Вы тут

Два фільмы, якія знялі 40 гадоў таму, але яны і сёння здольныя даць падставу для роздумаў


Каляндарная вясна ўжо прыйшла, а значыць, зусім блізка і Міжнародны дзень жанчын. Расказваем пра два фільмы, якія знялі сорак гадоў таму, але яны і сёння здольныя даць падставу для роздумаў і нагадаць любімыя не адным пакаленнем мелодыі і сюжэты. Бо падымуць настрой, вернуць веру ў шчырыя пачуцці і абудзяць жаданне абнавіць уласнае жыццё.


На канале «Беларусь 3» можна будзе знайсці шэраг добрых і цікавых фільмаў, за пераглядам якіх вы дакладна не змарнуеце час. Напрыклад, музычная камедыя «Беражыце жанчын» (рэжысёры — Віктар Макараў, Аляксандр Палыннікаў), якая ўбачыла свет у 1981 годзе. Кінастужка, дарэчы, стала першай работай у кіно папулярнага спевака і кампазітара Юрыя Антонава. Менавіта яго хіты, якія чуем на працягу ўсяго фільма, зрабілі кінатвор папулярным. Па сюжэце гледачоў чакае гісторыя пра тое, як без пяці хвілін журналіст Яўген Маслоўскі трапляе пад выглядам кока ў асяроддзе маладых марачак. І дзяўчаты тыя аказваюцца няпростыя — яны дочкі «марскіх ваўкоў», якія жадаюць пайсці па слядах бацькоў, не зважаючы на цяжкія ўмовы, якія тут створаны для іх, каб страцілі інтарэс да прафесіі... Як у выніку складуцца ўзаемаадносіны маладых людзей, пабачым падчас сеанса. Ролі ў фільме выконвалі: Андрэй Градаў, Марына Шыманская, Святлана Пенкіна, Ігар Скляр і многія іншыя. Па-свойму папулярнае і судна «Цыклон», на якім адбываецца дзеянне карціны. Яно было пабудавана ў Нью-Ёрку ў 1944 годзе, а калі ў 1947-м яго перадалі СССР, частку шляху ў Адэсу яно прайшло сваім ходам. Пра гэтую яго вандроўку тады пісала ўся прэса. На момант здымак судна было апошнім амерыканскім буксірам, які быў перададзены ў рамках спецыяльнай праграмы дапамогі.

У эфіры тэлеканала АНТ на 8 сакавіка сярод іншага запланаваны паказ фільма «Карнавал», які быў зняты таксама ў 1981-м Таццянай Ліёзнавай (сюжэт рэжысёр узяла з уласнага жыцця). Тая самая гісторыя пра выпускніцу школы Ніну Саламаціну, якая прыязджае ў Маскву з марай стаць актрысай. І нягледзячы на тое што ў горадзе жыве яе бацька, дзяўчына спадзяецца толькі на ўласныя сілы, талент і на тых, хто здольны вылучыць і разгледзець яе сярод тысяч такіх, як і яна, летуценніц. Акрамя гісторыі пра валявую гераіню, гледачоў тут таксама чакае шмат добрай музыкі. Праўда, выконвае гэтыя песні не актрыса Мураўёва (Ніна), а Жанна Раждзественская. А вось сярод акцёрскага складу можна ўбачыць Клару Лучко, Аляксандра Абдулава, Веру Васільеву і іншых. Ірына Мураўёва навучылася ездзіць на роліках, а за сваю ролю атрымала не толькі любоў гледача, але і была прызнана па выніках апытання публікі найлепшай актрысай 1982 года. Фільм варты ўвагі і сёння, бо ён — яшчэ адзін напамін пра тое, што ў жыцці сапраўды варта цаніць, а што ўвогуле не мае цаны.

А напярэдадні свята хочацца сказаць: верце ў сябе, дарагія жанчыны! І любіце сябе, бо гэта заўсёды будзе ўзаемна!

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: «Карнавал» на восьмага сакавіка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.