Вы тут

Пайшоў з жыцця заснавальнік знакамітага Буйніцкага заасада Георгій Маліноўскі


Для Магілёўшчыны, ды і для ўсёй Беларусі, гэта вялікая страта. Георгія Маліноўскага шмат хто ведаў і цаніў. Са сваім прабіўным тэмпераментам ён рабіў немагчымае. Гэта ён пераканаў напрыканцы нулявых губернатара Барыса Батуру стварыць заасад. 


Фота lesgazeta.by

Ідэя была вельмі дзёрзкая, бо патрабавала шмат грашовых укладанняў. Але Барыс Васільевіч паверыў няўрымсліваму дырэктару каледжа. Сёння Магілеў ганарыцца сапраўднай жамчужынай, дзе на плошчы ў 160 гектараў можна сустрэць некалькі сотняў разнастайных жывёл. 

Гэта адначасова навуковая лабараторыя для навучэнцаў і вельмі цікавы аб’ект для турыстаў. Наведвальнікі могуць назіраць за жывёламі са спецыяльна абсталяваных пляцовак. Дзякуючы старанням Георгія Маліноўскага тут з’явілася нават невялічкая чыгунка і цягнічок, з вокнаў якога можна назіраць за зубрамі і іншымі жывёламі.

Буйніцкі заасад стаў прытулкам і для параненых дзікіх жывёл і птушак. Усе ведалі, як ставіцца Георгій Маліноўскі да братоў нашых меншых, таму і везлі яму іх з розных куточкаў вобласці, а ён усіх ратаваў. І кожнаму даваў імя.

Як чалавек з вялікім і чуллівым сэрцам, Георгій Мікалаевіч захоўваў памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны і ўдзельнікаў міжнародных ваенных канфліктаў. На тэрыторыі каледжа па яго ініцыятыве была адноўлена адзіная ў краіне лінія нямецкай абароны. 
Штогод на Дзень горада навучэнцы каледжа пераапранаюцца ў ваенную форму і рэканструююць подзвіг чырвонаармейцаў пад камандаваннем старшага лейтэнанта Івана Мяльнова, якія ў 1944-м штурмавалі гэту непрыступную вышыню. 
Георгій Маліноўскі працягваў ўдасканальваць гераічны аб’ект — ствараў пляцоўку «Дняпроўскі рубеж». Макеты ваеннай тэхнікі для яе рабілі выкладчыкі і навучэнцы. На жаль, давесці справу да канца не атрымалася. Як і ажыццявіць яшчэ адну задумку — пабудаваць пляцоўку часоў Паўночнай вайны. У гэтых мясцінах у 18 стагоддзі стаялі войскі шведскага караля Карла XII.

Георгій Маліноўскі ўшчыльную працаваў з пошукавікамі абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру», яны дапамагалі яму праводзіць маштабныя рэканструктарскія мерапрыемствы і стварыць адзіны на пастсавецкай прасторы музей імя Канстанціна Сіманава.

Шмат сваёй шырокай душы ён уклаў у стварэнне ўмоў для вучобы і адпачынку навучэнцаў. За болей чым 30 гадоў работы працы ў якасці кіраўніка Магілёўскага агралесатэхнічнага каледжа ён зрабіў адну з наймацнейшых у рэспубліцы матэрыяльна-тэхнічных баз з аўта- і трактарадромам, сучаснай тэхнікай, навуковай лабараторыяй, рэсурсным цэнтрам і гэтак далей. І марыў стварыць яшчэ шмат. 

Ён быў сябрам «Звязды» і дзяліўся з яе чытачамі самым патаемным. Яго біялагічныя 78 гадоў ніяк не ўвязваліся з юнацкім парывам. Ён быццам свяціўся знутры і натхняў сваёй энэргіяй іншых. І гэтага нам цяпер будзе вельмі не хапаць.

Дзейнасць Георгія Маліноўскага адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі, сярод якіх ордэн «Знак Пашаны», медаль «За доблесную працу», нагрудны знак «За заслугі ў развіцці прафтэхадукацыі». Ён ганаровы грамадзянін Магілёва і заслужаны работнік адукацыі РБ. А на плошчы Зорак у Магілёве ёсць і яго імянная зорачка.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.