Вы тут

«Афіцэрам» — 50 гадоў!


Кінастужку Уладзіміра Рогава «Афіцэры» пакажуць у тэлеэфіры ў Дзень Абаронцаў Айчыны, 23 лютага, на тэлеканале АНТ. Кінапраца, якая стала для рэжысёра дэбютам, і выйшла на экраны ў 1971 годзе, сёлета адначае 50-годдзе.


«Афіцэры» — тая праца ў кіно, якая знайшла любоў і папулярнасць у аўдыторыі адразу як з’явілася на экранах. Спачатку фільм задумвалі як двухсерыйны, але потым на кінастудыі такі варыянт не ўхвалілі і давялося перапісваць сцэнарый. Па сюжэце (заснаваны на аднайменнай аповесці пісьменніка Барыса Васільева, ён і аўтар аповесці «А зоры тут ціхія...») — гэта гісторыя пра жыццё і лёсы двух сяброў Аляксея Трафімава і Івана Варавы, якую гледачы могуць назіраць у зрэзе часу. Так, напрыклад, у 20-я гады яны разам служылі на пагранічнай заставе. Там, хоць і былі ў маладым узросце, але добра засвоілі словы свайго камандзіра: «Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць...» Потым яны аказваюцца ў Іспаніі, праходзяць Вялікую Айчынную вайну і вяртаюцца да мірнага жыцця. І вось лёс зноў зводзіць сяброў разам, якія цяпер ужо сталі генераламі... У фільме можна прасачыць як ваеныя дзеянні, так і ўзаемаадносіны паміж героямі, пакаленнямі іх сям’яў.

Знялі фільм у свой час за год на Цэнтральнай кінастудыі дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя Горкага. Здымкі праходзілі ў розных лакацыях — у Ахшабадзе, у Севастопалі, у Маскве... Прэм’еру назначылі на лета 1971 года, аднак, паколькі многія гледачы ў той час былі ў адпачынку, то ў верасні вырашылі правесці яе паўторна. Як вынік «Афіцэры» ўвайшлі ў дзясятку самых касавых кінастужак савецкіх часоў, яго праглядзелі 53 млн гледачоў. Перепетыі сюжэту выклікалі ў людзей і радасць і слёзы, а многіх маладых фільм натхніў нават на выбар будучай прафесіі. Дарэчы, фільм 1971 года чорна-белы, а ў 2010-2011 годзе яго каларызавала кампанія «Формула цвета» і каляровая версія выйшла ў Дзень абаронцаў Айчыны ў 2011 годзе.

Увасобілі герояў гісторыі на экране акцёры Георгій Юматаў, Васіль Ланавы, Аліна Пакроўская, Андрэй Анісімаў, Уладзімір Дружнікаў, Наталля Рычагова. На ролю Любы Трафімавай у свой час прэтэндавалі Ларыса Лужына, людміла Гурчанка, Святлана Немаляева, але пасля проб рэжысёр спыніў выбар на Алене Дабранрававай. Аднак у прэтэндэнткі было сваё бачанне ролі, якое адрознівалася ад задумкі Рагавога, таму давялося шукаць зноў. Пакуль выпадкова не сустрэлася яму Аліна Пакроўская. У ролі Івана Варравы мы маглі б убачыць Алега Яфрэмава, якога спачатку нават зацвердзілі. Але прэтэндэнт ніяк не мог вырвацца на здымкі. А вось Васіля Ланавога давялося дзеля ролі паўгаворваць, бо ён ад яе адмаўляўся, паколькі лічыў, што і граць там няма чаго. Хаця пасля ён за гэтую ролю атрымаў узнагароду «Лепшы акцёр года» па выніках апытання часопіса «Савецкі экран»... Таксама прыемна адзначыць, што на здымках «Афіцэраў» адбылося прымірэнне акцёраў, якія былі сябрамі па сюжэце, а вось у жыцці крыўдавалі. Таму што Юматаў у свой час жадаў сыграць у фільме «Павел Карчагін», а зняўся там Ланавы... Для ролі Вані Трафімава ў маленстве шукалі гадавалае дзіця, але яго доўга не маглі падабраць. А потым адшукалі героя ў доме дзіцяці. Калі яго ў эпізодзе ўбачыла і пазнала на экране мама, то забрала сына і з’ехала, змяніўшы месца жыхарства і прозвішча…

І вось пра тое, як і што засталося за кулісамі здымак любімага многімі фільма гледачы змогуць даведацца з дакументальнай кінастужкі «Аліна Пакроўская. Мае афіцэры» рэжысёра Усевалада Тарасава. У ёй прымуць удзел акцёры Людміла Чурсіна, Юрый Назараў, Сяргей Калеснікаў, Дар’я Павярэнава і іншыя. Яшчэ ў эфіры тэлеканала ў гэты ж дзень пакажуць канцэрт, прысвечаны юбілею «Афіцэраў», а таксама дакуметальныя фільмы «Іншага такога няма» пра Васіля Ланавога, «Лёсы за кадрам», дзе аўтары спрабуюць прааналізаваць папулярнасць кінастужкі, а яе акцёры і рэжысёры падзеляцца сваімі ўспамінамі, раскажуць пра кур’ёзныя выпадкі на здымках, а таксама падзеляцца, як гэты фільм адбіўся на іх уласных біяграфіях. А згадаць жыццёвыя падзеі і больш даведацца пра акцёра Георгія Юматава зможам 27 лютага з фільма «Амністыя для героя». Сачыце за праграмай, каб не прапусціць сустрэчу з любімымі кінагероямі.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Тэст. Беларускія жанчыны: імя ў гісторыі

Праверце, ці шмат вы пра іх ведаеце.

Грамадства

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Тэлевядучая Кацярына Валовік: Маё шчасце залежыць толькі ад мяне!

Асабісты погляд на тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма паўнавартаснае жыццё жанчыны, незалежна ад узросту і статусу. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ДЗЕВА. На гэтым тыдні вас чакаюць прыемныя сустрэчы і зносіны з цікавымі людзьмі.