Вы тут

Букет на Восьмае сакавіка


Букет на Восьмае сакавіка — даніна традыцыі І ўсё ж любой жанчыне, нават калі да кветак яна абыякавая (а такіх, насуперак стэрэатыпам, таксама дастаткова), неяк крыўдна было б застацца без букета ў сваё «законнае» свята.


І без падарунка, зразумела. Кветкі сёння задавальненне не таннае і па кошце цалкам цягнуць на самастойны падарунак. Але традыцыя патрабуе, каб букет быў дадаткам да асноўнага «сюрпрызу». І з ёй не паспрачаешся, на тое яна і традыцыя. Такім чынам, высвятляем цэны на кветкі (улічваючы, што непасрэдна да 8 Сакавіка цэннік да таго ж паднімецца).

Анлайн і афлайн

— Паднімуцца цэны абавязкова! — кажа прадавец Ксенія, якая гандлюе кветкамі ў кіёску, размешчаным у пераходзе адной са сталічных станцый метро.

Яна расказвае, што «на кветках» працуе ўжо восем гадоў, і рост цэн да 14 лютага і 8 Сакавіка — таксама свайго роду традыцыя.

— Гэта залежыць не ад нас, кветкі перад святамі становяцца даражэй у закупцы ў аптавікоў, — тлумачыць суразмоўніца. — Таму што на святы, у першую чаргу на 8 Сакавіка, попыт на іх заўсёды высокі.

Прадаўцы спадзяюцца, што падаражэюць кветачкі не занадта моцна: і без гэтага сёння яны дарагія, што істотна адбіваецца на пакупальніцкай цікавасці. Суразмоўніца кажа, што на 8 Сакавіка рознічная нацэнка не павышаецца: зарабляюць прадаўцы толькі на павелічэнні продажаў. 

— Пакуль на цэны можаце нават не глядзець, — раіць Марына, гаспадыня маленькай кветкавай крамы ў будынку аднаго з мінскіх гіпермаркетаў. — Сёння, напрыклад, вось такія ружы па сем рублёў, на 14 лютага былі па 12, а на Восьмае, спадзяемся, будуць па 13-14, а не даражэй. Усё залежыць ад паставак, і калі ў аптавікоў кветкі становяцца даражэй, утрымаць рознічныя кошты, на жаль, у краме магчымасці няма.

Яна зазначае: значна даражэюць менавіта імпартныя кветкі. На кветкі беларускай вытворчасці цэннік узнімаецца не моцна.

У цэлым, традыцыйна імпартныя кветкі да Жаночага дня кожны год узлятаюць у цане мінімум на 15-30%, распавялі прадаўцы. Гэта нядзіўна: па статыстыцы (аказваецца, ёсць і такая статыстыка) попыт на «рамантыку» перад «сакральным» для кожнага мужчыны ў нашых шыротах днём павялічваецца ў 25-30 разоў. І, як следства, калі букет руж «сярэдняй рукі» сёння каштуе 65 рублёў, то ўжо пачынаючы з сёмага сакавіка, і асабліва — 8-га з раніцы, рыхтуйцеся выкласці за яго рублёў 80, а тое і 90.

Дарэчы, анлайн ці афлайн вы будзеце набываць букет, не важна: даражэй у Міжнародны жаночы дзень, напярэдадні і адразу пасля яго, кветкі будуць і ў інтэрнэце. Асабліва калі вас цікавіць незвычайны, аўтарскі букет. Так што, мабыць, па кветкі для сваіх жанчын прасцей прыйсці сваімі нагамі. 

Купляем беларускае

8 Сакавіка для прадаўцоў кветак — галоўнае свята і, мабыць, самы важны дзень у годзе. У суседняй Расіі падлічылі, што за першы тыдзень сакавіка прадаецца 15 % гадавога аб’ёму кветак. У Беларусі, напэўна, гэты працэнт не меншы (калі не большы). Калісьці, кажа Ксенія, за тыдзень-два ў пачатку вясны (14 лютага і 8 Сакавіка, а таксама яшчэ некалькі дзён да і пасля гэтых дат) можна было «нагандляваць» на машыну. Сёння пакупнік ужо не той: часцяком выбар робіць на карысць найболей бюджэтных варыянтаў.

— Гэта значыць, што мужчыны перасталі быць рамантыкамі?

— Я б сказала, наадварот. Кветкі зараз дарагія, і калі ўжо іх дораць, то сапраўды ад усяго сэрца. Часта бывае, пытаю, колькі вам штучак, а мужчына адказвае: трэба грошы палічыць, на колькі хопіць. Калі апошнія грошы мужчына вырашаецца аддаць на кветкі для каханай, мне здаецца, гэта і сапраўды рамантычна.
Заўважым, што калі ў мінулыя гады прадаўцы наракалі, што купляюць 8 Сакавіка часцей за ўсё цюльпаны, сімвал вясны — раней яны былі значна таннейшыя за ружы — то зараз разрыў цэн стаў нашмат меншым. Цюльпаны ўжо сёння па чатыры рублі за кветачку, а да 8 Сакавіка, сімвалам якога з’яўляюцца менавіта гэтыя кветкі, яны, відавочна, падаражэюць. Раней, калі памятаеце, сімвалам Міжнароднага Жаночага дня былі мімозы, але сёння яны не такія папулярныя. У апошнія гады значны працэнт пакупнікоў робіць выбар на карысць ружаў, кажа Марына. Гэта зразумела: ружы — хоць і банальны, затое бяспройгрышны варыянт. У Беларусь ружы вязуць у асноўным з Кеніі, Калумбіі і Эквадора, імпартныя цюльпаны — часцей з Нідэрландаў. Адсюль і кошты. Вядома, напярэдадні вясновых свят у пераходах метро і на рынках выстройваюцца шэрагі прадаўцоў цюльпанаў «уласнай вытворчасці», але ж і для вырошчвання беларускіх цюльпанаў звычайна выкарыстоўваюцца імпартныя цыбуліны. Так што калі ў папярэднія гады цюльпаны каштавалі ў сярэднім у два разы танней за ружы (а то і ў тры), то ў гэтым годзе па кошце да ружаў яны набліжаюцца.

Іншая справа, што з ружамі таксама не ўсё так адназначна. Чым вышэй і буйней ружа, тым яна даражэйшая — у сярэднім, па Мінску пакуль што 7, 8.50, 9.50 і 12 рублёў, але цэны ўжо падымаюцца: «восьмае» ўсё бліжэй. Прадаўцы распавядаюць: па традыцыі нашы мужчыны аддаюць перавагу высокім ружам на доўгіх ножках — часам выбіраюць нават адну дарагую ружу замест трох таннейшых і ніжэйшых. Здавалася б, навошта плаціць за доўгае сцябло? Але такая ружа выглядае стройнай і шляхетнай, а на «мове кветак» адна падораная ружа — гэта пасланне: «Для мяне ты адзіная!» Так што не крыўдуйце на свайго мужчыну, калі ён паднёс вам усяго адну ружу: можа быць, справа не ў меркантыльнасці, а якраз у зашыфраваным рамантычным «месаджы».

Можна, вядома, абраць ружачкі таннейшыя: паменш, на невысокіх тонкіх ножках. Сёння вялікі выбар беларускіх руж — можна замовіць іх анлайн або з’ездзіць, напрыклад, на вакзал, дзе шмат павільёнаў, якія гандлююць ружамі вытворчасці «Дорарс». Каштуе беларуская ружачка ў сярэднім 3 рублі 20 капеек (белая ці крэмавая), ці 3,6 (ярка-пунсовая). Але ў нашых шыротах «волатамі», як у Кеніі ці Калумбіі, ружы не растуць — і бутоны невялікія, і ножкі танюткія, і пах не яркі (паўднёвыя часам напаўняюць водарам усю кватэру). Такім чынам, тут таксама ёсць «падводныя камяні»: такую ружу адну не падорыш, занадта ўжо сіратліва будзе выглядаць падарунак. Яны добрыя ў вялікіх букетах: штук 10-15 або нават 25. Так што сэканоміць не атрымаецца. Іншая справа, што букеты з невялікіх ружачак атрымліваюцца мілымі, далікатнымі, «французскімі». І выдатна выглядаюць у руках дзяўчыны на фатаграфіях у сацсетках: не перацягваюць на сябе ўвагу, а толькі адцяняюць прыгажосць сваёй «гаспадыні».

У мэтах эканоміі

Як сэканоміць на кветках на 8 Сакавіка, што раяць самі прадаўцы?

Ну, па-першае, закупацца загадзя. «Свежыя кветкі» на практыцы — усяго толькі рэкламная хітрасць. Уявіце, колькі дабіраюцца да Мінска, Гродна ці Гомеля тыя ж ружы з Эквадора або Кеніі. І потым нярэдка яны яшчэ столькі ж часу знаходзяцца ў лядоўнях на аптовых складах. Так што калі вы набудзеце кветкі за 2-3 дні да запаветнага восьмага чысла, нічога з імі не здарыцца, а вы істотна сэканоміце, ды і выбар будзе большы, а пакупнікоў менш. Але важна падумаць, дзе вы будзеце захоўваць свой «рамантычны запас». Тэмпература патрэбная ад двух да сямі-васьмі градусаў: так свой тавар захоўваюць прафесіяналы кветкавага бізнесу. У вас гэта можа быць, напрыклад, халадзільнік. Або гараж, склеп, лоджыя. Цюльпаны, аказваецца, прадаўцы кветак захоўваюць без вады, загорнутымі ў паперу — «абудзіць» іх трэба гадзіны за дзве да ўручэння, падрэзаўшы сцеблы і «напаіўшы» вадой. А вось ружы і хрызантэмы неабходна паставіць у ваду адразу і разам з вадой — у цёмнае прахалоднае месца, той самы склеп ці гараж.

Па-другое, аб’ядноўвайцеся. Аптовыя склады — лепшае месца для пакупкі кветак на 8 Сакавіка (бо і рознічныя прадаўцы затарваюцца там). А чым большая партыя, тым ніжэйшая цана. Чаму б не аб’яднацца з калегамі, суседзямі ці сябрамі — так дакладна атрымаецца сэканоміць. Бо тры кветачкі тут не купіш: тут гандлююць пакаваннямі (10-50 штук). Затое нацэнка мінімальная.

Яшчэ адзін варыянт — для творчых асоб: купіць шмат букецікаў на касе ў буйных гандлёвых сетках (дзякуючы вялікім аб’ёмам і прамым пастаўкам ад вытворцаў такія букетыкі там традыцыйна таннейшыя) і, разгарнуўшы, самастойна скласці прыгожыя фларыстычныя кампазіцыі. Проста падарыць набыты на касе прадуктовай крамы букецік — так сабе варыянт: зусім не пра рамантыку і наўрад ці пра каханне. Хутчэй пра жаданне «адкупіцца» ад традыцыі, якая не здаецца такому дарыльшчыку «добрай».

Ну а каб «залатыя» па цяперашніх часах кветкі прастаялі даўжэй, выбіраем нерасчыненыя цюльпаны (у ідэале — у фазе бутона, можна нават яшчэ зялёнага), а ружы — «у кашулі» (гэта ніжнія грубаватыя пялёсткі з зялёнымі прожылкамі. Калі іх абарвалі, верагодна, ружы не свежыя). Ну а наконт парады «не бярыце гатовыя букеты, у іх ідзе кветкавая «не кандыцыя», усё не так, кажуць прадаўцы. Па іх сцвярджэнні, парада гэтая даўно састарэла. «Некаторыя думаюць, што ў букеты мы выкарыстоўваем нераскупленыя рэшткі». Такое здаралася гадоў восем-дзесяць таму.

Сёння ў кветкавым бізнесе — велізарная канкурэнцыя, і ніхто не стане прадаваць фларыстычныя кампазіцыі, у якіх кветкі завянуць на наступны дзень, тлумачаць яны. Наадварот, букеты складаюцца так, каб іх не прыйшлося разбіраць праз некалькі дзён, выдаляючы звялыя бутоны. У гатовыя кампазіцыі выкарыстоўваюцца самыя буйныя і свежыя кветкі, каб кампазіцыя была больш аб’ёмнай і выглядала даражэйшай.

Зрэшты, гатовыя букеты — гэта ўжо сапраўды не пра эканомію. А вось кветкі ў скрынях — якраз пра яе. Да таго ж, гэта сучасна і экалагічна. У гэтым годзе ўжо ў канцы лютага выбар быў сапраўды шырокім: архідэі, гіяцынты, хрызантэмы, дробныя кустовыя ружы самых розных колераў і адценняў. Выглядае такі «букет» цалкам годна, а каштуе ў разы танней за кампазіцыі з кветак у зрэзцы. І пражыве значна больш доўгае жыццё. Кошт архідэі фаленопсіс у скрыні, напрыклад — у межах 27-30 рублёў, хрызантэмы — 22-24 рубля. У пошуках такога «кветкавага падарунка» можна наведаць, дарэчы, садовыя аддзелы будаўнічых гіпермаркетаў.

Яшчэ адзін варыянт — вырасціць кветкі з цыбуліны самастойна. Выганка — нескладаны комплекс мер для паскарэння працэсу вегетацыі, правераны дзесяцігоддзямі спосаб прымусіць расліны квітнець у патрэбны вам перыяд. Прарабіць такі фокус можна толькі з цыбульнымі і дробнацыбульнымі раслінамі — гэта гіяцынты, нарцысы, цюльпаны, мускары, крокусы, пушкініі. Але аб гэтым трэба было паклапаціцца загадзя.

А ці патрэбны кветкі?

І нарэшце, вы ўпэўненыя, што ваш «адрасат», то-бок тая жанчына, якой вы дорыце букет на 8 Сакавіка, сапраўды будзе яму рада? 

Магчыма, ваша жанчына да кветак абыякавая. У гэтым выпадку букет на Жаночы дзень... мабыць, усё ж патрэбны, але — сімвалічны. Многім паненкам, напрыклад, да душы «палявыя кветкі» (скажам, «псеўдапалявыя» рамонкавыя хрызантэмы: іх суквецці падобныя на рамонкі. Або гваздзічкі-шабо. Або ірысы). А вось з падарункам (не толькі ў гэтым выпадку, але ў гэтым — асабліва!) варта затлуміцца. І хай гэта будзе не кантрафактны парфум, набыты мімаходзь, па дарозе, і не рондалі-патэльнікі. Калі вы цвёрда вырашаеце для сябе не скочвацца на «банальшчыну», то зразумееце: ёсць дзясяткі спосабаў парадаваць дарагіх вам жанчын. Трэба толькі захацець. 

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.