Вы тут

У эканоміцы, праве, навуцы і бяспецы. Акцэнт на гарманізацыю і ўдасканаленне нацыянальнага заканадаўства


На мінулым тыдні парламенцкая дэлегацыя на чале са спікерам Савета Рэспублікі Наталляй КАЧАНАВАЙ прымала ўдзел у 51-м пленарным пасяджэнні Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое адбылося ў рэжыме відэаканферэнцыі.


Фота БелТА.

У складзе нацыянальнай дэлегацыі — члены Прэзідыума Савета Рэспублікі Таццяна Рунец і Сяргей Рачкоў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк і Валянцін Семяняка, намеснік генеральнага сакратара Савета МПА СНД — паўнамоцны прадстаўнік Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Когут.

Народнае апытанне і электроннае галасаванне

Падчас пленарнага пасяджэння парламентарыі прынялі 27 тэматычных мадэльных прававых актаў, па якіх беларускім бокам унесена больш за 80 заўваг і прапаноў.

Так, асамблеяй зацверджаны праект міжнароднай дамовы — Канвенцыі аб захаванні аб'ектаў культурнай спадчыны дзяржаў — удзельніц СНД, якая замацоўвае асноўныя механізмы ўзаемадзеяння краін Садружнасці па захаванні і выкарыстанні аб'ектаў культурнай спадчыны, асабліва ў перыяд сацыяльных і прыродных катаклізмаў. Дакумент накіраваны ў Выканаўчы камітэт СНД для разгляду ў адпаведным парадку.

Мадэльны Выбарчы кодэкс для дзяржаў — удзельніц СНД будзе садзейнічаць далейшаму развіццю прававой базы і датычыцца правядзення выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі выбарчымі стандартамі. У прыватнасці, як растлумачыў старшыня Пастаяннай камісіі МПА СНД па вывучэнні вопыту дзяржаўнага будаўніцтва і мясцовага самакіравання, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Валянцін СЕМЯНЯКА, дакумент заснаваны на міжнародных абавязацельствах дзяржаў — удзельніц СНД у сферы дэмакратычных выбараў, у першую чаргу, на Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод у дзяржавах — удзельніцах СНД, абавязацельствах у рамках АБСЕ, Савета Еўропы, рэкамендацыях МПА СНД і Венецыянскай камісіі Савета Еўропы.

Ён усталёўвае прынцыпы прававога рэгулявання арганізацыі і правядзення выбараў і рэферэндумаў, мэты і задачы такога рэгулявання, прынцыпы іх арганізацыі і правядзення, фарміравання і дзейнасці выбарчых камісій, камісій рэферэндуму, замацоўвае асноўныя правы і абавязкі ўдзельнікаў выбарчага працэсу і гэтак далей.

Каб адлюстраваць усе аспекты развіцця нацыянальнага заканадаўства, з'явілася навела аб правядзенні кансультацыйнага народнага апытання. Дакумент таксама дапоўнены главой «Ускосныя выбары», дзе знайшлі адлюстраванне апошнія тэндэнцыі магчымага развіцця дэмакратычных інстытутаў, у тым ліку электроннае галасаванне і дыстанцыйнае электроннае галасаванне.

Як адзначыў выступоўца, мадэльны Выбарчы кодэкс узгоднены з нацыянальным заканадаўствам краін Садружнасці, а таксама ўлічвае сучасныя тэндэнцыі яго развіцця.

Найлепшыя практыкі антыкрызіснага рэгулявання — у Белай кнізе

У эканамічным блоку пытанняў прыняты мадэльныя законы аб інжынірынгу, інжынернай справе, будаўніцтве нерухомых аб'ектаў на долевай аснове.

Валянцін Семяняка прадставіў калегам праект Параўнальна-прававога аналізу інструментарыю антыкрызіснага рэгулявання. Ён адзначыў, што роля дзяржаўнага антыкрызіснага рэгулявання, выпрацоўкі і рэалізацыі стратэгіі развіцця дзяржавы і грамадства, накіраванай на пераадоленне крызісных з'яў і забеспячэнне раўнаважнага стану эканамічных інстытутаў і дзяржаўнай улады, узрастае. Пры гэтым дзяржава выкарыстоўвае метады як прамога ўмяшальніцтва, так і ўскоснага.

— Эфектыўны комплекс інструментаў антыкрызіснага кіравання дае імпульс для эканамічнага росту і стварае перадумовы для змен гаспадарчых працэсаў на ўсіх узроўнях эканомікі, — падкрэсліў парламентарый. — Выкарыстоўваюцца інструменты аператыўнага рэагавання, накіраваныя на стабілізацыю эканамічнай сітуацыі ў кароткатэрміновы перыяд, і інструменты стратэгічнага рэагавання макраэканамічных працэсаў, якія забяспечваюць сацыяльна-эканамічны працэс у доўгатэрміновай перспектыве.

Параўнальны метад даследавання ўяўляе сабой супастаўленне існуючых характарыстык параўнальных аб'ектаў, якое дазваляе вылучыць агульныя рысы і адрозненні. Аб'ект даследавання — заканадаўчая практыка антыкрызіснага рэгулявання.

Валянцін Семяняка адзначыў, што профільная камісія мае намер працягнуць работу ў гэтым кірунку і падрыхтаваць Белую кнігу найлепшай практыкі антыкрызіснага рэгулявання, заснаваную на вопыце дзяржаў — удзельніц СНД і краін далёкага замежжа.

У сферы абароны і бяспекі профільнай Пастаяннай камісіяй МПА СНД былі прадстаўлены мадэльныя законы аб бежанцах, пакрыцці нанесенай шкоды грамадзянам, якія пацярпелі ад злачынстваў, новыя рэкамендацыі па тыпалогіі злачынстваў, якія здзяйсняюцца з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій.

Для мінімізацыі рызык, у тым ліку карупцыйных

У гуманітарным раздзеле асамблеяй прыняты мадэльны Працоўны кодэкс, законы аб школьным спорце і допінгу ў спорце, узгоднены слоўнік тэрмінаў у галіне адукацыі.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі МПА СНД па навуцы і адукацыі, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар МАРЗАЛЮК прэзентуючы калегам мадэльны закон «Аб кантрактнай сістэме ў сферы даследаванняў і распрацовак» растлумачыў, што адной з задач, якая забяспечвае супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД у навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах, з'яўляецца стварэнне міждзяржаўнай прасторы, якая надае сістэмны характар устойліваму развіццю і спрыяе эфектыўнаму выкарыстанню вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак. «Паспяховаму рашэнню гэтай задачы будзе садзейнічаць аптымальнае і гарманізаванае рэгуляванне механізмаў выкарыстання дзяржаўных фінансавых рэсурсаў», — перакананы парламентарый.

Па яго словах, мадэльны закон вызначае арганізацыйна-прававыя і эканамічныя асновы кантрактнай сістэмы, паўнамоцтвы і адказнасць яе ўдзельнікаў, асаблівасці ажыццяўлення закупак вынікаў даследаванняў і распрацовак. «Дакумент накіраваны на забеспячэнне метадалагічнага адзінства і гарманізацыі прававых патрабаванняў да арганізацыі кантрактнай сістэмы ў сферы даследаванняў і распрацовак, стымулявання заключэння кантрактаў і іх рэалізацыю на выгадных для заказчыка і выканаўцы ўмовах, мінімізацыі рызык, у тым ліку і карупцыйных», — падкрэсліў Ігар Марзалюк.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Хутка выпускны! Што выбраць, каб выглядаць годна на галоўным школьным свяце?

Пачнём, зразумела, з дзяўчынак, бо менавіта іх мамы ўжо цяпер ламаюць галаву над выпускным уборам дачок.

Грамадства

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол

Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнік