Вы тут

Аляксандр Лукашэнка прапануе ўвесці адказнасць для тых, хто атрымлівае заробкі «ў канвертах»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава.


Асноўныя пытанні, на якіх засяродзіў сваю ўвагу кіраўнік краіны падчас размовы, — заробкі «ў канвертах», кантроль за цэнамі (у першую чаргу лекавымі сродкамі), неабгрунтаванае пасрэдніцтва паміж перапрацоўчымі сельгаспрадпрыемствамі і гандлёвымі арганізацыямі.

Пасада старшыні КДК для Васіля Герасімава новая — ён прызначаны на яе крыху больш за месяц таму, а з верасня выконваў абавязкі кіраўніка. Таму Прэзідэнт падкрэсліў, што да пытання эфектыўнай дзейнасці камітэта вернуцца пазней — пасля паўгода працы новага кіраўніка.

«Але тым не менш, асноўныя вынікі мінулага года (але ж не за ўвесь год вы адказваеце), на ваш погляд, якія былі? І самае галоўнае, што мяне цікавіць і хвалюе — вы як чалавек стары-новы ў Камітэце дзяржкантролю, якія вы бачыце недахопы? Над чым вы хочаце сканцэнтравацца?» — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, галоўныя для КДК кірункі — ацэнка бюджэту і дзяржаўнай маёмасці. І тут пытанне да Васіля Герасімава ад Прэзідэнта: як бачыць ён дзейнасць у гэтых сферах?

«Акрамя асноўнага хлебу, што есць Камітэт дзяржкантролю, вобразна кажучы, ёсць шмат пытанняў, якія традыцыйна завязаны на камітэт — кантроль за выплатай заработнай платы, дзесьці вы паглядваеце на падатковую сістэму, вам падначалена фінансавая міліцыя. Як яна працуе? Што там нам неабходна дадаць?» — пералічыў шэраг тэм ведамства кіраўнік краіны.

Як ён адзначыў, не абміне КДК праблема выплаты «шэрых» заробкаў.

«Па заробках „у канвертах“ мы без вас не абыдземся. Трэба раз і назаўсёды прыпыніць гэту „гадзіну“, каб ніколі гэта „гідра“ галаву ў нас не падняла. Я не скажу, што гэта ў нас квітнее, але гэта ёсць. І нават на мяне выходзяць асобныя камерсанты, бізнесмены і скардзяцца: „Мы вось плацім па ведамасці, як дадзена, і ад гэтага ж налічэнне ідзе ў сацыяльныя фонды, а вось там не плацяць“. Нават называюць канкрэтныя фірмы», — падзяліўся інфармацыяй Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што неабходна ўвесці адказнасць і для тых, хто атрымлівае заробкі «ў канвертах».

«Тады яны перастануць браць. А перастануць браць — і жаданне плаціць такім чынам будзе менш, — дадаў кіраўнік краіны. — Трэба ўсіх паставіць у роўныя ўмовы. Гэта нармальна, у любой краіне гэта несцярпімыя рэчы, самае жорсткае пакаранне ў эканамічным плане — нявыплата падаткаў. Таму без вас у Беларусі тут мы парадак не навядзем».

Працаваць з праблемай пачала фінансавая міліцыя — і, як заявіў кіраўнік краіны, хацелася б працягуць гэту дзейнасць. Ён мяркуе, што людзі, асабліва бізнесмены, зразумеюць: выплаты ў канвертах неабходна прыпыніць.

«У іншым выпадку — страціш маёмасць. Тут штрафамі не абыдзешся, неабходна ўводзіць сур’ёзную адказнасць. Папаўся першы раз — заплаціў вялікі штраф, а потым і маёмасць страціш. Нам такія бізнесмены не патрэбны, якія не плацяць падаткі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што КДК шмат працуе з рэальным сектарам эканомікі і ад гэтага таксама не трэба адыходзіць:

«Вы павінны бачыць, як функцыянуе рэальны сектар эканомікі. Кантроль тут павінен быць забяспечаны».

Яшчэ адзін кірунак, дзе неабходна працаваць, як дадаў кіраўнік краіны, і які быў у цэнтры ўвагі на Усебеларускім народным сходзе — пасярэдніцтва.

«Пасярэднікі садзейнічаюць заўсёды павышэнню кошту тавараў да 30 працэнтаў, а тое і больш па асобных пазіцыях. Трэба выключыць усякае пасярэдніцтва ўнутры Беларусі», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён заявіў, што неабходна ўнесці ў гэтым плане адпаведную прапанову.

Аляксандр Лукашэнка працягнуў, што без КДК ніяк і ў пытаннях коштаўтварэння. Але адзначае: ведамства не павінна бегчы наперадзе прафсаюзаў, дэпутатаў і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

«Але нейкую канцэптуальную ролю вы павінны адыгрываць. То бок вы павінны аналізаваць, бачыць, што неабходна прымаць у плане коштаўтварэння. Прынята было рашэнне ўрадам па перапыненні неабгрунтаванага росту коштаў. Хтосьці віскнуў наконт 10 працэнтаў ПДВ? Пад гэта ўсе пачалі падымаць цэны. Значыць жорсткім чынам неабходна спыняць», — канстатаваў кіраўнік краіны.

Асабліва ён адзначае, што галоўнае — кантроль за коштамі на лекавыя сродкі.

«Мы не павінны дазволіць рознага чына „ачумелым“ жывіцца на бедах людзей. Ніхто з іх не прынёс капейку на падтрымку лячэння ад ковіду. Толькі дзяржава ўжо мільярд долараў выдаткавала на гэта з усіх крыніц. Што хтосьці прыйшоў з уласнікаў аптэк і іншых і даў грошы? Ніхто не даў», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго дадзеных, у краіне функцыянуюць 50 на 50 дзяржаўныя і прыватныя аптэкі. «Калі да прытомнасці не прывядзём прыватнікаў, што ж… Тады будуць працаваць дзяржаўныя аптэкі. Але мы не можам дазволіць на здароўі людзей нажывацца. Таму лекі — на асобны кантроль», — даў даручэнне Прэзідэнт.

Як адзначае кіраўнік краіны, ведамству трэба сачыць і за цэнамі на сацыяльна значныя тавары іншых катэгорый. «Неабходна выпрацаваць у глабальным плане палітыку коштаўтварэння, каб не выглядаць рэтраградамі і не стварыць дэфіцыт, каб і людзі бачылі, што няма неабгрунтаванага росту цэн», — канстатуе Аляксандр Лукашэнка.

Васіль Герасімаў пэўны час займаў пасаду памочніка Прэзідэнта — інспектара па Брэсцкай вобласці, а зараз з’яўляецца ўпаўнаважаным па гэтым рэгіёне, таму асобным пытаннем кіраўнік краіны папрасіў звярнуць увагу на праблемы рэгіёна.

«Хацелася б, каб вы сказалі пару слоў, як бачыце там сваю дзейнасць і як вы ацэньваеце работу новага губернатара вобласці. Я планую сур’ёзна заняцца Брэсцкай вобласцю. Пасля Гродзенскай вобласці пабуду ў Брэсцкай. Вы павінны ўсё вывучыць там і мне далажыць на месцы асноўныя недахопы і рэзервы, якія мы можам выкарыстаць на Брэстчыне», — рэзюмаваў шэраг тэм для размовы кіраўнік краіны.

У размове з журналістамі Васіль Герасімаў запэўніў, што разам з іншымі ведамствамі і міністэрствамі КДК займаецца пытаннямі цэн на спажывецкія тавары і лекавыя сродкі.

«У большасці сваёй цэны пайшлі ўніз яшчэ да таго, як Савет міністраў прыняў пастанову, якая абмяжоўвае штомесячнае павышэнне. І яна таксама адыграе сваю ролю далей. Мы на гэтым не спыняемся. Некалькі разоў на тыдзень групы манітораць аптэчную сетку, каб валодаць інфармацыяй з месцаў. Па выніках гэтых маніторынгаў будуць прыняты дадатковыя меры па зніжэнні цэн», — адзначыў старшыня КДК.

У першую чаргу яны закрануць тых, хто не прыняў дзеянняў па зніжэнні адразу і тых, хто знізіў цэны недастаткова ў параўнанні з павышэннем.

«Многія гэта звязалі з адменай ільготы па ПДВ. Каб вы разумелі, ільгота была па ПДВ 10 працэнтаў, а цэны некаторыя павысілі на 30 працэнтаў», — растлумачыў Васіль Герасімаў.

Пытаннем пасрэдніцтва і заробкаў «у канвертах» КДК займаецца на планавай аснове з унясеннем шэрагу заканадаўчых ініцыятыў.

«Тэма гэта злабадзённая (заробкі «ў канвертах» — «Зв.»). Па-першае, гэта няроўная канкурэнцыя паміж суб’ектамі гаспадарання. Адзін плаціць усе падаткі, іншы — не плаціць і, зразумела, па-іншаму паводзіць сябе на рынку. Па-другое, ад гэтага пакутуюць і грамадзяне. Калі не плаціць у Фонд сацабароны, адпаведна ён не атрымае пенсію. Калі захоча ўзяць крэдыт, не пакажа заробак, пры якім магчыма ўзяць крэдыт ці паручыцельства», — канстатуе кіраўнік ведамства.

Ён падкрэслівае, што ўвядзенне пакарання для тых, хто атрымлівае заробкі «ў канвертах» абгрунтавана, бо работнік свядома ідзе на парушэнне.

Таксама на кантролі камітэта незавершанае будаўніцтва. Паводле аналізу ведамства, у краіне такіх праблемных аб’ектаў звыш 4400. З іх 47 % — будуюцца больш за пяць гадоў, 19 % — звыш 20 гадоў.

«Усе гэтыя аб’екты неабходна абследаваць з пункту гледжання стану, мэтазгоднасці далейшага будаўніцтва ці зносу таго, што ёсць, з выхадам на канкрэтную праграму па кожным аб’екце», — дадаў Васіль Герасімаў.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Што рабіць нашым хатнім гадаванцам, у якіх таксама бываюць дэпрэсіі?

Адказ на гэтыя і іншыя пытанні ведае наша гераіня.

Грамадства

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Ад стагоддзя да стагоддзя. «Чырвонка. Чырвоная змена» святкуе свой стагадовы юбілей

Якой сёння павінна быць маладзёжная газета? Пра што і як размаўляць з моладдзю?

Грамадства

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

«Верагоднасць угадвання на ЦТ зніжаецца»

15 новых спецыяльнасцяў, у тым ліку чатыры абсалютна новыя, па якіх падрыхтоўка раней нідзе не вялася, адкрыюцца сёлета ў беларускіх ВНУ.