Вы тут

«Каманда Будучыні» прымерылася да ролі сенатараў


З пераможцамі адмысловага конкурсу, які арганізаваў Маладзёжны парламент, сустрэлася сёння старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА.


Ганна Казлова з Віцебска, Андрэй Будэйка з Гомеля і мінчанка Настасся Рэуцкая правялі працоўны дзень у Савеце Рэспублікі. Такую магчымасць маладыя людзі атрымалі як пераможцы нацыянальнага праекта «Каманда Будучыні». Гэты конкурс накіраваны на пошук, развіццё і падтрымку перспектыўных лідараў, якія валодаюць высокім узроўнем асабістых якасцяў і кампетэнцый кіраўніка.

Дарэчы, ідэя правядзення гэтага конкурсу была агучана на шостым Усебеларускім народным сходзе.

Падчас сустрэчы са спікерам верхняй палаты парламента Наталляй Качанавай маладыя людзі даведаліся аб яе працоўным графіку, паўдзельнічалі ў пасяджэнні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы і сацыяльным развіцці, пазнаёміліся з тым, як разглядаюцца законапраекты падчас пасяджэння сесіі.

— Зараз у нас сесійны перыяд — гэта работа над законапраектамі, — патлумачыла спікер верхняй палаты парламента. — І яны вельмі важныя: закон аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, абароне персанальных дадзеных і іншыя — тое, што падказала жыццё. Гэта вельмі актуальныя пытанні, аб якіх яшчэ ўчора не маглі і падумаць. Таму мы павінны працаваць на апярэджанне.

Яна патлумачыла, што разгляд законапраектаў у Савеце Рэспублікі — гэта ўжо фінішны этап, напярэдадні якога сенатары працавалі разам з парламентарыямі, нават не абышлося без дэбатаў.

Акрамя таго, спікер верхняй палаты акцэнтавала ўвагу на тым, што сенатары вельмі шчыльна працуюць з моладдзю, таму што імкнуцца дагрукацца да кожнага.

Трэба ўмець цаніць тое, чаго дасягнула наша краіна, захаваць яе суверэнітэт і перадаць здабыткі будучым пакаленням, — падкрэсліла Наталля Качанава.    

Вяртаючыся да правядзення конкурсу, які дазволіў маладым людзям адчуць сябе ў ролі сенатараў: ён мае на ўвазе фарміраванне ва ўдзельнікаў кампетэнцый у галіне кіравання, у тым ліку праз навучанне, стварэнне камунікацыйнай пляцоўкі для абмену вопытам паміж удзельнікамі і распаўсюджанне лепшых практык.

Нагадаем, што з 11 па 26 сакавіка праходзіў конкурс па кірунку «Палітыка», вынікі якога былі падведзены ў межах першага Беларускага маладзёжнага парламенцкага форума. Паўдзельнічаць у конкурсе маглі маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 31 года, якія жывуць у Беларусі і маюць вопыт грамадскай дзейнасці. Тыя, хто меў жаданне паўдзельнічаць, праходзілі анлайн-рэгістрацыю на сайце Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе і накіроўвалі свой аўтарскі праект на тэму фарміравання і работы з маладымі палітычнымі лідарамі нашай краіны.

Да ўдзелу на першым этапе былі дапушчаны праекты, якія рэалізуюцца ў цяперашні час ці яшчэ плануюцца да рэалізацыі. Такім чынам на першым этапе былі пададзены каля ста праектаў, з якіх да ўдзелу ў паўфінал прайшлі 40 ідэй. Далей быў арганізаваны афлайн-фармат, пад час якога арганізатары абралі 15 фіналістаў. Ідэі канкурсантаў на гэтым этапе разглядаў экспертны савет з ліку членаў Савета Рэспублікі, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і грамадскасці. Па выніках комплекснай ацэнкі экспертным саветам былі вызначаны тры пераможцы этапу «Палітыка». Так, Настасся Рэуцкая прапанавала да рэалізацыі праект па навучанні аратарскаму майстэрству маладых лідараў, Ганна Казлова — праект «Беларусь без межаў», дзе беларуская моладзь расказвае замежным аднагодкам аб сваёй краіне, яе дасягненнях і здабытках (такі своеасаблівы маўленчы клуб) і Андрэй Будэйка — праект школы інклюзіўнага лідарства.

Адзначым, што на конкурсе ўдзельнікі выконвалі заданні і праходзілі комплексную ацэнку агульных ведаў, інтэлектуальных здольнасцяў, кіраўнічага патэнцыялу, лідарскіх якасцяў і прафесійных кампетэнцый (падрыхтоўка праекта па зададзенай тэматыцы, тэсціраванне, праходжанне інтэрв’ю, прэзентацыя праекта і іншыя).

Трэба сказаць, што аналагічныя конкурсныя адборы павінны прайсці па ўсіх кірунках дзейнасці: наступны этап ахопіць сферу медыцыны.

Вольга АНУФРЫЕВА, фота БелТА і аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.