Вы тут

Дзе шукаць беларускую скульптуру?


Калейдаскоп творчых адкрыццяў чакае наведвальнікаў фестывалю «Sculptfest». Праект падрыхтаваны секцыяй скульптуры ГА «Беларускі саюз мастакоў», яго мэта — прадставіць шырокай публіцы творцаў і іх творы, выкананыя ў розных жанрах і матэрыялах, пазнаёміць з новымі тэндэнцыямі ў сучаснай беларускай скульптуры. У рамках маштабнага мерапрыемства публіка пабачыць дзевяць выставачных экспазіцый, сярод якіх і персанальныя, і групавыя выстаўкі мастакоў з розных рэгіёнаў Беларусі.


— Сёлета нам захацелася прэзентаваць выяўленчае мастацтва ў розных яго відах і жанрах менавіта ў фармаце вялікіх фестываляў. Вядома, любая персанальная выстаўка — гэта добра і цікава, аднак калі ёсць магчымасць паказаць не толькі нейкую рэтраспекцыю, але і пэўны кірунак у мастацтве ва ўсёй яго разнастайнасці і зрабіць гэта, ахапіўшы самыя розныя пляцоўкі сталіцы, то, думаю, гэта сапраўды значная і яркая падзея. Нягледзячы на няпросты мінулы год і сёлетнія складанасці, хочацца, каб мастацтва жыло, дыхала і праяўляла сябе, — адзначыла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — І калі ўзнікла такая ідэя Саюза мастакоў і секцыі скульптуры, хацелася, каб гэта прагучала маштабна. Плюс і партнёры падтрымалі нас з цікавасцю і інтарэсам.

Старт фестывалю быў дадзены днямі ў Палацы мастацтваў. Тут прадстаўлена зборная выстаўка рэспубліканскага фармату. Можна вылучыць сем аўтарскіх павільёнаў. Як адзначаюць куратары фестывалю, яны імкнуліся абсталяваць камерныя прасторы, дзе глядач засяродзіцца на асобным мастаку і яго працах. Акрамя гэтага, убачыць разнастайнасць беларускай скульптуры можна на самых розных выставачных пляцоўках горада. У Гарадской мастацкай галерэі твораў Л. Д. Шчамялёва ўчора адкрылася выстаўка «Парнат. Скульптура». Яна знаёміць з творчасцю выкладчыкаў-скульптараў Дзяржаўнай установы адукацыі «Гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка». Ва ўсе часывыкладчыкаў тут аб'ядноўвае не толькі работа ў адной установе, але і любоў да прафесіі. У экспазіцыі работы скульптараў, якія праявілі сябе ў манументальнай, дэкаратыўнай, паркавай, станкавай скульптуры.

— За апошнія гады ў нашага калектыву секцыі скульптуры напрацаваны дастаткова вялікі вопыт. І гэта дазваляе нам выйсці за межы адной выставачнай залы. Напрыклад, традыцыйна мы ладзім зборную выстаўку, дзе побач размяшчаюцца абсалютна розныя майстры: мы не робім скідку ні на ўзрост, ні на статус аўтара. Гэта дазваляе кожнаму з нас убачыць сябе збоку, ацаніць уласную творчасць у кантэксце агульнага культурнага асяроддзя, — дзеліцца Іван Арцімовіч, член секцыі скульптуры БСМ, член куратарскай групы фестывалю. — Сучасная беларуская скульптура вельмі змянілася нават за апошняе дзесяцігоддзе. Мастакі пашырылі арсенал матэрыялаў, тэхнік. Яны ўжо не паказваюць рэчаіснасць у выглядзе фігуратыўнай карцінкі, а выкарыстоўваюць сімвалы, алегорыі, знаходзяцца ў пошуку новых зместаў і творчых рашэнняў. Мы жадаем дыялогу з аўдыторыяй, і яна ў пэўнай меры становіцца сааўтарам.

У праграме фестывалю кожная выстаўка заслугоўвае ўвагі і стане сапраўдным адкрыццём для гледачоў. Пры жаданні можна зладзіць сабе культурны марафон. Сярод іншага 5 красавіка ў галерэі «Мастацтва» адкрыецца выставачны праект Яўгена Колчава. У сценах Беларускай акадэміі мастацтваў нас чакае з 6 красавіка экспазіцыя работ студэнтаў і навучэнцаў, якія абралі для сябе ў якасці спецыялізацыі скульптуру і жадаюць праз гэты від мастацтва заявіць пра сябе і сваё бачанне свету. У Гістарычным музеі 7 красавіка наведвальнікаў чакае вялікі праект на гістарычную тэму. А праект анімалістыкі зможам наведаць у галерэі «Высокае месца» 8 красавіка. Выстаўка Дзмітрыя Аганава будзе прадстаўлена ўвазе наведвальнікаў у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў 9 красавіка. А выставачны праект Аляксандра Сакалова стане даступным для прагляду ў Музеі Азгура.

У пэўным сэнсе фестываль дае магчымасць узбагаціць кругагляд не толькі наведвальнікам, але і скульптарам. І справа не толькі ў тым, што можна прадэманстраваць уласную творчасць і вынікі працы — можна ацаніць сябе ў кантэксце часу, натхніцца альбо нават павучыцца ў калег.

— Для нас фестываль — гэта выклік, таму што такіх выставак мы ніколі не ладзілі. І зараз мне вельмі цікава працаваць з аўтарамі непасрэдна маёй тэматыкі — анімалістыкі. Мне здаецца, што для мінчан і гасцей сталіцы гэта сапраўды стане добрым падарункам: выстаўка шчырая, душэўная, — кажа Вольга Нячай, член секцыі скульптуры БСМ, член куратарскай групы фестывалю. — Мы імкнуліся ахапіць як мага болей абласцей. Тое, што ў нас выстаўляецца не толькі Мінск, было нашым рашэннем яшчэ на стадыі канцэпцыі, бо многіх аўтараў, якія жывуць не ў Мінску, мы амаль не бачым, кожны з іх стварае нібы ў сваім свеце. А тут мы імкнёмся да пэўнага аб'яднання.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.