Вы тут

У Выдавецкім доме «Звязда» выйшаў літаратурна-мастацкі альманах перакладаў з нацыянальных літаратур краін свету


Да традыцыйнай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, якая сёлета павінна прайсці з 18 па 21 лютага, кніжныя выдавецтвы краіны рыхтуюць падарункі. У Выдавецкім доме «Звязда» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь выходзіць літаратурна-мастацкі альманах перакладаў з нацыянальных літаратур краін свету. Сёлета пад адной вокладкай сабраны творы пісьменнікаў Азербайджана, Бразіліі, В’етнама, Германіі, Дамініканскай Рэспублікі, Казахстана, Калумбіі, Кіргізіі, Кітая, Латвіі, Непала, Пуэрта-Рыкі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Славакіі, Туркменістана, Украіны…


Сярод перакладчыкаў — вядомыя беларускія паэты, празаікі: Таццяна Сівец, Мікола Мятліцкі, Віктар Шніп, Андрэй Хадановіч, Людміла Рублеўская і іншыя перастваральнікі чужых мастацкіх вобразаў, сімвалаў, метафар на родную беларускую мову.

Альманах у свой час, у 1970-я — у пачатку 1990-х гг., быў актыўнай пляцоўкай для апрабіравання перакладчыцкіх навыкаў, для развіцця беларускай школы мастацкага перакладу, прасторай для ўмацавання міжнародных сувязяў беларускай літаратуры. У пачатку 1990-х і «Далягляды», і другія перакладныя альманахі — «Братэрства», «Ветразь» загадалі, як кажуць, доўга жыць. У 2019 годзе «Далягляды» вярнуліся і зноў яднаюць беларускіх перакладчыкаў. Будзем чакаць вяртання і астатніх альманахаў.

У выпуску 2021 года ў «Даляглядах» істотна прадстаўлены краіны Амерыкі. З партугальскай мовы апавяданне «Паесці сушы ў Бейруце» бразільскага празаіка Луіса Руфату пераклаў Рыгор Ляшук. Ён жа — перакладчык з іспанскай мовы двух апавяданняў Анхеля Луіса Армабілета Альварэса (Дамініканская Рэспубліка), а таксама «Пяці кароткіх апавяданняў паводле Гарсія Маркеса» калумбійскага празаіка Сант’яга Муціса Дурана. Пераклаў Рыгор Ляшук і два апавяданні Луіса Лопеса Ньевеса (Пуэрта-Рыка).

Па традыцыі ў сёлетнім выпуску «Даляглядаў» шмат месца адведзена паэзіі і прозе краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. На старонках выдання беларускі чытач зможа адкрыць для сябе імёны пісьменнікаў Казахстана, Кіргізіі, Туркменістана… Цікавай атрымалася падборка, прысвечаная рускай літаратуры. Верш Сяргея Ясеніна пераклаў Іван Ждановіч, а п’есу Уладзіміра Набокава «Падзея» — Людміла Рублеўская. Вершы сучасных паэтаў Расіі Івана Ждановіча і Валерыя Казакова пераклалі Іван Ждановіч і Віктар Шніп. Асобна акцэнтавана ўвага на нацыянальных літаратурах Расіі. У альманах уключаны творы яркага калмыцкага паэта Джангара Насунава, якія пераклаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі, калмыцкай паэтэсы Рымы Ханінавай у перакладзе Навума Гальпяровіча, шорскай пісьменніцы Любові Арбачакавай у перакладах Святланы Быкавай, паэтаў Чувашыі і Чачні. Туркменскую прозу прадстаўляюць празаікі Бягуль Анабаева, Медан Баядаў, Джумагельды Мулкіеў.

Нечаканай падаецца публікацыя вялікай падборкі твораў паэтаў Непала: Лакшмі Прасада Дзевакоты, Мадхава Прасада Гімірэ, Кедармана В’ятхіта, Балкрышана Сама, Бхідмадрашана Рока, Сідхічарана Шрэшха. Перакладчык — лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі ў галіне культуры і мастацтва Віктар Шніп. Хацелася б, каб такія крокі перакладчыцкай увагі з боку Беларусі былі заўважныя і ў Непале, каб беларускае мастацкае слова загучала на непальскай мове.

Гэта відавочна, што пра зробленае, пра новыя крокі ў беларускім мастацкім перакладзе трэба расказваць не толькі дома, але і ў свеце, з разлікам на ўзаемную ўвагу.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.