Вы тут

У лепшых традыцыях


Беларускаму нацыянальнаму тэхнічнаму ўніверсітэту споўнілася сто гадоў з дня заснавання вну


Са 100‑гадовым юбілеем калектыў БНТУ павіншаваў Прэзідэнт Беларусі.

— Гісторыя знакамітага палітэха непарыўна звязаная з эпохай станаўлення нашай незалежнай дзяржавы. Усе гэтыя гады калектыў і шматлікія выпускнікі вашай вну ўносяць важкі ўнёсак у развіццё эканомікі. Шэраг дасягненняў навукоўцаў і спецыялістаў БНТУ атрымалі сусветнае прызнанне, — адзначыў, у прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы.

Сёння ўніверсітэт з’яўляецца вядучай навучальнай установай Беларусі па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных інжынерных кадраў для прыярытэтных галін народнай гаспадаркі, займаецца укараненнем навуковых распрацовак і стварэннем інавацыйных вытворчасцяў.

— Перакананы, што, прымнажаючы лепшыя традыцыі нацыянальнай вышэйшай адукацыі, калектыў універсітэта і надалей будзе аддана служыць Айчыне, паспяхова вырашаючы адну з найважнейшых задач — фарміраванне навукова-тэхнічнай эліты краіны, — гаворыцца ў віншаванні Прэзідэнта.

Да 100‑годдзя вну на пляцоўцы ля ўваходу ў галоўны корпус Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта выставілі шматлікія ўзоры беларускай аўтамабільнай тэхнікі, створаныя выпускнікамі БНТУ. Сучасны электробус, пасажырскі аўтобус МАЗ‑303 апошняга пакалення… Ганарыцца вядучай беларускай тэхнічнай альма-матар ёсць чым.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што БНТУ стаў родапачынальнікам інжынернай думкі і інжынернай творчасці ў краіне, а беларускія інжынеры ўмеюць тварыць сапраўдныя цуды, знаходзячыся пры гэтым у жорсткай сусветнай канкурэнцыі:

— Усё, што мы бачылі тут, у свеце вырабляецца ў велізарнай колькасці. І тое, што вы выстаялі ў гэтай канкурэнцыі, вырабляеце патрэбную на сусветным рынку прадукцыю, дарагога каштуе, — сказаў, наведваючы вну ў дзень юбілею Прэзідэнт.

Беларускаму нацыянальнаму тэхнічнаму ўніверсітэту Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэн Працоўнай Славы. Між іншым, упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі. Кіраўнік дзяржавы з усмешкай падкрэсліў: насіць яго будзе зусім не рэктар на грудзях, ордэн з’явіцца на сцягу вну. Гаворачы афіцыйна, навучальная ўстанова ўдастоена ўзнагароды за значны ўнёсак у развіццё інжынерна-тэхнічнай адукацыі, правядзенне навуковых даследаванняў у галіне машынабудавання, энергетыкі, будаўніцтва і архітэктуры, укараненне новых сучасных тэхналогій, падрыхтоўку навуковых кадраў і ў сувязі са 100‑годдзем з дня заснавання ўніверсітэта.

Не абышлося, зрэшты, і без асабістых узнагарод тым, хто, як вобразна выказаўся Прэзідэнт, зрабіў гэты ўніверсітэт, хто падтрымлівае імідж гэтага ўніверсітэта на найвышэйшым узроўні, тым, хто прывёў яго ў эліту сусветных універсітэтаў. Вось што кажуць узнагароджаныя супрацоўнікі БНТУ.

Дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ, доктар архітэктуры, прафесар Армэн Сардараў:

— Кожны год мы выпускаем прыкладна 120 спецыялістаў, пры тым, што конкурс пры паступленні складае чатыры-пяць чалавек на месца. І сёння смела можна гаварыць пра тое, што ў Беларусі з удзелам нашых выхаванцаў створана Нацыянальная архітэктурная школа, якая працягвае традыцыі, закладзеныя папярэднімі пакаленнямі дойлідаў.

Загадчык кафедры лазернай тэхнікі і тэхналогіі доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Мікалай Куляшоў уваходзіць у лік найбольш цытуемых навукоўцаў свету ў сваёй сферы. А ў БНТУ кафедра ўжо 20 гадоў займае лідзіруючыя пазіцыі па паспяховасці студэнтаў, навукова-даследчай дзейнасці. Нядзіўна, што выхаванцы гэтага выкладчыцкага калектыву расцэньваюцца ў беларускай прамысловасці на вагу золата.

— За 20 гадоў падрыхтавалі каля 500 інжынераў, — з гонарам заўважае Мікалай Куляшоў. — На іх рахунку — распрацоўка і выраб Беларускага касмічнага апарата, самай перадавой прадукцыі такіх вядомых прадпрыемстваў, як ААТ «Пеленг», БелОМА. Ёсць і прыклады, калі нашы выхаванцы самі стварылі інавацыйныя прадпрыемствы, прызнаныя сёння ў свеце. Дарэчы, агульнапрызнаны і наш лазерны цэнтр.

Доктар тэхнічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Байкоў, як скончыў у 1973 годзе Беларускі політэхнічны інстытут (так тады называўся БНТУ), так і прайшоў тут усе прыступкі да кіраўніка адной з вядучых кафедраў аўтатрактарнага факультэта, якую ўзначальвае ўжо чвэрць стагоддзя. За гэты час у яе аўдыторыях падрыхтавана тры тысячы спецыялістаў па распрацоўцы, вытворчасці і эксплуатацыі трактарнай колавай тэхнікі.

— Сёння наш выпускнік можа адразу ўключацца ў вытворчы працэс, — ацэньвае зробленае прафесар Байкоў. — Дэвіз нашай кафедры — апярэджваць час. Гэта тычыцца ўсіх пяці спецыяльнасцяў, па якіх ідзе падрыхтоўка, у тым ліку такіх як электрычны транспарт, дызайн транспартных сродкаў. Наперадзе не менш складаныя задачы: стварэнне не толькі новых відаў электробусаў, але і бескантактавых тралейбусаў і нават трамваяў. З’явяцца і электрычныя трактары, адаптаваныя да тэхналогіі дакладнага земляробства.

Аляксандр ПІМЕНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.