванду Марцінш першай у айчыннай паэзіі «марыністкай». Назва зборніка — «Мора Мары» — адсылае да «мора» на зваротным баку Месяца. Месяц традыцыйна звязвалі з містыкай, загадкавасцю, падсвядомасцю, неўтаймоўнай энергіяй жаночага пачатку. І ў такім разе назва зборніка цалкам адпавядае не толькі яго напаўненню, але і вызначэнню «месца сілы», у якое паглыбляецца аўтарка падчас творчага працэсу. Яна, дарэчы, не задаецца пытаннямі вырашэння глабальных праблем, і, замест таго, каб ламаць галаву над задачай паэзіі ў цэлым (і не прыйсці да высновы), ставіць пытанне канкрэтна: якую карысць і каму можа прынесці яе паэзія? І бачыць шмат адказаў. Напрыклад, паказаць мясцовым беларусам, якая прыгожая і годная беларуская мова. А яшчэ — “намаляваць” свет старэйшага пакалення і нагадаць, каб не пакідалі сваіх мар у любым узросце.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Мужчынская прыгажосць: дар прыроды альбо пільны догляд за сабой?

Мужчынская прыгажосць: дар прыроды альбо пільны догляд за сабой?

Меркаванне, што мужчынам не патрэбна даглядаць за сабой, сёння гучыць архаічна.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У панядзелак у нефармальнай абстаноўцы можна будзе вырашыць значныя праблемы. Перад вамі могуць адкрыцца новыя магчымасці. 

Здароўе

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Вядома, што сярод прычын заўчаснай смерці сардэчна-сасудзістыя захворванні ўпэўнена займаюць першае месца.