Вы тут

Сёлета ў Беларусі плануецца пабудаваць мільён квадратных метраў жылля з дзяржпадтрымкай


Міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч перад пасяджэннем Прэзідыума Саўміна 2 сакавіка расказаў журналістам пра леташнія вынікі работы ведамства і задачы на бягучы год.


Фота з адкрытых крыніц.

Па словах міністра, у 2020 годзе выканалі сацыяльныя паказчыкі ў будаўніцтве па кошце квадратнага метра і ўводзе жылля з дзяржаўнай падтрымкай, а ўсе жылыя дамы будуюцца толькі ў энергаэфектыўным выкананні.

Ён адзначыў станоўчыя вынікі дзейнасці будаўнічых арганізацый — летась сярэдняя рэнтабельнасць па галіне склала 7 %, прыбытак вырас на 48 %. «Таксама нядрэнны тэмп росту заработнай платы — 113 працэнтаў у будаўнікоў. Таму мы не адстаем у цэлым па рэспубліцы», — дадаў Руслан Пархамовіч.

Асаблівы акцэнт сёлета ведамства, па словах кіраўніка, зробіць на незавершаных будаўнічых аб’ектах, рынках арэнднага, электражылля, комплекснай індывідуальнай жыллёвай забудове.

Па стане на 1 студзеня ў краіне 25 даўгабудаў сярод жылых дамоў — 1 з іх на Віцебшчыне, астатнія ў сталіцы.

«Асноўнымі прычынамі незавершанага будаўніцтва ў Мінску з’яўляецца адсутнасць інжынерна-транспартнай інфраструктуры да ўжо пабудаваных жылых дамоў. Безумоўна, ёсць шэраг аб’ектаў, якія сапраўды даўгабуды, якія сфарміраваліся па несумленным выкананні забудоўшчыкамі сваіх абавязкаў у рамках будаўніцтва з жыллёвымі аблігацыямі», — тлумачыць кіраўнік ведамства. Ён дадаў, што паводле інфармацыі Мінгарвыканкама, ужо ў першым паўгоддзі 2021-га колькасць такіх аб’ектаў скароціцца на траціну.

Кошт квадрату з дзяржпадтрымкай сёлета павінен не перавысіць 1152 рублі і, як падкрэслівае міністр, гэты паказчык будзе вытрыманы.

«У мінулым годзе суадносіны цаны квадратнага метра і заработнай платы склалі па рэспубліцы 0,84. Я думаю, не больш за адзінку, нягледзячы на праблемы з ростам кошту імпартных матэрыялаў, вытрымаем. У бягучым годзе плануецца пабудаваць мільён квадратных метраў жылля з дзяржпадтрымкай», — сказаў Руслан Пархамовіч.

Асноўным рухавіком экспарту паслуг, як падзяліўся міністр, застаецца холдынг «Белбудцэнтр», які зараз будуе пяць сацыяльных аб’ектаў (школы і дзіцячыя садкі) у Ленінградскай і Калужскай абласцях Расіі.

«Калі ўсе планы здзейсняцца, да канца 2025 года мы плануем рэалізаваць больш за 12 такіх аб’ектаў (сацыяльных — «Зв.») на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Жыллё — асобная тэма. Па ёй працуе і шэраг буйных мінскіх забудоўшчыкаў і гомельскі ДБК. Мы пастаянна павялічваем колькасць беларускіх падрадчыкаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі», — канстатаваў міністр архітэктуры і будаўніцтва.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.