Вы тут

Чым сёння жыве ваеннаслужачы тэрміновай службы


Ваеннаслужачы — гучыць горда. Напярэдадні свята Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл карэспандэнт «Звязды» расказвае з месца, чым сёння жывуць беларускія салдаты, як гэта — быць сапраўдным патрыётам і абаронцам краіны, пра сучасную службу ў легендарнай 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгадзе.


Курс маладога байца

Самы складаны этап у службе — адаптацыя. Сучаснаму салдату ў сярэднім 18–20 гадоў. Як правіла, малады чалавек толькі скончыў школу або каледж, пасля чаго адразу адправіўся аддаваць доўг Радзіме. За перыяд курса маладога байца навабранцам дапамагаюць адаптавацца да новага, раней невядомага, асяроддзя, у якім няма побач мамы і таты, свайго асабістага пакоя і гэтак далей.

Малады ваеннаслужачы спачатку спасцігае асновы страявой, агнявой і паветрана-дэсантнай падрыхтоўкі, нямала часу аддаецца вывучэнню воінскіх статутаў і званняў. Акрамя таго, прыбыўшы ў войска, навабранец трапляе ў зусім новы калектыў з абсалютна рознымі людзьмі са сваімі поглядамі і перакананнямі. Важна навучыцца своечасова знаходзіць агульную мову з кожным, каб у далейшым можна было давяраць сваім таварышам, якія стануць новай, дружнай сям’ёй на найбліжэйшыя год-паўтара. Як гаворыцца, каму колькі Радзіма адмерала.

Падраздзяленні і размеркаванне

Пасля прыняцця ваеннай прысягі і заканчэння курса маладога байца ваеннаслужачых размяркоўваюць па новых падраздзяленнях. Перад размеркаваннем афіцэры прыглядаюцца да кожнага салдата. Так, напрыклад, калі ў ваеннаслужачага ёсць пасведчанне кіроўцы катэгорыі В або С, ён практычна са 100-працэнтнай верагоднасцю стане кіроўцам. Варта адзначыць, што Узброеныя Сілы нашай краіны бясплатна навучаюць кіроўцаў на катэгорыю С. Гэта значыць, трапіўшы ў войска, малады чалавек можа бясплатна здаць на правы.

Калі ў ваеннаслужачага адукацыя, звязаная з рамонтнымі работамі, то яго, хутчэй за ўсё, адпраўляюць служыць у рамонтную роту. Я, напрыклад, падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце паступіў на ваенную кафедру. Там паспяхова прайшоў курс падрыхтоўкі камандзіра аддзялення пераносных зенітна-ракетных комплексаў. Таму пасля размеркавання я трапіў менавіта ў зенітную ракетна-артылерыйскую батарэю. Акрамя таго, у брыгадзе заўважылі і маю журналісцкую адукацыю, таму прыцягваюць да асвятлення жыцця нашага злучэння.

У 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе асноўнай баявой сілай з’яўляюцца парашутна-дэсантныя батальёны. Акрамя таго, існуюць зенітныя, артылерыйскія, інжынерныя, рамонтныя, РХБЗ, разведвальныя і іншыя падраздзяленні. Трапіўшы ў прызначанае падраздзяленне, ваеннаслужачы пачынае паглыблена вывучаць спецыяльную тэхніку і ўзбраенне свайго новага «дома».

Распарадак дня і навучальныя заняткі

Кожны дзень салдата (за выключэннем нядзелі — выхаднога дня) пачынаецца ў 6.00. Пасля пад’ёму асабовы склад падраздзяленняў брыгады адпраўляецца на зарадку. Паспець выстраіцца ваеннаслужачым неабходна за 10 хвілін. Толькі потым, пасля ранішняй зарадкі, салдаты адпраўляюцца мыцца, пасля чаго накіроўваюцца ў сталовую на сняданак.

Пасля пачынаюцца гадзіны вучэбных заняткаў. У войску, як і ў школе, усё па раскладзе, існуюць таксама дзённікі камандзіраў узводаў, дзе салдатам выстаўляюцца адзнакі. Акрамя таго, колькасць вучэбных прадметаў не дае магчымасці ваеннаслужачым сумаваць. Сёння з салдатамі праводзяцца заняткі па ідэалагічнай падрыхтоўцы, вывучаюцца агульнавайсковыя статуты. Практычна кожны дзень праводзяцца заняткі па фізічнай падрыхтоўцы, падчас якіх ваеннаслужачыя выкараняюць сваю фізічную непадрыхтаванасць да суровага дэсантнага жыцця.

Нікуды не знікла і паветрана-дэсантная падрыхтоўка, якая, здаецца, з’яўляецца любімым заняткам ваеннаслужачых 103-й брыгады. Тут віцебскія дэсантнікі практыкуюць наземную адпрацоўку элемента скачка з парашутам, укладваюць парашутныя сістэмы, выконваюць дэсантаванне з макетаў верталёта «Мі-8», самалёта «Іл-76» і «Ан-2».

На занятках па агнявой падрыхтоўцы ваеннаслужачыя выконваюць розныя нарматывы, практыкаванні навучальных і кантрольных стрэльбаў. У адрозненне ад «каранціну» тут салдаты страляюць не толькі з АКС-74. У бой выходзіць і буйная тэхніка — БТР-80, ЗУ-23-2, гаўбіца Д-30. Салдаты страляюць па мішэнях з мінамётаў, гранатамётаў, снайперскіх вінтовак і гэтак далей.

Вялікая ўвага — заняткам па тактычнай падрыхтоўцы: ваеннаслужачых навучаюць усім тонкасцям вядзення бою. На занятках па спецыяльнай падрыхтоўцы салдаты больш дэталёва вывучаюць буйное ўзбраенне.

Пасля заканчэння вучэбных заняткаў даецца час на самастойную падрыхтоўку. 

Пасля вячэры па распарадку дня — прагляд тэлеперадачы. Затым прагулка: салдаты спяваюць страявыя песні, потым — вячэрняя паверка — святы воінскі рытуал, туалет і адбой.

Навучальныя заняткі ў асноўным праходзяць з панядзелка да чацвярга. У пятніцу ваеннаслужачыя займаюцца згодна з планам паркавага дня, у суботу — згодна з планам гаспадарчага дня. Нядзеля ў войску лічыцца выхадным днём, нават агульны пад’ём асабовага складу адбываецца ў 7.00. Гэта самы доўгачаканы дзень для кожнага салдата. Менавіта ў нядзелю салдатам выдаюць мабільныя тэлефоны, і яны могуць звязацца з роднымі. Акрамя таго, бацькі і блізкія ваеннаслужачых могуць прыехаць і ўбачыць сваіх сыноў — сапраўдных абаронцаў Айчыны.

Ганаруся службай

Акрамя вучэбных заняткаў, ваеннаслужачыя брыгады заступаюць у нарады па размяшчэнні казармы, па парку і па ваенным гарадку. У сувязі з ваенна-палітычным становішчам вакол нашай краіны ваеннаслужачыя брыгады штодня выконваюць задачы па ўмацаванні дзяржаўнай граніцы. Віцебскія дэсантнікі пастаянна прымаюць удзел у розных вучэннях, на якіх паказваюць годныя вынікі.

Дзедаўшчына — гэта ўжо ў мінулым. Сёння ў беларускім войску пануюць мір, парадак і разуменне. Камандзіры і начальнікі робяць усё магчымае, каб не дапусціць парушэнняў статутных правілаў узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі. Кожны дзень падчас вячэрняй паверкі асабоваму складу брыгады даводзіцца спіс крымінальных і адміністрацыйных артыкулаў пакарання за хуліганства, парушэнне ўзаемаадносін, крадзяжы і гэтак далей. Таксама штодня праводзіцца ранішні і вячэрні медыцынскі агляд.

Я ганаруся службай у 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Перакананы, што кожны мужчына абавязаны аддаць доўг Радзіме, стаць на абарону сваёй Айчыны, родных і блізкіх. Асабліва радуе тое, што я трапіў менавіта ў эліту Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь — сілы спецыяльных аперацый Узброеных Сіл. Для мяне як для камандзіра зенітна-ракетнага аддзялення важна не толькі стаяць на варце неба Радзімы, але і ўсяляк берагчы сваіх падначаленых, умела камандаваць імі пры выкананні пастаўленых задач, прывіваць салдатам любоў да службы і сваёй краіны.

Быць у статусе абаронцы Айчыны — значыць быць сапраўдным патрыётам сваёй краіны, які, што б там ні было, да апошняга будзе абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь. Вось што значыць быць дэсантнікам. «Ніхто, акрамя нас!»

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, ваеннаслужачы 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, гвардыі малодшы сяржант.

Фота аўтара

г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.