Вы тут

На плошчы Дзяржаўнага сцяга адбыўся ўрачысты выпуск афіцэраў Акадэміі МУС


Каля 400 лейтэнантаў у найбліжэйшы час папоўняць шэрагі органаў унутраных спраў, Міністэрства абароны, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю.


Сярод выпускнікоў гэтага года — 37 курсантаў, якія скончылі галоўную міліцэйскую ВНУ краіну з адзнакай, 12 з іх уганараваны залатым медалём. Акрамя таго, ёсць выпускнікі, якія ўключаны ў рэспубліканскі банк даных адоранай моладзі. Гэта шэсць юных даследчыкаў, адзначаных спецыяльным фондам Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адароных навучэнцаў і студэнтаў. Нямала сярод наваспечаных афіцэраў і прадаўжальнікаў міліцэйскіх дынастый.

Адным з першых выпускнікоў Акадэміі МУС павіншаваў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ. Ён адзначыў, што гэты дзень з'яўляецца знакавым не толькі для Міністэрства ўнутраных спраў, але і ў цэлым для краіны. «Сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі папоўнілася яшчэ адным атрадам — афіцэрскім атрадам, які будзе садзейнічаць абароне нацыянальных інтарэсаў у забеспячэнні правапарадку, — падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі. — Самае галоўнае — краіна, народ чакае ад вас годнага выканання тых задач, якія ўскладаюцца на вас, на вашы афіцэрскія пагоны. Прафесарска-выкладчыцкі склад, кіраўніцтва акадэміі, кіраўніцтва факультэтаў, курсаў зрабіла ўсё магчымае, каб укласці ў вас веды, якімі валодаюць яны. Астатняе — за вамі».

Аляксандр Вальфовіч звярнуў увагу на тое, што ваенна-палітычная абстаноўка вельмі складаная. «Сёння архітэктура міжнароднай бяспекі трашчыць па швах, на жаль, — удакладніў ён. — Ідзе сур'ёзнае проціборства паміж Усходам і Захадам, а Беларусь знаходзіцца ў эпіцэнтры гэтай буры. Унутрыпалітычная абстаноўка нашай краіны ў многім залежыць ад таго, як наша сістэма забяспечвае правапарадак. Вы — аснова, ядро таго складніка ўнутры краіны і абавязаны забяспечыць правапарадак. Народ чакае таго, што ў нашай краіне будуць і надалей панаваць бяспека і мір. Гэта шмат у чым залежыць ад вас, вашых прафесійных навыкаў».

Звяртаючыся да выпускнікоў, міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ нагадаў, што на час іх вучобы ў акадэміі выпалі няпростыя часы. «І цяжкі 2020 год, калі вы сумяшчалі вучобу ў акадэміі і службу па ахове грамадскага парадку, — удакладніў ён. — Вы годна, нягледзячы на сваю маладосць, сумесна з калегамі з Міністэрства ўнутраных спраў выканалі свой абавязак, забяспечылі бяспеку грамадзян».

Кіраўнік міліцэйскага ведамства пажадаў наваспечаным афіцэрам памятаць сяброўства, якое зарадзілася ў сценах акадэміі, і каб яны шанавалі сваіх выкладчыкаў, якія не проста далі ім тэарэтычныя веды, а ўклалі душу і зрабілі ўсё для таго, каб курсанты прайшлі гэты службовы шлях годна. «Пасля невялікага адпачынку вы ўсе прыйдзеце ў практычныя падраздзяленні і будзеце несці службу па ахове грамадскага парадку, па забеспячэнні бяспекі нашых грамадзян, — канстатаваў міністр. — Вам прыйдзецца забяспечваць іх бяспеку ў няпростых умовах, раскрываць найскладанейшыя злачынствы. Але з вамі заўсёды будуць побач надзейныя сябры, старэйшыя таварышы і настаўнікі, якія заўсёды вам падкажуць і дапамогуць, бо наша беларуская міліцыя моцная менавіта карпаратыўнасцю і згуртаванасцю».

Іван Кубракоў нагадаў, што ў працэсе сваёй дзейнасці маладым лейтэнантам давядзецца размаўляць з людзьмі, якія нашмат старэйшыя за іх. «Я хачу, каб вы разумелі, што часам ад вашых рашэнняў залежыць лёс і жыццё чалавека, і каб, прымаючы іх, вы заўсёды кіраваліся законам», — пажадаў міністр унутраных спраў і выказаў удзячнасць бацькам выпускнікоў, асабліва мамам. Па словах кіраўніка ведамства, іх дзеці выбралі няпростую прафесію — абараняць Радзіму — і робяць гэта якасна.

У бацькоў і родных выпускнікоў, якія прыйшлі падтрымаць лейтэнантаў, — асаблівы настрой. Пачуццё гонару, якое таты і мамы адчуваюць за сваіх ужо дарослых сыноў і дачок, — тое, што ў гэты ўрачысты дзень немагчыма схаваць.

Як прызналася мама выпускніка Марына КЛІМЕНКА, паступленне ў Акадэмію МУС у свой час было асабістым і абдуманым рашэннем сына. «Мой сын — мой гонар, — кажа жанчына. — Нават крыху сумна ад таго, што вучоба ўжо скончылася. Наперадзе — нялёгкі шлях. Цяпер сын нясе адказнасць не толькі за сябе і сваю работу, але і ў цэлым за краіну».

Звяртаючыся да выпускнікоў, начальнік Акадэміі МУС Аляксандр ВАСІЛЬЕЎ адзначыў, што наперадзе ў афіцэраў — доўгі шлях, поўны планаў, перамог і здзяйсненняў. «Вам трэба будзе паспяхова праявіць сябе ў паўсядзённай практычнай дзейнасці, рэалізаваць свае ўменні і здольнасці, каб у наступным стаць сапраўднымі прафесіяналамі ў абранай справе, — паставіў задачу начальнік ВНУ. — Спадзяюся, што вы здолееце засвоіць традыцыі і неацэнны досвед, назапашаны папярэднімі пакаленнямі афіцэрскага корпуса нашай Радзімы, і прымножыць іх. З гонарам і добрай якасцю нясіце званне выпускніка Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, імкніцеся быць узорам для саслужыўцаў, прымяняйце свае веды ў імя законнасці і справядлівасці».

Як заўважылі выпускніцы міліцэйскай ВНУ, тое, што яны гадамі спасцігалі ў сценах акадэміі, абавязкова спатрэбіцца ім у іх паўсядзённай дзейнасці. Арына Корбан і Таццяна Якімчук будуць служыць у папраўчых установах Дэпартамента выканання пакаранняў. Цяжкасцяў дзяўчаты не баяцца: за гады вучобы ў акадэміі яны прызвычаіліся выконваць задачы нароўні з хлопцамі. Па іх словах, служба — гэта прызванне, а таму яны абавязкова справяцца са сваімі абавязкамі — так, як належыць сапраўднаму афіцэру.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.