Вы тут

Які глыбінны сэнс змяшчае фраза «Хрыстос уваскрос!»


Штогод у тысячах храмаў па ўсім свеце раздаецца звон, абвяшчаючы аб Уваскрэсенні Хрыстовым. Вялікдзень для хрысціян — сімвал і сведчанне перамогі жыцця над смерцю. У гэтым годзе праваслаўныя святкуюць яго 2 мая.


pixabay.com

Вялікдзень — галоўнае свята ў царкоўным календары. Кожны год яно прыходзіць у розны час: дата яго святкавання не мае дакладна ўстаноўленага дня. Згодна з царкоўным канонам, Уваскрэсенне Хрыстова спраўляюць вясной у першую нядзелю пасля поўні, якая надыходзіць услед за вясновым раўнадзенствам. І, згодна з канонам, 40 дзён з Вялікадня вернікі вітаюць адзін аднаго словамі: «Хрыстос уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!»

— Свята са святаў і ўрачыстасць з урачыстасцяў — так кажуць пра Вялікдзень, — распавядае настаяцель прыхода храма Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску, святар Аляксандр (Пальчэўскі).

Дзень вялікай радасці

Сакральны сэнс свята Вялікадня нязменны з часоў апосталаў: Сын Божы добраахвотна пайшоў на крыж і, прыняўшы смерць, уваскрос, пазбавіўшы людзей ад граху.

— «Пасха» — грэчаскае слова, яно паходзіць ад старажытнаяўрэйскай назвы свята «песах», — распавядае святар. — Гэтае свята існавала яшчэ ў дахрысціянскія часы. Стары Запавет апісвае вызваленне яўрэяў з егіпецкага палону, і ў гонар гэтай падзеі яўрэі ўпершыню здзейснілі свята Пасхі. Само ж слова «песах» перакладаецца як «праходжанне міма». У Святым Пісанні сказана, што фараон не хацеў адпускаць яўрэйскі народ, і ў пакаранне Гасподзь наслаў на прыгнятальнікаў кары егіпецкія. І апошняе няшчасце, якое абрынулася на егіпцян, было такім: кожнае першае ў сям'і дзіця павінна было загінуць. А каб пазбавіць смерці яўрэйскіх дзяцей, Гасподзь загадаў яўрэям зрабіць на сваіх дзвярах знак крывёю ягняці (агнца). Бачачы гэты знак, анёл смерці праходзіў міма. Гэтая гісторыя мае працяг і ў Новым Запавеце: тут Агнцам мы называем Ісуса Хрыста, збавіцельны подзвіг якога выратаваў чалавека ад граху, праклёну і смерці. Як яўрэі былі пазбаўлены рабства ў Егіпце, так і Гасподзь, прыйшоўшы ў гэты свет і стаўшы Богачалавекам, прынёс сябе ў ахвяру за грахі ўсяго чалавецтва і пазбавіў усіх людзей рабства граху.

— Што азначае фраза, якую часта згадваюць у сувязі з Уваскрэсеннем Хрыста: «Смерцю смерць адолеўшы»?

— Сваёй смерцю Ісус Хрыстос перамог і знішчыў вечную смерць. У гэтым сутнасць свята. Уся гісторыя, апісаная ў Старым Запавеце, была падрыхтоўкай да прышэсця Хрыста ў свет, да Яго смерці на крыжы і Уваскрэсення. І ўжо больш за дзве тысячы гадоў людзі святкуюць Вялікдзень, які стаў сімвалам адкрыцця для чалавека Царства Нябеснага і магчымасці для кожнага выратавання і поўнага яднання з Богам.

Урачыстае богаслужэнне

Дзень Светлага Хрыстова Уваскрэсення — час асаблівай урачыстасці і духоўнай радасці. Вернікі збіраюцца на богаслужэнне, якое доўжыцца ўсю ноч, каб праслаўляць уваскрослага Хрыста, а ўвесь Светлы тыдзень святкуецца «як адзін дзень». Богаслужэнні Светлага тыдня блізкія па ўрачыстасці да начнога велікоднага.

Гэтае свята — урачысты ўспамін Уваскрэсення Ісуса Хрыста на трэці дзень пасля яго пакут і смерці. Зняцце з крыжа і пахаванне Госпада былі здзейснены ўвечары ў пятніцу. Паколькі субота была ў іўдзеяў днём спакою, жанчыны, якія суправаджалі Госпада і Яго вучняў з Галілеі, сведкі Яго пакут і смерці, прыйшлі да Магілы Гасподняй толькі праз дзень: на досвітку таго дня, які мы цяпер называем нядзеляй. Але труна была пустая, а анёл абвясціў тым, хто прыйшоў, што Хрыстос уваскрос.

— Не пабываўшы ў царкве, немагчыма адчуць сэнс і змест гэтага свята. Самым галоўным выяўленнем і ажыццяўленнем урачыстасці з'яўляецца ўдзел у святочным богаслужэнні, — кажа айцец Аляксандр. — Асвячэнне кулічоў і яек павінна стаць толькі часткай начной службы. Здзейсніць святкаванне Вялікадня, знаходзячыся дома за святочным сталом, без кантэксту царкоўных традыцый (або замяняючы іх народнымі, якія часта не маюць сваёй крыніцай царкву), немагчыма.

Велікодная служба пачынаецца з вечара суботы і працягваецца ўсю нядзельную ноч. Апоўначы раздаецца звон (благавест), і адначасова з яго ўрачыстымі гукамі запальваюцца ўсе свечкі ў храме. Святары ў светлым адзенні, з крыжам, свяцільнямі і фіміямам выходзяць з алтара, спяваюць сціхіру разам з прысутнымі, а затым здзяйсняюць хрэсны ход вакол царквы. Напрыканцы святочнай літургіі асвячаецца артас — хлеб з выявай крыжа і цярновага вянка.

— Падрыхтоўку да Вялікадня праваслаўны хрысціянін пачынае задоўга да свята. Вялікі пост напоўнены тэкстамі і богаслужэннямі, што настройваюць і падводзяць да разумення глыбіннага сэнсу Вялікадня, — распавядае Аляксандр Пальчэўскі. — У Страсны тыдзень — перад самым Вялікаднем — кожны дзень прысвечаны ўспаміну апошніх дзён і гадзін жыцця Ісуса Хрыста. Усё гэта варта разглядаць як адно цэлае — Вялікі пост, Страсны тыдзень і Уваскрэсенне Госпада. Не ўсе ведаюць, што свята Вялікадня доўжыцца на працягу 40 дзён, да дня Узнясення Гасподняга. На працягу 40 дзён пасля свайго ўваскрэсення Гасподзь з'яўляўся да апосталаў, падтрымліваў іх і адкрываў ім таямніцы Царства Нябеснага. І ўсе гэтыя сорак дзён мы вітаем адзін аднаго словамі «Хрыстос уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!».

Сімвал Божай Прысутнасці

Па старадаўняй традыцыі, сімвалы Вялікадня — гэта куліч і фарбаваныя яйкі. Гэтыя стравы папярэдне асвячаюцца ў царкве. Здобны велікодны куліч сімвалізуе прысутнасць Госпада ва ўсіх зямных справах, яго клопат аб кожным з тых, хто жыве на зямлі.

— Куліч звязаны з богаслужбовай традыцыяй — з артасам, святым хлебам, які выпякаецца ў царкве да Вялікадня і раздаецца вернікам. Артас — частка велікоднага богаслужэння. На працягу Светлага тыдня — першага пасля Вялікадня — ён урачыста выносіцца і прымае ўдзел у хрэсным ходзе. Гэтая традыцыя ўзыходзіць да тых часоў, калі пасля ўваскрэсення Хрыста апосталы, збіраючыся разам для малітвы і першых богаслужэнняў, пакідалі для Госпада месца за сталом і кавалачак хлеба, які сімвалізаваў яго нябачную прысутнасць сярод вучняў. А куліч, які пякуць у кожным доме да Вялікадня і потым асвячаюць, — правобраз артаса, які сімвалізуе прысутнасць Госпада за кожным велікодным сталом.

Куліч — сімвал Божай спагады і міласэрнасці. У рэцэпт куліча па традыцыі ўваходзяць разынкі, арэхі, мёд.

Вечнае жыццё і адраджэнне

Яйкі на велікодным стале сімвалізуюць пачатак новага жыцця і надзею на ўсеагульнае будучае ўваскрэсенне. Найбольш распаўсюджаны колер велікодных яек, чырвоны, — сімвал Божай Любові, што перамагае сілы зла. У старажытнасці на Вялікдзень яйкі фарбавалі толькі ў чырвоны колер розных адценняў. І толькі з часам былі прыдуманы «фарбаванкі» і «пісанкі» — яйкі — творы мастацтва, упрыгожаныя кветкавымі ўзорамі, арнаментам і нават мініяцюрнымі ілюстрацыямі да Евангелля.

— У аснове традыцыі фарбаваць яйкі на Вялікдзень — гісторыя, звязаная з Марыяй Магдалінай. Паводле Святога Пісання, яна распавяла рымскаму імператару Тыберыю аб Уваскрэсенні Хрыстовым. Венцаносец сказаў, паказаўшы на вараныя курыныя яйкі: «Я паверу ў гэта, толькі калі гэтыя яйкі стануць чырвонымі». І тут жа шкарлупіна яек пачырванела. Чырвоны колер яечнай шкарлупіны — гэта колер крыві, якую Гасподзь праліў на крыжы ў імя выратавання чалавецтва. Але дапушчальна фарбаваць яйкі і ў іншыя колеры, гэта не патрабаванне царкоўных канонаў, а асаблівасці свята.

Час добрых спраў

З Уваскрэсеннем Гасподнім звязана шмат добрых звычаяў. Бо справы, якія здзяйсняюцца на карысць тых, хто абдзелены лёсам, дапамагаюць зняць з душы грэх. У велікодныя дні ніхто не павінен быць галодны і абдзелены радасцю. У гэтыя дні па традыцыі раздаваліся дарункі тым, хто жыве ў беднасці і нястачы. Не абдзяляліся і вандроўныя жабракі, бо ад Вялікадня да Узнясення вандруе па зямлі Хрыстос з апосталамі, выпрабоўваючы міласэрнасць і дабрыню кожнага. Так што, пашкадаваўшы міласці, ты можаш адмовіць самому Сыну Божаму.

— Але самае галоўнае, — кажа святар, — у цэнтры свята павінен быць Гасподзь і ўсё, што звязана з яго смерцю і Уваскрэсеннем. Усё тое, што ён зрабіў дзеля нашага выратавання. Часта ў сучаснай культуры на царкоўныя святы ладзяцца забаўляльныя мерапрыемствы, але мала хто кажа аб самым галоўным — аб Хрысце. Калі ператварыць Вялікдзень проста ў сямейныя вячоркі, сапраўдны змест свята будзе згублены. Вельмі важна на Вялікдзень пачытаць і паразважаць самому, пагаварыць са сваімі блізкімі, з дзецьмі пра сэнс і змест свята: чаму ўваскрос Хрыстос, што гэта змяніла і на што паўплывала? За словамі «Хрыстос уваскрос!», якія мы прамаўляем на Вялікдзень, для кожнага з нас павінен стаяць глыбокі ўнутраны змест.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Перамога жыцця над смерцю

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як правільна аднаўляцца пасля COVІD-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVІD-19?

Парады на гэты конт дала ўрач-тэрапеўт першай катэгорыі Юлія Кажэўнікава.

У свеце

Навошта мілітарызуецца Польшча?

Навошта мілітарызуецца Польшча?

Днямі на захадзе Польшчы прайшлі міжнародныя вучэнні Resolute Castle-21.

Грамадства

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Курыца — самая папулярная і даступная сёння па цане мясная страва.