Вы тут

Акадэмія навук актыўна развівае супрацоўніцтва з многімі краінамі


Нягледзячы на санкцыі Захаду Нацыянальная акадэмія навук актыўна развівае супрацоўніцтва з многімі краінамі і паспяхова вядзе работу па розных напрамках.


У навукова-вытворчым цэнтры біятэхналогій НАН Беларусі

Як адзначыў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, поспехі ў атамнай энергетыцы, распрацоўкі ў сферы медыцыны і стварэнне лінейкі айчыннага электратранспарту можна лічыць прарыўнымі для беларускіх навукоўцаў.

Закранаючы вынікі работы Нацыянальнай акадэміі навук у 2023 годзе, Уладзімір Гусакоў нагадаў, што галоўнымі крытэрыямі працы вучоных з’яўляюцца дынаміка беларускай эканомікі і гарманічнае развіццё сацыяльнай сферы. НАН Беларусі як вышэйшая навуковая арганізацыя краіны ў мінулым годзе працягвала ажыццяўляць навуковае забеспячэнне і суправаджэнне больш як 35 праграм, у тым ліку ў сферы фундаментальных даследаванняў, навукова-тэхнічных і галіновых.

Кіраўнік Акадэміі навук адзначыў, што было забяспечана дасягненне ўсіх мэтавых паказчыкаў, а па шэрагу індыкатараў айчынныя распрацоўшчыкі спрацавалі з апераджэннем. Тым самым павышаецца планка выніковасці сваёй уласнай фундаментальнай і прыкладной навукі. А ў сучасных умовах грань паміж гэтымі буйнымі кампанентамі становіцца практычна незаўважнай.

Месяцавая праграма і лінейка электрамабіляў

У топ-10 дасягненняў нашай навукі — распрацоўкі шырокага спектра: ад звышмоцных электрычных палёў і прымянення ніобіевых рэзанатараў да супрацьвіруснай і проціпухліннай тэрапіі. У структуры НАН звыш 100 вытворчасцяў. Навука цяпер цесна інтэграваная ў беларускую эканоміку.

Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што Акадэмія навук узаемадзейнічае са 100 краінамі — ад Кітая, Індыі і Кубы да Заходняй Еўропы, Японіі і ЗША. Пры Акадэміі функцыянуюць 48 міжнародных даследчых цэнтраў. Толькі за мінулы год яе наведалі дэлегацыі з 40 краін.

Як вынік — развіццё сумесных праектаў. У кастрычніку мінулага года НАН Беларусі і Кітайская нацыянальная касмічная адміністрацыя падпісалі дэкларацыю аб супрацоўніцтве ў працэсе стварэння і эксплуатацыі Міжнароднай навуковай месяцавай станцыі. Профільныя інстытуты НАН ужо ўзаемадзейнічаюць з аналагічнымі кітайскімі структурамі.

«Мы ўключыліся ў месяцавую праграму. Гэта вельмі важна. І паказальна, што Кітай прапанаваў такое супрацоўніцтва невялікай краіне — Беларусі», — акцэнтаваў Уладзімір Гусакоў.

Асобныя распрацоўкі беларускіх навукоўцаў пераўзыходзяць сусветны ўзровень. Адзін з прыкладаў — выкарыстанне хімерных антыгенных рэцэптараў малекул РНК, якія вучаць імунныя клеткі пацыента змагацца з ракавымі пухлінамі. Распрацоўка выкарыстоўваецца пры правядзенні CAR-T-клетачнай тэрапіі лейкозаў у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава.

Важна не стаяць на месцы. НАН сфармавала рэестр перспектыўных праектаў, які ўключае ўжо 81 прапанову. Адно з першачарговых — стварэнне сеткі мабільнай электрасувязі 5G. Распрацавала Акадэмія навук і лінейку электрамабіляў рознай мадыфікацыі і прызначэння, у ліку якіх мадэль легкавушкі з максімальнай ступенню лакалізацыі па асноўных кампанентах. Створаны цэнтр кампетэнцый, якія рэалізоўваюцца ў краіне з нуля. Як чакаецца, вытворчасць айчыннага электрамабіля запусцяць да 1 студзеня 2025 года.

І сябе паказаць, і выгадна пагандляваць

Пад эгідай НАН за мінулы год праведзена 26 выставачных мерапрыемстваў, падпісана 80 пратаколаў і 450 кантрактаў. «Мы цяпер дамаўляемся аб абмене распрацоўкамі з Акадэміяй навук Кітая: прадставім у іх свае распрацоўкі, а кітайскія навукоўцы прадставяць свае дасягненні ў нашай краіне. Плануецца зрабіць гэта ўжо вясной».

Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што выставачная дзейнасць — гэта вельмі выгадна. На рубель выдаткаў краіна атрымала 16 долараў даходу па заключаных дагаворах і кантрактах.

Кіраўнік НАН таксама заўважыў, што выстава «Беларусь інтэлектуальная», якая прайшла ў пачатку 2023 года, выклікала шырокі рэзананс. «Пасля правядзення „Беларусі інтэлектуальнай“ ў Мінску і рэгіёнах да нас паехалі цэлыя дэлегацыі з абласцей, з прадпрыемстваў і арганізацый, — расказаў Уладзімір Гусакоў. — У Нацыянальнай акадэміі навук таксама ёсць пастаянна дзеючая выстава — наведванні працягваюцца дагэтуль. Мы пастаянна абнаўляем экспазіцыю, прадстаўляючы найноўшыя распрацоўкі».

На думку старшыні Прэзідыума НАН, своеасаблівым працягам «Беларусі інтэлектуальнай» стала экспазіцыя, якая адкрылася ў лістападзе ў павільёне Беларусі на ВДНГ у Маскве, дзе прадстаўлены некаторыя з паказаных раней у нас экспанатаў — касмічныя, авіятэхнічныя, навуковыя распрацоўкі, а таксама ўвасобленыя праекты беларускага машынабудавання — ад мадэляў да рэальных машын. Характэрна, што айчынная экспазіцыя выклікала вялікую цікавасць — за два месяцы работы выставы яе наведалі больш за 215 тысяч чалавек. Уладзімір Гусакоў дадаў, што пасля Масквы пры наяўнасці цікавасці экспазіцыя можа з часам дэманстравацца і ў іншых расійскіх рэгіёнах.

Калі інвестыцыі працуюць

Па стане на снежань 2023 года ў Беларусі было акрэдытавана ў якасці навуковых арганізацый 224 юрыдычныя асобы. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў.

У ажыццяўленні навуковых даследаванняў і распрацовак удзельнічалі больш чым 25 тысяч чалавек, з якіх крыху больш за 500 дактароў навук і прыкладна 2500 кандыдатаў навук. У рамках праграмы інавацыйнага развіцця выконваецца 86 інавацыйных праектаў.

У галіне машынабудавання гэта новыя мадэлі камбайнаў, новыя інтэгральныя мікрасхемы, у галіне аховы здароўя — новыя метады лячэння з выкарыстаннем 3D-тэхналогій, у аграпрамысловым комплексе — новыя сарты раслін і пароды жывёл. А таксама новыя тэхналогіі і прадукцыя харчовай прамысловасці. Гэты спіс можна працягваць доўга.

Па папярэдніх даных за мінулы год, у навукова-тэхнічнай дзейнасці за 1 рубель інвестыцый у сярэднім рэалізавана прадукцыі на 11 рублёў, у інавацыйнай дзейнасці на 1 рубель інвестыцый рэалізавана прадукцыі на 15,5 рубля. Экспарт склаў 6 рублёў, з іх высокатэхналагічны — 4,2 рубля.

Практычна ўсе вядомыя ў свеце паказчыкі, якія характарызуюць узровень інавацыйнага развіцця дзяржавы, у нас знаходзяцца ў станоўчай дынаміцы, усе яны выкананы.

Да канца мінулага года ў краіне дзейнічала 17 тэхналагічных паркаў, колькасць рэзідэнтаў у іх дасягнула 260. Аб’ём вырабленай гэтымі рэзідэнтамі прадукцыі склаў больш за 450 мільёнаў рублёў — рост гэтага паказчыка ў шэсць разоў з 2016 года.

Сяргей Шлычкоў таксама праінфармаваў, што 26 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы з 10 раніцы пачне работу выстава навуковых дасягненняў Беларусі. Там будуць прадэманстраваны больш за 280 распрацовак ад 80 навуковых арганізацый нашай краіны.

Вакцыны супраць грыпу і не толькі

На аснове найноўшых біятэхналогій акадэмічнымі навукоўцамі ўпершыню створаны прататыпы дзвюх айчынных вакцын супраць грыпу, расказаў Уладзімір Гусакоў.

Беларускія навукоўцы вядуць работы па розных кірунках, уключаючы распрацоўку фармацэўтычных прэпаратаў.

«У галіне медыцыны і фармакалогіі на аснове найноўшых біятэхналогій акадэмічнымі навукоўцамі ўпершыню створаны прататыпы дзвюх айчынных вакцын супраць грыпу, чаго раней ніколі не было. Адна з іх інактываваная культуральная, другая рэкамбінантная з антыгенамі вірусаў з раслін», — сказаў Уладзімір Гусакоў.

Гэта не ўвесь спіс дасягненняў навукоўцаў. Паводле яго слоў, таксама былі распрацаваны і ўкаранёны ў практыку новыя тэхналагічныя працэсы для высокадакладнага сінтэзу бялку, у прыватнасці, атрыманы эксперыментальныя ўзоры прэпарату для лячэння ішэміі ніжніх канечнасцяў на аснове ДНК плазмід.

Вялікім прарывам летась стала распрацоўка навукоўцаў разам з беларускімі ўрачамі-анколагамі па барацьбе з ракам. Гаворка ідзе пра канструкцыі хімерных антыгенных рэцэптараў малекул-РНК, якія вучаць імунныя клеткі пацыента змагацца з ракавымі пухлінамі.

Першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Алена Краткова распавяла, што CAR-T тэрапія дазваляе дарослым і дзецям змагацца з агрэсіўнымі формамі ў клетачных лімфах, якія не ўспрымальныя да звычайнага проціпухліннага лячэння.

«Вопыт прымянення ў 10 дзяцей паказвае 85-працэнтную выжывальнасць, гэта вельмі высокі працэнт. У дарослых ён выкарыстоўваўся ў 27 пацыентаў», — удакладніла яна.

Намеснік міністра адзначыла, што навуковыя даследаванні беларускіх вучоных-медыкаў вядуцца з улікам магчымасці прымянення атрыманых вынікаў у практычнай дзейнасці.

«Асаблівасць Беларускай медыцынскай навукі — яе практыка-арыентаванасць, — сказала яна. — У цяперашні час у краіне рэалізоўваецца больш за 350 навуковых праектаў, вынікам якіх у мінулым годзе стала распрацоўка 128 новых метадаў дыягностыкі і лячэння, якія ўжо рэалізаваны актамі ўкаранення і публікацыямі». Алена Краткова таксама пазначыла асноўныя напрамкі ў ахове здароўя, якія з’яўляюцца прыярытэтамі для навуковых даследаванняў. Першы — праблемы ў галіне медыцынскіх біятэхналогій, у тым ліку ў рамках рэалізацыі Канцэпцыі нацыянальнай сістэмы забеспячэння біялагічнай бяспекі. Другі — распрацоўка лекавых сродкаў, дыягнастычных прэпаратаў, тэст-сістэм. Трэці — пытанні аховы мацярынства і дзяцінства. Чацвёрты — метады прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння анкалогіі. Пяты — захворванні сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм.

Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя таксама адзначыла, што ў 2023 годзе ў краіне было зарэгістравана 46 айчынных лекавых прэпаратаў. Прычым кожны трэці зарэгістраваны летась лекавы прэпарат з’яўляўся айчынным. Як і кожны пяты з 417 вырабаў медыцынскага прызначэння.

У сістэме Міністэрства аховы здароўя налічваецца 25 навуковых арганізацый, працуе больш за 2500 медыцынскіх работнікаў з навуковай кваліфікацыяй, з якіх 387 — дактары медыцынскіх навук. Штогод больш за 17 працэнтаў ад усіх дысертацый, якія абараняюцца ў Беларусі, адносяцца да медыцынскага профілю. Мінулы год не стаў выключэннем: абаронена 87 дысертацый, з якіх 67 — на саісканне кандыдата медыцынскіх навук і 19 — на саісканне ступені доктара медыцынскіх навук.

Нобелеўскі камітэт... ён у Швецыі засядае

Уладзімір Гусакоў лічыць, што ў краіне ёсць патэнцыяльныя прэтэндэнты на Нобелеўскую прэмію. Аднак, на яго думку, крытэрыі прысуджэння ўзнагароды цяпер залішне палітызаваныя, таму рэальныя шанцы на яе атрыманне беларусамі невялікія.

«У нас нават былі спробы прабіцца, не буду казаць з кім, але гэта немагчыма, паколькі Нобелеўскі камітэт у Швецыі засядае, і ён настолькі палітызаваны, і там чарговасць на некалькі гадоў наперад — каго яны ўжо абяруць. Ужо чарга ўсталявалася, нас пакуль у гэтай чарзе няма», — падзяліўся сваім меркаваннем кіраўнік НАН.

Уладзімір Гусакоў таксама лічыць, што ў нашай краіне ёсць «па статусе, па значнасці, па распрацоўках, па маштабнасці, па ахопе працы абсалютна прыдатныя пад Нобелеўскую прэмію» навукоўцы і даследчыкі.

«Але цяпер Нобелеўская прэмія вельмі палітызаваная і нават прыватызаваная амерыканцамі. Вы паглядзіце: асноўныя лаўрэаты — гэта амерыканцы альбо з амерыканскім удзелам», — падкрэсліў старшыня Нацыянальнай акадэміі навук. З яго слоў, заснавальнікі прэміі ігнаруюць сёння нават прадстаўнікоў Расіі і Кітая.

Сяргей КУРКАЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.