Вы тут

Перад’юбілейнае шэсце Уладзіміра Караткевіча па краінах і літаратурах


Перад’юбілейнае шэсце Уладзіміра Караткевіча па краінах і літаратурах

Цікавасць да творчасці Уладзіміра Караткевіча ў іншых нацыянальных літаратурах носіць натуральны характар, грунтуецца на чытацкіх інтарэсах. Але і сёлетняя юбілейная дата, 90-годдзе класіка, робіць сваю справу.

Давайце паспрабуем зладзіць зусім кароткі агляд некаторых ініцыятыў. Тых, якія ўзніклі ў розных краінах свету літаральна ў апошнія некалькі гадоў. Перш-наперш хочацца згадаць Сербію і добра вядомую ў Беларусі перакладчыцу, сербскую паэтэсу, празаіка, бібліёграфа Даяну Лазаравіч. Яна перакладала паэзію Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алеся Бачылы, Марыі Кобец, Віктара Кажуры і іншых нашых класікаў і сучаснікаў на сербскую мову. І менавіта дзякуючы спадарыні Даяне караткевічаўская бібліяграфія ў Сербіі папоўнілася амаль на дзясятак публікацый. Першы пераклад з’явіўся на інтэрнэт-партале «Авів» у 2015 годзе. Наступныя публікацыі былі ўжо ў перыядычным друку. У студэнцкім часопісе «Весна» (дзясяты нумар за 2016 год) Д. Лазаравіч надрукавала падборку вершаў Уладзіміра Караткевіча. Затым былі публікацыі ў часопісах «Кніжны прагляд», «Звездані каладвор» (у 2018–2020 гадах), а таксама — у выдадзенай у Бялградзе «Анталогіі беларускай хрысціянскай паэзіі» (2019 год, укладальнік — прафесар БДУ доктар філалагічных навук Іван Чарота). Відавочна, што з часам у Бялградзе з’явіцца кніга выбранай паэзіі ў перакладзе Даяны Лазаравіч на сербскую мову. Перакладчыца паступова падыходзіць да рэалізацыі гэтага творчага праекта.

Кнігу вершаў Уладзіміра Караткевіча — чатыры дзясяткі твораў — пераклала на іспанскую мову Анхела Эпіноза Руіс, паэтэса, даследчыца беларускай літаратуры. Зборнік павінен пабачыць свет у Беларусі ў Выдавецкім доме «Звязда». І такая практыка надзвычай патрэбная. З дапамагай кніжнай лагістыкі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі кнігу можна будзе даставіць у розныя краіны, дзе размаўляюць на іспанскай мове. Пра Караткевіча болей шырока даведаюцца ў Венесуэле, Гватэмале, Гандурасе, Данімініканскай Рэспубліцы, Калумбіі, Коста-Рыцы, Мексіцы, Нікарагуа, Панаме, Парагваі, Перу, Пуэрта-Рыка, Сальвадоры, Сахарскай Арабскай Дэмакратычнай Рэспубліцы, Уругваі, Чылі, Эквадоры, Экватарыяльнай Гвінеі. Зборнік беларускага класіка патрапіць у буйнейшыя бібліятэкі Іспаніі. Такога характару крокі маглі б быць ажыццёўлены і ў дачыненні да перакладаў класіка на англійскую, французскую, кітайскую і іншыя найболей распаўсюджаныя ў свеце мовы.

У Азербайджане актыўна ўключыліся ў прапаганду творчасці Уладзіміра Караткевіча доктар філалагічных навук Флора Наджы і маладая перакладчыца Салатын Мірзоева. Спадарыня Флора ўдзельнічала ў Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час» у Мінску. А Салатын Мірзоева некаторы час узначальвала Цэнтр культуры Азербайджана ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка. Як іх, так і іх калег зацікаўленасць беларускай літаратурай прывяла да таго, што ў апошні час у перакладзе на азербайджанскую мову пабачылі свет апавяданні Караткевіча — іх пераўвасобілі Кямран Гаджыеў і Ханым Айдын. У друку з’явіліся і падборкі вершаў Уладзіміра Сямёнавіча на азербайджанскай мове. Перакладчыкі — Ібрагім Гуліеў, Айдан Хандын, Нізамі Байрамлы.

«Мы яшчэ да юбілею паспеем выдаць кнігу Уладзіміра Караткевіча», — паведаміла зусім нядаўна спадарыня Флора Наджы. Трэба адзначыць, што ў Азербайджане ў выдадзенай летась «Анталогіі беларускай дзіцячай літаратуры» ў перакладзе на азербайджанскую мову надрукавана і казка Караткевіча «Чортаў скарб». Перакладчык — Фізулі Аскерлі, доктар філасофіі ў галіне філалогіі, дацэнт кафедры выкладання і тэхналогіі літаратуры Азербайджанскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Спадар Фізулі Фейруз Аскерлі з’яўляецца аўтарам многіх кніг, прысвечаных нацыянальным дзіцячым літаратурам свету, а таксама перакладчыкам на азербайджанскую мову твораў пісьменнікаў Расіі, Казахстана, Украіны, Туркменістана, Эстоніі, Грузіі, Малдовы. Швецыі, Літвы. А ў «Анталогію беларускай дзіцячай літаратуры», якую ён адзін пераўвасобіў на азербайджанскую мову, увайшлі, акрамя Караткевічавай казкі, і творы Аляксея Дударава, Пятра Рунца, Уладзіміра Ліпскага, Генадзя Аўласенкі, Алеся Бадака ды іншых беларускіх паэтаў і празаікаў.

Дарэчы, казка «Чортаў скарб» зацікавіла ў апошні час перакладчыкаў з розных краін. Яе пераўвасобілі на кітайскую (перакладчык — Сунь Фаньці), чувашскую (перакладчык — народны паэт Чувашыі Валеры Тургай), марыйскую (пераклаў Юрый Салаўёў), чачэнскую (перакладчык — Адам Ахматукаеў), казахскую (перакладчыца — Уміт Тажкен) і іншыя мовы. Некалькі слоў пра казахскую літаратуразнаўцу і перакладчыцу Уміт Тажкен, якая нарадзілася ў 1949 годзе. Яна аўтар кніг «Узыходжанне да Абсалюта», «Сакралізацыя памяці», «Лаза тармарыска», «Бег памкненняў» ды іншых выданняў. На казахскую мову спадарыня Уміт пераклала апавяданні беларускіх празаікаў Алеся Бадака, Алены Мальчэўскай, рускага празаіка Генадзя Дароніна, які жыве і працуе ў Мінску. Будзем спадзявацца, што казка «Чортаў скарб», надрукаваная ў часопісе «Жулдыз» у перакладзе на казахскую мову, — не адзіны твор Уладзіміра Караткевіча, які апынуўся ў полі зроку перакладчыцкай зацікаўленасці Уміт Тажкен.

А ў Туркменістане «творчай пляцоўкай» для знаёмства са спадчынай Уладзіміра Караткевіча стаў літаратурна-мастацкі часопіс «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»). На старонках гэтага выдання надрукавана (у чацвёртым нумары за 2020 год) падборка з чатырох вершаў Уладзіміра Сямёнавіча ў перакладзе Джумагельды Мулкіева. Раней на старонках «Дунья эдэбіяты» былі надрукаваны пераклады паэзіі і прозы беларускіх пісьменнікаў Змітрака Бядулі, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Сяргея Законнікава, Міколы Мятліцкага, Алеся Бадака і іншых паэтаў і празаікаў. У звязку з перакладным часопісам — яшчэ адна цікавая акалічнасць. У гэтым выданні Караткевіч друкаваўся па-беларуску. У юбілейны для класіка туркменскай літаратуры Махтумкулі год «Дунья эдэбіяты» надрукавала яго твор «Будучыня Туркменіі» ў перакладзе на беларускую мову Уладзіміра Караткевіча.

Канешне ж, публікацыі твораў класіка беларускай нацыянальнай літаратуры Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча на мовах іншых народаў свету ў апошнія гады, калі адбываецца пэўная стагнацыя кнігавыдавецкага рынку, калі змяншаюцца наклады літаратурна-мастацкіх газет і часопісаў, а таксама іх перыядычнасць, не носяць шырокамаштабнага характару. Мабыць, па сённяшнім часе варта было б стварыць пэўную праграму агульнадзяржаўнага характару. Напрыклад, з такой назвай: «Прапаганда творчасці Уладзіміра Караткевіча ў свеце». І ў першую чаргу гэта павінна быць скіравана на арганізацыю перакладу і далейшае выданне такіх твораў, як «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», «Каласы пад сярпом тваім», «Чазенія», «Нельга забыць», «Зямля пад белымі крыламі»… Але, несумненна, вырашыць гэтую задачу можна толькі агульнымі дзяржаўнымі і грамадскімі зацікаўленнямі.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.