Вы тут

Нджамена ў камуфляжы. Што адбываецца ў Чадзе?


Вайскоўцы атрымалі ўладу ў Чадзе пасля смерці 68-гадовага прэзідэнта гэтай цэнтральнаафрыканскай дзяржавы Ідрыса Дэбі Ітна. Ён загінуў падчас баявых дзеянняў супраць групоўкі «Фронт перамен і згоды ў Чадзе» (FACT). Аб гэтым паведаміла Reuters. У краіне быў створаны новы орган — Пераходны ваенны савет, у які ўвайшлі блізкія колішняму прэзідэнту 15 вышэйшых генералаў на чале з 37-гадовым сынам загінулага Махаматам Ідрысам Дэбі (Кака). Стала вядома, што савет павінен будзе адпрацаваць 18 месяцаў — да правядзення новых выбараў. Французскія СМІ паведамлялі, што спачатку ваенныя нібыта прапаноўвалі спікеру парламента Харуну Кабадзі ажыццяўляць паўнамоцтвы прэзідэнта, як гэта прапісана ў канстытуцыі, але той адмовіўся і падтрымаў перадачу ўлады часоваму органу. Тым часам баевікі FACT, якія пацярпелі разгромнае паражэнне ў баях з чадскай арміяй (падчас якіх і загінуў Ідрыс Дэбі Ітна), заявілі пра разгортванне новага наступлення на сталіцу краіны Нджамену. У такой сітуацыі вайскоўцы ўвялі каменданцкую гадзіну з 18.00 да 5.00, закрылі межы і распусцілі парламент і ўрад краіны. Куды рушыць Чад?


Ад пастуха да маршала

Сын пастуха Ідрыс Дэбі Ітна быў быў важнай фігурай і для Чада, і ў маштабе ўсяго рэгіёна, заўважыла «Бі-бі-сі». Ён атрымаў дыплом дэсантніка і кваліфікацыю пілота ў Францыі. У 1979-м пасля вучобы ў Парыжы вярнуўся ў Чад, дзе падтрымаў групоўку Хісэна Хабрэ «Ваенныя сілы Поўначы», якая выступіла супраць урада. За гэта быў адразу прызначаны начальнікам штаба групоўкі, а пасля яе перамогі ў 1982-м атрымаў пасаду камандуючага ўзброенымі сіламі рэспублікі. Праз пяць гадоў Ідрыс Дэбі стаў саветнікам прэзідэнта па пытаннях бяспекі і абароны, але ў 1989-м ён і яшчэ некалькі вышэйшых афіцэраў былі абвінавачаны ў спробе дзяржаўнага перавароту. Ідрысу Дэбі ўдалося збегчы ў Судан. Ён здолеў аб'яднаць апазіцыйныя сілы, стварыўшы Патрыятычны рух выратавання (ПРВ), чые атрады ў лістападзе 1990 года ўвайшлі ў Чад. Хісэн Хабрэ збег з краіны, а Ідрыс Дэбі ўзначаліў часовы савет. Праз некалькі месяцаў ён афіцыйна быў абвешчаны прэзідэнтам, а ў далейшым неаднаразова выйграваў выбары. Летась яму быў прысвоены тытул маршала.

Рэдкая з'ява

Аб смерці Ідрыса Дэбі Ітна стала вядома на наступны дзень пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, у якіх ён прымаў удзел ужо шосты раз. Па выніках галасавання ён набраў амаль 80 працэнтаў галасоў. 11 красавіка, у дзень выбараў, FACT пачала наступленне на сталіцу краіны. Гэтая групоўка колькасцю ад 700 да 1,5 тысячы баевікоў была створана ў 2016 годзе ў выніку расколу паўстанцкага «Саюза сіл за дэмакратыю і развіццё». Базай FACT стала Лівія. Групоўка ваявала супраць Лівійскай нацыянальнай арміі (ЛНА) Халіфы Хафтара. Больш за тое, групоўцы ўдалося прыцягнуць у свае шэрагі і частку чадскіх наймітаў, якія змагаліся за Хафтара. У 2017 годзе FACT заключыў пакт аб ненападзенні з ЛНА, і яму дазволілі застацца ў раёне Эль-Джуфра. Менавіта адтуль пачалося наступленне баевікоў на Чад.

У некаторых СМІ з'явіліся версіі, што FACT вырашыў пакінуць Лівію пасля таго, як у выніку нацыянальнага дыялогу ў гэтай краіне было прынята рашэнне аб сыходзе з лівійскай тэрыторыі ўсіх наймітаў. Прэзідэнт Дэбі, які перажыў некалькі спроб ваенных пераваротаў і захопаў улады апазіцыяй, асабіста адправіўся на фронт.

«Ідрыс Дэбі стаў вядомы як прэзідэнт-воін — з'ява рэдкая. Ён быў поўнай супрацьлегласцю тым, каго называюць «паркетнымі генераламі»: меў дыплом лётчыка і калісьці прымаў актыўны ўдзел у баявых дзеяннях на баку паўстанцаў, — адзначыў афрыканскі карэспандэнт «Бі-бі-сі» Эндру Хардзінг. — Больш за 30 гадоў ён знаходзіўся ва ўладзе ў Чадзе — краіне з велізарнай тэрыторыяй, якая часткова размешчана ў пустыні Сахара і мяжуе з дзяржавамі, дзе працягваюцца адны з самых доўгіх канфліктаў у рэгіёне. Дэбі быў уцягнуты ва ўсе гэтыя войны: ад Дарфура да Лівіі, Малі, Нігерыі і Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі. Яго войскі былі загартаваны ў баях, як мала хто ў свеце».

Аперацыя «Барханы»

Заходнія краіны разглядалі Ідрыса Дэбі як саюзніка ў барацьбе з тэрарыстычнымі групоўкамі, уключаючы «Бока Харам», «Аль-Каіду» і «Ісламскую дзяржаву». Найбольш шчыльныя сувязі былі ў прэзідэнта з Францыяй, больш за тое, яго называлі самым верным саюзнікам і правадніком інтарэсаў Парыжа ў рэгіёне. У апублікаваным адразу пасля смерці прэзідэнта камюніке Елісейскага палаца Ідрыс Дэбі Ітна назвалі «адважным сябрам», які «працаваў над стабільнасцю ў рэгіёне». Парыж разглядае Чад у якасці ключавога саюзніка ў барацьбе з джыхадзістамі ў афрыканскім рэгіёне Сахель. У 2014 годзе Францыя размясціла ў гэтай краіне частку сваіх узброеных сіл, якія былі задзейнічаны ў аперацыі «Барханы». Французская авіяцыя неаднаразова папярэджвала ўлады Чада аб наступленні паўстанцаў і двойчы (у 2008-м пры Нікаля Сарказі і ў 2019-м пры Эманюэлі Макроне) аказвала ваенную дапамогу рэжыму.

Дарэчы, Макрон наведаў Нджамену, каб прыняць удзел у пахаванні Ідрыса Дэбі Ітна. Французскі лідар таксама сустрэўся з прэзідэнтамі краін Сахеля і заявіў аб падтрымцы пераходнага ваеннага савета, які прыйшоў да ўлады ў Чадзе, паведаміла rfі.fr.

«Францыя нікому не дазволіць ні сёння, ні заўтра паставіць пад пагрозу стабільнасць і цэласнасць Чада», — паабяцаў французскі лідар. Міжнародныя партнёры Чада выказалі падтрымку абвешчанаму у краіне ваенна-грамадзянскаму пераходнаму працэсу.

Эксперты выказваюць шэраг версій наконт таго, што адбылося. У прыватнасці, лічаць, што гібель прэзідэнта Рэспублікі Чад адкрывае для ЗША магчымасць паступова выцесніць з рэгіёна сваіх канкурэнтаў. Паралельна Вашынгтон плануе нарошчваць намаганні ў Лівіі, Нігеры і Судане, заўважыў polіtros.com ваенны эксперт Андрэй Пракаяў. «Цяперашнім планам Вашынгтона ў Паўночнай Афрыцы больш-менш стабільны Чад толькі перашкаджаў, — заявіў эксперт. Па яго меркаванні, «смерць чадскага лідара дазваляе Беламу Дому не проста працягнуць палітыку акуратнага і паступовага выцяснення канкурэнтаў з рэгіёна, а навязаць і апраўдаць сваю прысутнасць у Лівіі і Судане. Менавіта ЗША з'яўляюцца найбуйнейшым бенефіцыярам цяперашняй сітуацыі».

Крохкая стабільнасць

Што ж адбываецца цяпер? «У нейкім сэнсе становішча на час стабілізавалася. Кака — малады, але ўжо досыць дасведчаны военачальнік, ён лічыўся «вачамі і вушамі бацькі». У прыватнасці, ён узначальваў DGSSІE — уплывовую сілавую структуру, якая спалучае функцыі элітных падраздзяленняў узброеных сіл, спецназа, ФСБ і ФСА, суправаджаў бацьку «ў палях», змагаўся з мяцежнымі племяннымі рухамі ў Цібесці і ў басейне Чада з «Бока харам», — адзначыў gazeta.ru афрыканіст Антон Целуноў.

Ідрыс Дэбі выбудоўваў асабістыя адносіны не толькі з кіраўнікамі дзяржаў, але і з кіраўнікамі суполак і плямёнаў, што крытычна важна ў стрымліванні фронту супраць «Бока харам». «Самае сумнае, што гэтыя адносіны проста нельга па эстафеце перадаць сыну, — іх трэба будаваць нанова. Чадская армія — аснова сістэмы бяспекі ў Сахельска-Сахарскім рэгіёне, і наступствы ўжо пачаліся. Праўда, мы яшчэ не можам да канца разумець, якія менавіта», — перакананы эксперт.

Так, пасля смерці Ідрыса 1200 салдат вярнулі ў сталіцу з праблемнай зоны трох граніц паміж Буркіна-Фасо, Нігерам і Малі. Гэта ўжо прывяло да таго, што ў нігерскім раёне Тылаберы істотна ўмацаваліся звязаныя з ІД структуры. «Чадскі кантынгент у складзе розных місій — самы брутальны і самы баяздольны. Так што вывад чадскіх вайскоўцаў можа як паслабіць напружанне ў зонах міжабшчынных сутыкненняў, так і ўзмацніць канфлікт і ўмацаваць тэрарыстаў», — лічыць Антон Целуноў.

Ён таксама не выключыў пачатку барацьбы за ўладу ў самым Чадзе, у тым ліку ўнутры сям'і прэзідэнта. Акрамя 37-гадовага генерала Махамата Ідрыса Дэбі, які ўзначаліў часовы савет, у прэзідэнта ёсць яшчэ адзін сын ад другой жонкі — 29-гадовы палкоўнік Абдэлькерым Ідрыс Дэбі. Па словах эксперта, «сям'ю» таксама трывожыць «фактар Эрдымі» — гаворка ідзе пра пляменніка прэзідэнта Цімана Эрдымі, які жыве ў выгнанні ў Катары. Мяркуецца, што ён стаіць за паўстанцкай актыўнасцю і ўзброенай апазіцыяй.

Тым часам, як паведаміў тэлеканал Tchad24, колішні прэм'ер Альбер Пахімі Падаке быў прызначаны кіраўніком урада пераходнага перыяду. Чад адкрыў паветраныя і наземныя граніцы з іншымі краінамі. Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік арміі краіны генерал Азем Бермандоа Агуна, прынята рашэнне аб скарачэнні часу дзеяння каменданцкай гадзіны. Таксама, як паведаміла РІА «Навіны», падчас пратэстаў супраць Пераходнага ваеннага савета з'явіліся ахвяры.

Захар БУРАК

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.