Вы тут

Для беларускіх медыкаў перададзена новая расійская вакцына «Эпіваккарона»


У Мінску з афіцыйным візітам знаходзіцца дэлегацыя Федэральнай службы Расіі па наглядзе ў сферы абароны правоў спажыўцоў і дабрабыту чалавека Расіі (Расспажыўнагляд) на чале з кіраўніком службы, галоўным дзяржаўным санітарным урачом Расіі Ганнай Паповай. Учора яна сустрэлася з прэм'ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам.


— Санітарныя службы нашых дзяржаў знаходзяцца ў цесным і плённым кантакце з самага пачатку пандэміі. Вядома, распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі наклала глыбокі адбітак на эканоміку нашых краін, камунікацыі. Усё гэта негатыўна паўплывала на вынікі гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, — адзначыў Раман Галоўчанка.

Паводле яго ацэнкі, сёння дзякуючы скаардынаваным намаганням ёсць пазітыўныя тэндэнцыі ў пераадоленні наступстваў пандэміі.

Па словах Ганны Паповай, цяпер спецыялісты Беларусі і Расіі абмяркоўваюць правядзенне сумесных навуковых даследаванняў, звязаных з COVІD-19.

— Першае — гэта вывучэнне папуляцыйнага імунітэту ў Беларусі. Такі праект у Расійскай Федэрацыі праходзіць вельмі паспяхова, мы разумеем, якая колькасць насельніцтва ў Расіі мае імунітэт да COVІD-19, — адзначыла Ганна Папова. Паводле яе слоў, даныя аб папуляцыйным імунітэце дазваляюць прагназаваць далейшую эпідэмічную сітуацыю. Яшчэ адна ініцыятыва, якая абмяркоўваецца — гэта работа па маніторынгу зменлівасці віруса на тэрыторыі Беларусі. У Расіі яна ідзе досыць даўно.

Ганна Папова перадала Беларусі новую вакцыну ад каранавіруса «Эпіваккарона».

«У якасці жэсту нашага вялікага сяброўства я перадала беларускім калегам новую вакцыну «Эпіваккарона», якая, я ўпэўнена, паслужыць захаванню здароўя медработнікаў, што знаходзяцца ў зоне рызыкі. Акрамя таго, мы перадалі тэст-сістэму новага пакалення для вызначэння віруса», — распавяла яна.

Раней у Расспажыўнаглядзе паведамлялі, што па выніках першай-другой фаз клінічных выпрабаванняў імуналагічная эфектыўнасць вакцыны «Эпіваккарона» складае 100 %. Маштабны выпуск вакцыны плануецца пачаць у лютым.

Міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч даў высокую ацэнку новай расійскай вакцыне:

— Мы, вядома, спадзяёмся, што гэта вакцына будзе пастаўлена ў большай колькасці, і яна дапаможа ў комплексным супрацьдзеянні каранавіруса. Гэта вельмі добрая вакцына, ацэньваецца вельмі высока, — адзначыў ён. Па словах міністра аховы здароўя Беларусі, бакі таксама абмеркавалі праграмы вакцынацыі ў абедзвюх краінах.

Міністр таксама распавёў пра сітуацыю з COVІD-19.

— Мы канстатуем стабілізацыю эпідпрацэсу ў Беларусі і Расіі. Зразумела, што Беларусь значна меншая краіна, але ва ўсіх рэгіёнах краіны эпідпрацэс паказвае больш нізкую інтэнсіўнасць, — сказаў Дзмітрый Піневіч.

Таксама на сустрэчы ў беларускім урадзе абмяркоўвалася ўзаемадзеянне з Расіяй у вытворчасці і выкарыстанні вакцын супраць каранавіруса. Гаворка ідзе не толькі пра «Спадарожнік V», але і пра іншыя расійскія распрацоўкі. Акрамя таго, абмяркоўвалася ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі пры перасячэнні мяжы з выкарыстаннем мабільнай праграмы «Падарожнічаю без COVІD-19».

Адзначым, што ў межах праграмы візіту намеснік міністра — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Аляксандр Тарасенка пазнаёміў расійскіх калег з работай РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі ва ўмовах пандэміі COVІD-19.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: rfi.fr

Загаловак у газеце: Дзеля захавання здароўя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.