Доктар сельскагаспадарчых навук Мечыслаў Сцяпура сцвярджае, што кавун у Беларусi сёння вырасцiць лягчэй, чым агурок. Мы запыталiся ў Мечыслава Францавiча, загадчыка аддзела бахчавых культур РУП «Iнстытут агароднiцтва», як гэта зрабiць i чаму ў многiх не атрымлiваецца.
Навошта вырошчваць, калi можна купiць?
Для тых, каму цяпер за 35-40 гадоў, кавун — гэта смак летнiх канiкул, шчасця i бесклапотнасцi. I мы працягваем любiць гэтую гiганцкую ягаду, пасталеўшы. Але калi раней сезон кавуноў быў кароткi, сёння iх прадаюць i ў лiстападзе, i нават у снежнi: можна зладзiць сабе паслянавагоднi «дэтокс» 1 студзеня не з дапамогай традыцыйнага расолу, а разрэ- заўшы кавун.
— Для захавання кавуноў у нашы днi актыўна выкарыстоўваюцца фунгiцыды, якiя змагаюцца з гнiлямi, — тлумачыць Мечыслаў Сцяпура. — Трапляючы на плод, малекула такога прэпарату на працягу пяці—дзесяці хвiлiн забiвае ўвесь мiцэлiй. Апрацаваныя гэтым сродкам кавуны захоўваюцца па паўгода. Iх можна кiдаць, трэсцi, не вытрымлiваць тэмпературу захоўвання — гнiць яны не будуць. Бяда толькi ў тым, што такiя хiмiчныя прэпараты небяспечныя для чалавека. Iх малекулы ўжыўляюцца ў скурку плода i не вымываюцца вадой. Былi выпадкi атручэння людзей такiмi апрацаванымi кавунамi, набытымi на трасе i нават у гiпермаркетах.
— Такiм чынам, экалагiчна чысты кавун можна вырасцiць толькi самастойна?
— На жаль, тыя, што вязуць здалёк, — адназначна апрацаваныя «хiмiяй». Мне не раз задавалi пытанне, як захаваць кавуны без выкарыстання фунгiцыдаў. Але, на жаль, без «штукарства» кавун захоўваецца толькi месяц, максiмум — паўтара. Як i дыня. Высокае ўтрыманне цукроў — добры фон для размнажэння гнiласных бактэрый. Каб расцягнуць тэрмiн захоўвання на два месяцы, можна захоўваць iх пры 0 градусаў, у моху, пяску, глiне. Але паўгода ў экалагiчна чыстых умовах кавун у вас не праляжыць.
— Цi ёсць сэнс, напрыклад, для дачнiкаў, вырошчваць беларускiя кавуны?
— Безумоўна. Кавун у Беларусi вырасцiць лягчэй, чым агурок. Вырошчваюць яго, дарэчы, таксама праз расаду. Проста беларусы не прывыклi да гэтай культуры, i людзi баяцца, што нiчога не атрымаецца. Але клiмат у тым жа Растове-на-Доне — рэзка кантынентальны: днём тэмпература падымаецца да 40 градусаў, а ўначы холадна. I раслiна вытрымлiвае такiя перапады. У нас такiх ваганняў няма, клiмат мяккi. А галоўнае — для гэтай культуры ў нас падыходзяць глебы. Кавуну патрэбныя паветрапранiкальныя глебы. У Беларусi такiх глеб шмат — на 70 % гэта супесак, рыхлы супесак, лёгкi суглiнак. Расце кавун ва ўсiх абласцях нашай краiны, у тым лiку на Вiцебшчыне, толькi трэба выконваць тэхналогiю.
Галандскiя кавуны для беларускiх дачнiкаў
Для нашай клiматычнай зоны асаблiвае значэнне мае колькасць дзён ад завязвання да поўнага паспявання пладоў — i дзён гэтых павiнна быць як мага менш, бо цёплы сезон у параўнаннi з паўднёвымi краiнамi ў нас кароткi. Усё ж бахчавыя культуры для нас нязвыклыя, i айчынныя селекцыянеры вывядзеннем iх новых сартоў асаблiва не займаюцца. У беларускiх умовах раянiраваны (ўсебакова выпрабаваны i рэкамендаваны для вырошчвання) расiйскi сорт «Огонек». Сярод апошнiх распрацовак — уласна беларускi сорт кавуна «Сцяпурскi»: ён названы ў гонар свайго стваральнiка i пакуль не прадстаўлены ў дзяржаўную камiсiю па сортавыпрабаваннi.
— Па сутнасцi, гэта палепшаны варыянт «Огонька», — тлумачыць суразмоўца. — Ён таксама мае цёмна-зялёную афарбоўку, але калi «Огонек» дае плод па паўтара-два кiлаграмы, наш новы сорт — гэта кавуны вагой па шэсць кілаграмаў.
На эксперыментальных участках навукоўцы займаюцца таксама вырошчваннем галандскiх гiбрыдных сартоў кавуноў — «Раманза», «Топган», «Бедуiн».
— Расiйскiмi сартамi мы не займаемся, — расказвае Мечыслаў Францавiч. — Як адзначае акадэмiк Пiвавараў, расiйскiя сарты i гiбрыды могуць рэалiзаваць свой патэнцыял да 44-й шыраты. Беларусь размешчана на 52-й шыраце, Галандыя — на 50-51-й. Там клiматычныя ўмовы блiжэй да нашых. Мы спрабавалi расiйскiя сарты — яны нядрэнна растуць у Беларусi, але не паспяваюць выспець.
— А як вырошчваць кавуны ў Беларусi? У цяплiцах?
— Можна ў цяплiцах, а прасцей — у адкрытым грунце. Галоўнае — праз расаду. У Расii кавуны вырошчваюць з насення — сеюць проста ў грунт. Але там не шкадуюць пасяўны матэрыял, бо ён танны. А галандскае насенне — 1000 семечак — каштуе 40 еўра. Таму падыходзiць да пытання трэба далiкатна.
«Меншыя браты»
Галоўная праблема, з якой сутыкаюцца агароднiкi пры вырошчваннi бахчавых культур у нашых шыротах, — не капрызы надвор'я i не познiя замаразкi. Галоўны вораг ураджаю кавуноў — гэта насякомыя. Каранёвая сiстэма кавуноў салодкая. Калi вы пасееце насенне, то «меншыя браты» — мядзведкi, драцянiкi, лiчынкi хрушчоў — не дадуць «нованароджаным» карэньчыкам шанцу адужаць. Таму кавуны ў нас трэба вырошчваць толькi праз расаду, каб пасадзiць раслiны ў грунт ужо з добра развiтой каранёвай сiстэмай. Хоць i яе таксама паспяхова аб'ядаюць.
— Часам мне тэлефануюць агароднiкi-аматары: «Што вы нас падманваеце? Не растуць кавуны ў Беларусi! Я ўсё зрабiў правiльна, а яны не растуць», — расказвае Мечыслаў Сцяпура. — Тады я раю вырваць з зямлi адну раслiну. I аказваецца, што яна лёгка дастаецца, таму што каранёў, па сутнасцi, ужо няма — iх з'елi.
— Гэтая праблема — менавiта беларуская?
— Гэтая праблема цяпер паўсюль. Раней у зямлю актыўна ўносiлi арганiку. У маёй маладосцi ў Беларусi на гектар у сярэднiм прыходзiлася 33 тоны арганiкi (i торф, i гной), а цяпер — каля шасці тон. Нямала гаспадарак, якiя цалкам перайшлi на мiнеральныя ўгнаеннi. Як вынiк, раней мiкраарганiзмы i насякомыя ператраўлялi салому, што змяшчаецца ў арганiцы, i такiм чынам стваралi спрыяльнае асяроддзе для каранёў раслiн, а цяпер — адразу накiдваюцца непасрэдна на каранi. Арганiкi цяпер проста няма, нават у вёсках. Раней у кожнай вёсцы была стайня на 20—30 коней, кароўнiк, хлеў для цялят. Кожны гаспадар на ўласным падворку трымаў карову, свiней, курэй, гусей, авечак. Цяпер людзям прасцей купiць мяса i малако ў гiпермаркеце.
— Што ж рабiць са шкоднiкамi?
— Абараняць раслiны. З дапамогай той жа хiмii — куды ж без яе?.. Але каб мiнiмiзаваць яе ўплыў, лепш рабiць «калатушу» з глiны i гною, дадаваць туды ахоўныя прэпараты i ў гэтую сумесь абмакваць каранi саджанцаў перад высадкай у грунт. Калi глiна падсохне, атрымаецца «глазур».
— А калi выкарыстоўваць народныя сродкi?
— Можна паспрабаваць попел — у 1960-я, калi я быў падлеткам, з яго дапамогай паўсюдна змагалiся з насякомымi-шкоднiкамi. Але ў кожную пасадачную ямку трэба высыпаць дзве-тры шклянкi попелу. Попел — пастка для шкоднiкаў, яны ў ёй задыхаюцца, але для гэтага пласт попелу павiнен быць досыць тоўсты. I попел варта выкарыстоўваць прасеяны праз сiта. Але лепш усё ж прымянiць iнсектыцыд.
— Але ж мы хацелi атрымаць экалагiчна чысты прадукт...
— Ён i будзе экалагiчна чысты — з папраўкай на сучасныя рэалii. У Беларусi «хiмiяй» палi апрацоўваюцца два-тры разы на сезон, у краiнах Еўропы — у сярэднiм 24 разы за такi ж перыяд. Так што еўрапейцы, прыязджаючы да нас, адзначаюць, што нашы агароднiна i садавiна маюць непаўторны натуральны смак.
Стратэгiя поспеху
Калi вы вырашылi вырасцiць каля дома кавун — вось вам простая iнструкцыя ад найлепшага ў краiне спецыялiста па бахчавых культурах.
• Купляем насенне. Цяпер — найлепшы час для гэтага. Сарты — галандскiя гiбрыды (бяспройгрышны варыянт, усходжасць — 98 %) або правераны «Огонек».
— Толькi не купляйце насенне кавуна на базары: можаце нарвацца на сорт з вялiкiм перыядам вегетацыi. Для Беларусi патрэбны тэрмiн ад пасадкi на расаду да выспявання плода не больш за 75 дзён (а лепш — 72 днi). Але з Расii да нас прывозяць насенне кавуна з тэрмiнам выспявання 80-90 сутак. Атрымаць ураджай такiх сартоў у нас немагчыма.
• На расаду насенне саджаем 15 красавiка. На Вiцебшчыне — зрушваем тэрмiны дзён на пяць. У збанкi набiваем намочаны вадой торф з разлiку 0,5 л торфу на адно семечка. Насенне папярэдне замочваюць у марлi на 6-8 гадзiн. Прарошчваць расаду варта на паўднёвым акне пры тэмпературы 24—28 градусаў.
— Нi ў якiм разе не бярыце торф чорнага колеру. У яго вялiкая шчыльнасць, i ў iм гiне практычна любое насенне, асаблiва — гарбузовых культур.
• Высаджваем расаду ў адкрыты грунт пасля 20 мая. У кожную лунку дадаём попел, а каранi акунаем у глiняную «калатушу» з iнсектыцыдам. Трымаем пасадкi пад плёнкай да 15 чэрвеня.
• Плёнку прыбiраем, расткi раскладваем па зямлi i прымацоўваем — каб iх не скруцiў вецер i каб яны таксама далi карэньчыкi: раслiна атрымае дадатковае харчаванне.
• Астатняе проста: палiў, праполка. Ураджай збiраем з 5 да 15 жнiўня!
— Дарэчы, можна вырошчваць у нас i дынi (таксама галандскай селекцыi) — гэтую культуру лепш высаджваць у цяплiцу. Тут ёсць адна хiтрасць, якая гарантуе ўраджай. У маладой раслiны падвязваюць цэнтральнае сцябло. Калi на iм з'явiцца пяты лiст, абразаем верхавiну. З пазух лiсця з'явяцца парасткi. Пакiдаем два з пяцi, i таксама абразаем верхавiну кожнага парастка пасля таго, як на iх вырасце па шэсць лiсцiкаў. Тады з гэтых парасткаў з'явяцца наступныя, на якiх i будзе цвiценне па жаночым тыпе i плоданашэнне. Калi вы гэта не зробiце, пладоў можна не дачакацца — атрымаеце толькi зялёную масу.
Кавуны замест агуркоў?
Як расказаў навуковец, бахчавыя культуры паступова заваёўваюць нашы палi i прысядзiбныя соткi.
— Кавунамi ўжо займаюцца многiя. Узяць хоць бы Маларыцкi раён — там цэлыя вёскi вырошчваюць кавуны. Па Мiнскай вобласцi — у Смалявiчах ёсць даволi вядомы ў краiне фермер, Уладзiмiр Аляксандравiч Крапiўка, ён таксама вырошчвае кавуны. Ёсць фермеры i проста аматары, якiя займаюцца кавунамi ў Столiне, Слуцку, Рэчыцы, нават на Вiцебшчыне. Яны расказваюць: пакуль беларускiя кавуны не прададуць, прывазныя людзi не купляюць. Таму што нашы, «толькi з градкi» — маюць зусiм iншы смак. Астрахань ад Беларусi — за тысячы кiламетраў. Каб прывезцi адтуль кавун, яго рвуць недаспелым. I таму ў кавунах, якiя сюды прывозяць здалёк, толькi 6 % цукру. А ў нашых, беларускiх — мiнiмум 8 %.
Нават на Пiншчыне, у самым агурочным рэгiёне краiны, некаторыя гаспадаркi пераходзяць з агуркоў на кавуны, гаворыць Мечыслаў Францавiч.
— З аднаго боку, агуркi пачалi хварэць нематодай — занадта доўга iх саджалi на адным i тым жа месцы, — тлумачыць суразмоўнiк. — З другога — на мяжы з Беларуссю, на Смаленшчыне, расiяне пабудавалi 400 га цяплiц, i з-за аб'ёмаў сабекошт агароднiны там нiжэйшы, чым у нас. Так што многiя гаспадаркi пераходзяць з традыцыйных агуркоў-памiдораў на iншыя культуры — ягады (у першую чаргу сунiцы, тыя ж кавуны), кветкi.
А вось нязвыклыя для беларускага агароднiка вiды агароднiны: селекцыянеры вырасцiлi для нашых умоў i айчынныя сарты цыбулi-парэю, i брокалi, i кальрабi, i савойскай капусты — але пакуль не сустрэлi разумення нi ў дачнiкаў, нi ў фермераў. Затое палюбiўся народу сорт салодкага перцу «Парнас», якi пераўзыходзiць па ўраджайнасцi нават галандскiя сарты.
— Нашаму «Парнасу» ўжо каля пяцi гадоў. Цяпер яго вырошчваюць фермеры, дачнiкi, вяскоўцы. Ён залацiста-жоўты, таўшчыня сценкi — 7-8 мм, у iм шмат цукроў i больш за 150 мг вiтамiну С. Маса аднаго плода даходзiць да 400 г: у сярэднiм на кiлаграм — тры перцы. «Парнас» падыходзiць i для свежых салатаў, i для кансервавання. Многiя дзякуюць мне за гэты сорт, — усмiхаецца суразмоўнiк. — Неяк патэлефанавала пажылая дама i кажа: «Дзякуй, што навучылi мяне перац есцi». Аказалася, да таго, як пасадзiць наш сорт, яна цярпець не магла гэтую агароднiну. Пасадзiла не для сябе — для сваiх дамашнiх. Але пакаштавала наш «Парнас» — i палюбiла гэты смак.
Аляксандра АНЦЭЛЕВIЧ
На гэтым тыдні досыць хутка наступіла доўгачаканае цёплае лета.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.